МАСКВА ХОЧА ЗАМЯНІЦЬ ГРУПОЎКУ ВАКОЛ ЦІХАНОЎСКАЙ НА ІНШУЮ АГЕНТУРУ ПАД ВЫГЛЯДАМ СТВАРЭНЬНЯ БЕЛАРУСКАГА НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВОЛЬНАГА РУХУ
(Ліст сябрам Адраджэньня)
Такія намеры абумоўлены тупіковым становішчам штабной групы, расчараваньнем у асяроддзі прыхільнікаў і (галоўнае) -- крытычным асэнсаваньнем (з боку разумных беларусаў) шкоднасьці існаваньня такой групоўкі. Настроі замежжа (і ў Беларусі таксама) пачалі хіліцца ў бок нацыянальных каштоўнасьцяў. У выніку агентура стала працаваць на апераджэньне. Узьніклі "форумы" так званых "дэмсілаў" і адмоўныя ацэнкі на гэтых "форумах" офіса Ціханоўскай. (Спосаб агентурнага вырашэньня сваёй праблемы)
Характэрным узорам такой "разгромнай" ацэнкі зьяўляецца відэаматэрыял вядомай асобы з усходу Дзімітрыя Балкунца. Тут інтэрв'ю з удзельнікам "офіса" Ціханоўскай малазнаным да гэтага часу спадаром Дзімітрыем Скіндзеравым. Спадар Скіндзераў раскрыў усе сакрэты Палішынэля і пра вярбоўку Ціханоўскай, і пра атрыманьне грошай (15 тысячаў даляраў) ад Лукашэнкі, і пра агентурнасьць усёй публікі ў штаце гэтай групы. (Гл. https://www.youtube.com/watch?v=3gyrKzQRL6E )
На 8-9-ы жнівень група (штаб) вакол Ціханоўскай аб'явіў пра канферэнцыю дэмакратычных сіл з намерам падрыхтаваць абставіны для кангрэса, на якім штабісты планавалі б стварыць нібыта нацыянальна-вызвольны псэўда-рух з групнікамі начале.
Другая група агентуры (Цапкала, Латушка і інш.) хацела б рэарганізаваць "офіс", выціснуць зь яго штабістаў, заняць іхняе месца (допуск да фінансаў) і зноў жа -- аб'явіць пра нібыта нацыянальна-вызвольны рух і пра стварэньне ўраду народнага даверу.
На канферэнцыі з гэтага нічога не атрымаецца. Але пагроза аб'яўленьня ў будучым псэўда-руху і агентурнага камуфляжу застанецца.
Беларускі Вызвольны Рух "Вольная Беларусь" (супраць якога па замоўчваньню таксама накіравана штабісцкая групавая ініцыятыва) разьвіваецца, як і далей. Крызіс адносінаў у асяроддзі групнікаў будзе ўлічаны Нацыянальным Сакратарыятам дзеля якаснага афармленьня і пашырэньня беларускага руху. Пытаньне часу. Маскоўскае шкодніцтва і агентурны палітбізнэс будзе зьмецены з грамадзкай мапы Беларусі.
Падтрымлівайце Беларускую нацыянальную ідэю "Адраджэньне" і нацыянальна-вызвольныя прынцыпы руху "Вольная Беларусь". Стварайце суполкі, арганізацыі, ініцыятывы.
Жыве Беларусь! Слава Айчыне!
2 жнівень 2022 г. Зянон ПАЗЬНЯК