ПРА “АБ'ЯДНАНЬНЕ ЎСІХ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ”
Пэрыядычна ў Беларусі і сярод беларусаў за мяжой і, звычайна, у таталітарных рэжымах зноў і зноў узьнікае пытаньне пра "аб'яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў". Пра сутнасьць такіх намераў даўно вядома, але варта паўтарыць.
"Аб'яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў" -- гэта тыповы антыдэмакратычны таталітарны тэзіс, які зьяўляецца, як правіла, у аўтарытарных і таталітарных краінах з слабым узроўнем дэмакратыі і ўсталяваным кантролем спэцслужбаў над грамадзтвам.
Дэмакратыя прадугледжвае множнасьць пазыцый і арганізацый, стварае такім чынам дэмакратычную грамадзянскую супольнасьць, якая адлюстроўвае шырокі спэктар грамадзтва. У гэтым -- прырода і структурная сутнасьць дэмакратычнага грамадзтва. Яно па прыродзе сваёй ня можа стаць уніфікаваным.
Заклікі да аб'яднаньня ўсіх дэмакратычных арганізацыяў (партыяў і т. п.) у адну форму дзеля быццам бы лепшага змаганьня супраць улады з аргумэнтацыяй, што аб'яднаньне павялічыць моц, -- такія прапановы, як правіла (і першым чынам), зыходзяць ад агентуры рэжыму ўлады і наступнае -- ад палітычна маладасьведчаных людзей (звычайна толькі з тэарэтычным багажом паняцьцяў), якія часта зьяўляюцца агентамі ўплыву з боку структураў рэжыму.
Для рэжыму ўлады і агентуры рэжыму (спэцслужбаў і палітычнага сыску) злучэньне дэмакратычнай множнасьці ў адну форму значна палягчае кантроль над людзьмі і ўплыў на дзеяньні аб'яднанай арганізацыі. Для антынароднага палітычнага рэжыму ўніфікацыя апазыцыйных арганізацый і суполак у адну сілу аблягчае таксама правядзеньне рэпрэсіяў і ў часы палітычнага абвастрэньня ці крызісу дае магчымасьць адным махам забараніць і разграміць усё. Пры множнасьці такое зрабіць, практычна, не магчыма без вялікага скандалу (не ў карысьць улады) і вымагае доўгага часу (асобныя працэсы, сьледзтва, аргумэнтацыя і т. п.).
У звыклай (сістэмнай) грамадзкай сітуацыі ўніфікацыя дэмакратычных арганізацыяў не адбываецца, ня гледзячы на стараньні агентуры, "тэарэтыкаў" і прастакоў. Яна ў звыклай сітуацыі ў прынцыпе не патрэбная.
Тым часам у час выбараў у дэмакратычнай краіне, дзе дзейнічаюць законы, магчымае часовае кааліцыйнае злучэньне арганізацыяў (партыяў) ў пэрыяд выбарчай кампаніі ў парлямант і ў час дзейнасьці ў парляманце.
Такая кааліцыя заўсёды абмежавана і прадвызначана часовымі рамкамі, часовымі задачамі і тэрмінамі і будуецца не на прынцыпах, а на кампрамісах. Адзінства яе ўмоўнае. Гэта ня ёсьць аб'яднаньне, але толькі парляманцкая форма дзейнасьці розных арганізацыяў (партыяў).
Падсумоўваючы напісанае і камэнтуючы чарговую афёру з быццам бы аб'яднаньнем прарасейскіх, завязаных на чужыя датацыі груп, у нібыта беларускі нацыянальна-вызвольны рух, трэба адзначыць ужо вядомую па прыродзе зьявы пустапарожнасьць такой задумы. Стварэньне нацыянальна-вызвольнага руху магчымае толькі на нацыянальных прынцыпах (якія найперш мусяць быць), а не на надзяваньні беларускіх нацыянальных масак і на разьмеркаваньні чужых датацый.
Нядаўна пра такую чарговую падставу аб'явілі групнікі псэўдапазыцыі (Латушка-Ціханоўская-Цапкала). З прафанацыі нічога не атрымаецца. Рэальны нацыянальна-вызвольны рух не ствараецца "раймонамі".
Тут у прафанатараў дзьве задачы: імітаваць"дзейнасьць" і атрымаць гранты, і наступная -- галоўная -- заблытаць беларусаў, якія шукаюць беларускіх шляхоў да нацыянальнага вызваленьня, адвярнуць іх (хоць бы часова) ад нацыянальна-вызвольнага руху "Вольная Беларусь".
Але і тут у іх не атрымаецца. Нацыянальна-вызвольны рух не ствараецца зь верху і абы кім. Нацыянальна-вызвольны рух разьвіваецца зьнізу, калі ёсьць агульныя нацыянальныя прынцыпы руху і пасьлядоўнікі. Сьцяг "Вольнай Беларусі" даўно падняты, праграма і прынцыпы вядомыя. Стварайце вольныя суполкі на гэтых прынцыпах і ўлучайцеся ў рух за вольную Беларусь (асабліва ў Беларусі, дзе трэба дзейнічаць у падзем'і). Рух за мяжой мае легальнае вымярэньне, якое з цягам часу будзе фармалізавана. Слава Айчыне!
8 ліпень 2022 г. Зянон Пазьняк