ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: РАЗУМНЫ ШУКАЕ СЯБРОЎ, НЕРАЗУМНЫ — ВОРАГАЎ

У апошні час (асабліва пасьля летувіскай блакады расейскіх чыгуначных перавозак ў Каралевец) рэзка ўзрасла колькасьць украінскай лаянкі супраць беларускага народа. Здаецца, што гэтыя зьявы карэлююцца. Нянавісьць часам "зашкальвае", успышка беспрычынная і выглядае зробленай. Катэгорыя ўкраінскіх лаяншчыкаў (а яна, відаць, не малая: тут і саўкі, і правакатары, і злосьнікі, і вядомая кантора) са скуры вылазіць, каб зрабіць зь Беларусі ворага Украіны.

Яны, зразумела, наўпрост ня бачаць расейскай акупацыі Беларусі, бандыцкіх рэпрэсій супраць народа з боку акупацыйнага рэжыму Лукашэнкі і часам, здаецца, сапраўды не даражаць прыхільнасьцю беларусаў да ўкраінцаў. Самы сабе робяць горай. У той час калі логіка ваеннага часу дыктуе зусім іншыя, сэнсоўныя паводзіны. Хто і чаму тое гукае ўсё насуперак здароваму сэнсу -- гэта пытаньне.

Калі не глядзець унутр гэтай зьявы і калі ня ўлічваць яе правакацыйную прыроду, то зьнешне здаецца, як жа далёка яшчэ некаторым ўкраінскім грамадзянам да палітычнага думаньня і палітычнай культуры Польшчы. Баюся ўсё ж, каб гэтая агрэсія абмежаванасьці сапраўды не нашкодзіла Украіне. Добра б было, каб разумныя ўкраінцы неяк дэзавуявалі расьперазаных крыкуноў, каб тыя ўсё ж не псавалі вобраз Украіны.

У сетках зьяўляюцца дыхтоўна аформленыя плакаты (зробленыя прадумана, не на эмоцыях) з падборам шрыфту і аксэсуараў, дзе пра рэпрэсаваны Беларускі народ, які падтрымлівае Украіну напісана, напрыклад, такое: "Вы не браты..., вашыя рукі ва ўкраінскай крыві" і т. п. На першы погляд здаецца, што гэта нейкі амок, зацямненьне розуму, але прыгледзімся і ўбачым, што тут прадуманая спэкуляцыя на нянавісьці, мэта якой зразумелая -- выклікаць узаемную крыўду і злосьць.

У дужках праілюструю тут некалькі пэрлаў правакацыйнай агрэсіі з аднаго толькі месца, каб быў зразумелы мэтад і ўзровень рыторыкі:

("Поганим білорусам добре і зручно, коли з їхньої території летять російські ракети"

"Вони співчувають росіянам і свідомі своєї підлеглої ролі"

"хороших білорусів, як і хороших росіян, не існує у природі" https://www.facebook.com/andrij.bondar/posts/10158442589121599)

У гэта сітуацыі не раіў бы беларусам уступаць у пустую палеміку з тролямі і з людзьмі, якія знаходзяцца ў ачмурэньні (тым больш нейкага "ставіць на месца", зьневажаць і т.п.), бо гэта якраз тое, дзеля чаго спускаюць такія правакацыі. Можна спакойна (як гэта ўмеюць беларусы) патлумачыць па сутнасьці. Зразумела, што тлумачэньне не для правакатараў, але часам трэба сказаць нешта для гледачоў збоку, якія назіраюць і, магчыма, не разумеюць прыроды рыторыкі.

Павелічэньне дзіўнай нянавісьці супраць беларусаў зьвязана яшчэ з тым, што цяпер маскалі, і асабіста Пуцін, з усіх сілаў ціснуць на "свайго сукінага сына" (так крамлёўцы публічна называюць Лукашэнку) з мэтай ўштурхнць беларускае войска ў вайну з Украінай. Правакаваньне лаянкі -- гэта спроба стварыць, так бы мовячы, адпаведны грамадзкі фон варожасьці, ўзлаваць беларусаў.

Праўда, ня думаю, што крамлёўцам тое ўдасца. Але ўлічваць намеры неабходна. Нядаўна (27-06-2022 г.) прэзыдэнт Украіны Ул. Зяленскі ваступіў з прамовай, дзе істотна скарэктаваў свае адносіны да становішча ў Беларусі. У пэўнай ступені гэта адказ на тыя пытаньні, пра якія мы тут кажам. Ніжэй цытую вытрымку з прамовы прэзыдэнта Зяленскага.

"Я знаю, что народ Беларуси поддерживает Украину. Они поддерживают нас, точно нас, а не войну. И именно поэтому вас – всех белорусов – российское руководство и хочет втянуть в войну, хочет посеять ненависть между нами.

От простых людей Беларуси сейчас зависит очень многое. И я знаю, что вы можете не участвовать в этой войне. Ваши жизни принадлежат только вам, а не кому-то в Кремле."

Беларусам трэба арыентавацца якраз на такую пазыцыю ўкраінскіх патрыётаў. Усімі сіламі і магчымасьцямі нам, беларусам, трэба дапамагаць Украіне ў барацьбе супраць рускага фашызму, які ўжо акупаваў нашую краіну і хоча зьнішчыць украінскую дзяржаву і Украінскі народ. Хто можа, уступайце ў беларускія вайсковы аддзелы Украінскай арміі, якія ваююць за Ўкраіну. Рашысцкага мордара трэба перамагчы са зброяй і зьнішчыць. Ад гэтага залежыць ня толькі свабода Украіны і Беларусі, але і іншых народаў Эўропы. Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне!

28 чэрвень 2022 г.

Зянон Пазьняк.