ШЛЯХ ДА ІСНАВАНЬНЯ

Пасьля расейскай вайсковай акупацыі Беларусі тэзіс аб вызваленьні ад фашыстоўскага антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі (як мэта непасрэднага дзеяньня) -- траціць сэнс, бо ліквідаваць рэжым сатрапа можна толькі вызваліўшыся з-пад расейскай акупацыі.

Вызваленьне Беларусі цяпер напрасткі зьвязана з парамогай Украіны ў вайне з Расеяй. Беларусам трэба ўсімі сіламі дапамагаць украінцам і найперш -- непасрэдным удзелам у ваенных дзеяньнях на баку Украіны.

Памятайма, што вайна Украіны супраць агрэсіі фашысцкай Расеі -- гэта ёсьць, фактычна, і наша беларуская вайна. Толькі паканаўшы расейскага мордара на Украіне, можна ліквідаваць антыбеларускі фашысцкі рэжым Лукашэнкі ў Беларусі. Толькі перамогшы рашызм ў вайне і выгнаўшы рускіх захопнікаў з Украіны, магчымая свабода і незалежнасьць Украіны і Беларусі.

Не забывыйма, што ў сітуацыі, якая існуе, ваенная перамога над фашысцкай Расеяй -- гэта ёсьць адзіны шлях да нацыянальнага існаваньня і свабоды ўкраінцаў і беларусаў. Усе нашыя беларускія дзеяньні мусяць быць накіраваныя на перамогу Украіны над рускім фашызмам.

16 чэрвень 2022. Зянон Пазьняк

P.S.

Зараз ва Украіне пэўныя сілы вядуць прапаганду і працу супраць беларусаў. Мэта гэтых сілаў схаваная і прарасейская -- пад выглядам украінскага патрыятызму зрабіць усё магчымае, каб стварыць для Украіны ворага ў вобразе Беларусі і настроіць беларусаў супраць украінцаў. Гэтая агентурная дзейнасьць (падмацаваная выступамі ня вельмі разумных людзей) носіць пастаянны характар, але (зразумела) не адлюстроўвае афіцыйнай пазыцыі Украіны і шырока не распаўсюджана. Аднак існуе.

Беларусам, ведаючы сутнасьць справы, трэба спакойна і з разуменьнем адносіцца да антыбеларускіх вывертаў. Каб лепш ўсьвядоміць стан рэчаў, раю глянуць на тое, што вытварае акупацыйная агентура і прапаганда ў Беларусі, бэсьцячы ўсё беларускае і ўкраінцаў. Нельга даваць сябе ашукаць, ведаючы адкуль тое ўсё бярэцца.

P.P.S.

На жаль ні ў ЗША, ні ва Украіне (ні, тым больш, у старой Эўропе) нічога ня робяць, каб разлучыць саюз двух "сіямскіх бандытаў". (Вайна ж бо.) Але тут якраз наадварот (Асабліва з ганебнымі санкцыямі супраць Беларусі.) Усё падводзіцца быццам да таго, каб саюз бандытаў скамянеў, і каб Лукашэнка ад безвыходнасьці пагнаў беларускае войска на Украіну. Цяжка паверыць, што такое робіцца толькі ад неразуменьня становішча.