ЗАЦЕМКІ ПРА БЕЛАРУСЬ І ЭЎРОПУ

Яшчэ адзін характэрны аспэкт пратэстаў 2020-га года. Беларусы, нягледзячы на русіфікацыю і варварскі ўплыў Расеі, паказалі ў выступах сваю звыклую высокую культуру, аптымізм і інтэлігентнасьць. Гэта былі дэманстрацыі сьветлых людзей. Выходзілі сотні тысячаў, але не было ўчынена ніякой матэрыяльнай шкоды гораду з боку дэманстрантаў, тым больш ніякіх зьнішчэньняў, ніхто нідзе не пабіў шыбы (наадварот шыбы білі міліцыя і ОМОН). Дабраахвотныя памочнікі хадзілі з паліэтыленавымі мяшкамі сярод дэманстрантаў і забіралі сьмецьце. Горад быў чысты. Ніхто не станавіўся на лавачку ў абутку, бо так прывучаныя зь дзяцінства ў сваім памяшканьні. Іграла музыка і чуліся сьпевы.

І вось у гэтай прыгожай маніфэстацыі рэжымная цемра на сьмерць пазабівала беларусаў. Навука на прышласьць для цэлага пакаленьня. Гэта, як "Крывавая нядзеля" для Пецярбурга ў 1905 годзе. (І правакатары, як там, але ўжо ў Сеціве сядзелі).

Зразумела, тут ня той мэтад, якім можна зьнесьці фашысцкі антынародны бандыцкі рэжым. Але зьнешняе ўражаньне ад маніфэстацыяў было ўзьнёслае, духоўна кансалідавала і ўздымала людзей, дзе нацыянальны сьцяг быў сімвалам ідэалу свабоды. У гэтым якраз станоўчы бок пратэстаў 2020 году -- нацыянальная кансалідацыя грамадзтва.

У Эўропе і найбольш у Польшчы я чуў воклічы захапленьня прыгажосьцю і паводзінамі нашых людзей. Беларускія пратэсты -- гэта было відовішча -- гэта лекцыя культуры для ўсёй Эўропы. (Бачылі б вы, хто ня бачыў, сьвінушнік пасьля дэманстрацыі, дзе-небудзь у Парыжы ці Брусэлі, ці біцьцё шкла ў Амэрыцы).

Тым часам паказальна-характэрная і дыямэтральна супроцьлеглая рэакцыя на культуру беларускіх дэманстрацыяў чулася ў краінах былога СССР (у краінах "саўка") асабліва ў Расеі і Украіне (дзе саўкоў шмат).

Рэакцыя тыпова эгалітарная -- злосьць, ехідзтва, кпіны, іранічныя камэнтары. Аабліва саўковых абуралі сэнсоўныя сацыяльныя паводзіны і чыстаплотнасьць беларусаў, хаджэньне на зялёны сьветлафор (а не на чырвоны, як ў Маскве) і здыманьне абутку, каб стаць на лавачку, і інш. Некатопыя кацапы, магчыма, бачылі такое ўпершыню, эгалітарная злосьць іх была невымерная ("ишь, культурные- та!"). І па сёньняші дзень маскальня і ўсялякія невзоровы ня могуць не з'ехіднічаць на гэтую тэму , так яна паніжае і круціць іхнюю варварскую прыроду.

Дарэчы, злосьць і пагарда вельмі характэрная рэакцыя расейцаў на ўсё вышэйшае і культурнае ў эўрапейскіх народаў. Тое, між іншым, добра апісана расейскім пісьменьнікам Аляксандрам Купрыным у адным зь яго апавяданьняў.

Але ўсё гэта дробязі. Якія людзі -- такая і культура. І вось цяпер пра галоўнае, што невымерна зьдзівіла ўжо беларусаў.

Пратэсты скончыліся разгромам, забойствамі, арыштамі, турмой і катаваньнямі сьветлых беларускіх людзей. Рэпрэсіі і фашысцкія пагромы Беларускага народа працягваюцца па сёньняшні дзень.

Тым часам 17-га студзеня 2022 года Расея ўвяла войскі і акупавала Беларусь. 24-га лютага Масква напала на Украіну з тэрыторыі акупаванай Беларусі. Пуцінске войска пачынае страляць ракетамі зь Беларусі па Украіне.

Што робіць Эўропа, якая толькі што захаплялася беларусамі і асуджала антычалавечыя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць народа?

Быццам бы караючы Лукашэнку, Эўразьвяз ўводзіць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і адначасна пачынае перасьлед і дыскрымінацыю беларусаў па ўсім сьвеце. Нянавісьць раптам абвалілася на ўвесь народ, на тых, каго нішчыць і катуе ў турмах фашысцкі рэжым Лукашэнкі, які ўпусьціў расейскія акупацыйныя войскі ў Беларусь і разам з Пуціным выступае суакупантам Беларусі. Калі вобразна, -- за дзеяньні канцлагера Эўропа карае вязьняў канцлагера.

Беларусам не даюць уязныя візы, не залічваюць ва ўнівэрсітэты, не адчыняюць рахункі ў банкках, не даюць працы і г. д. Дыскрымінацыя тлумачыцца проста. Эўрапалітыкі выкарыстоўваюць момант акупацыі краіны і супрацоўніцтва Лукашэнкі з Пуціным дзеля таго, каб нізка абвінаваціць у злачыннай палітыцы Лукашэнкі ўвесь Беларускі народ і зьнішчыць Беларусь дазваньня.

Зацікаўлена ў гэтым найперш Нямеччына (што супрацоўнічала і будзе супрацоўнічаць з Масквой) і, адпаведна, яе саюзьнікі па Эўразьвязу (акрамя Польшчы). Найбольш шкодна для Беларусі падтрымлівае нямецкую палітыку Летува.

Дарэчы, нагадаю. У 1990-1991 гадах уся Эўропа (ізноў жа, акрамя Польшчы) была супраць незалежнасьці Беларусі і Украіны, падтрымлівала Гарбачова і Савецкі Саюз. Калі хто з даверлівых беларусаў яшчэ думае, што за словамі эўрапейскіх прагматыкаў і палітактораў існуе нейкая прыстойная мараль, -- то цяпер больш так думаць ня варта. Старая Эўропа жыве дабрабытам, не ідэаламі.

Вось і атрымліваецца, што ў гэтых абставінах мы нават па факту мусім падтрымліваць Польшчу і Украіну, у сапраўднасьці гэта тыя краіны, якія былі зь Беларусяй і між сабой гістарычна павязаныя і бараніліся ад навалы з усходу і захаду.

Старая Эўропа заўсёды заставалася эгаістычнай, матэрыяльнай, меркантыльнай, рацыянальнай, халоднай і пры гэтым, вядома ж ,-- культурнай. Але па вялікаму кошту -- бяздухоўнай. У апошнія стагоддзі яшчэ і лявацкай.

Выгадна супрацоўнічаючы з рэсурснай Расеяй, старая Заходняя Эўропа добра трымаецца на плыву. У гэтым геапалітычным "супрацоўніцтве" і падзеле Эўропы, аднак, -- крыніца сусьветных войнаў і аншлюсаў тэрыторый. У гэтым найбольшая перашкода для незалежнага салідарнага існаваньня Беларусі, Украіны і Польшчы.

12.06.2022. Зянон Пазьняк