ПРА АКУПАЦЫЮ БЕЛАРУСІ І СТАРУЮ ЭЎРОПУ

(Ліст да сяброў Народнай партыі (КХП-БНФ) і Вольнай Беларусі.)

17-га студзеня 2022 года пачалася расейская акупацыя Беларусі. Нават толкам не папярэдзіўшы свайго сатрапа Лукашэнку, маскоўцы сталі ўводзіць войскі ў Беларусь і займаць тэрыторыю. Публічна, каб ня выклікаць супраціву народа, казалі, што будуць адбывацца сумесныя вайсковыя вучэньні.

Ужо другі год у Беларусі працягваецца жорсткі пагром народа. Рэжым Лукашэнкі пры падтрымцы Масквы кінуў у турмы тысячы беларусаў (быў пэрыяд, што да пяцідзесяці тысячаў сядзела за кратамі за ўдзел у дэманстрацыях). У турмах і арыштах людзей катавалі. На вуліцах хапалі за нацыянальныя беларускія колеры ў адзеньні, за беларускую мову, за беларускую кнігу, за "падабайку" для Беларусі ў Інтэрнэце. Групы пагромшчыкаў, створаныя ў міліцыі, па сёньняшні дзень урываюцца ў дамы беларусаў, выламваюць дзьверы, хапаюць людзей, крушаць мэблю, сантэхніку, абсталяваньне, а завёзшы арыштаваных у пастарунак, катуюць. Зьнішчаная грамадзянская супольнасьць, зачынена каля сямісот беларускіх арганізацыяў сацыяльна-культурнага кірунку; рэжым прымае рашэньні аб расстрэлах людзей за намеры супраціву прамаскоўскаму рэжыму. Любога беларуса могуць схапіць на вуліцы, зьбіць і кінуць за краты па падазрэньню альбо нагавору.

Ва ўмовах унутранай акупацыі і татальных рэпрэсіяў супраць Беларускага народу расейскае войска зайшло ў Беларусь, не спаткаўшы супраціву. Здраднік Лукашэнка зьяўляецца суакупантам нашай краіны.

24 лютага 2022 года расейцы, скарыстаўшы акупаваны беларускі плацдарм, напалі на Украіну.

Расейская акупацыя Беларусі ў студзені 2022 года -- гэта геапалітычная катастрофа ва ўсходняй Эўропе, пачатак расейскай агрэсіі супраць Украіны і потым у працяг -- супраць усяго вольнага сьвету (найперш супраць Польшчы і краінаў Балтыі).

Беларусь -- гэта стратэгічная тэрыторыя ў прасторы супроцьстаяньня Расеі і Захаду. Пакуль яна нэўтральная і належыць самой сабе -- датуль будзе мір і спакой у гэтай частцы сьвету.

І вось баланс парушаны. Збройныя сілы Расеі ўвайшлі ў Беларусь. Расейскія войскі цяпер могуць стаяць на межах 4-х краін, а гэта ёсьць рэальная магчымасьць вайны. Агрэсію пачалі з Украіны.

Тое, што Захад ніяк не зрэагаваў на акупацыю Беларусі, на гэтую вызначальную стратэгічную страту, -- тое сьведчыць пра дзьве прычыны. Пра палітычную інфантыльнасьць і філісьцерскі сьветапогляд эўрапалітыкаў, і другое -- Эўропа здрадліва здала Беларускі народ ва ўгоду сваіх меркантыльных адносінаў з Расеяй.

Пра здраду сьведчыць рэзкая перамена адносінаў да беларусаў. Толькі што, у 2020 годзе, эўралібэралы з захапленьнем хвалілі і падтрымлівалі на словах беларускі народ за яго масавы, мірны і такі інтэлігентны пратэст супраць дыктатуры і беззаконьня антыбеларускага рэжыму. А потым, калі пачаўся падтрыманы Расеяй лукашысцкі разгром народа, яны тут жа пад выглядам пакараньня Лукашэнкі ўвялі татальныя эканамічныя санкцыі супраць гэтага ж ужо скрываўленага рэпрэсіямі Беларускага народа.

Такім чынам яны загналі Лукашэнку і ягоны рэжым пад поўнае падпарадкаваньне Масквы, у поўную залежнасьць ад Пуціна, і тым самым паспрыялі расейскай акупацыі Беларусі і агрэсіі Масквы супраць Украіны.

Казаць пра тое, што эўрапалітыкам старой Эўропы не хапіла разуменьня, каб прадбачыць усё тое, што сталася, было б няпаравільна. Усё яны разумеюць, што робяць. Пацьвярджэньнем гэтага ёсьць іхныя цяперашнія адносіны да беларускіх людзей, дыскрымінацыя беларусаў, зьнявага, абзываньня агрэсарамі, забарона вучыцца ва ўнівэрсітэтах, забарона праезду і ўезду, невыдаваньне віз, прыніжэньне і г. д.

Як гэта ўсё называецца, панове! Разам з акупантамі і Лукашэнкам яны таксама гробяць наш беларускі народ, які пад прэсам рэпрэсіяў выступіў супраць рэжыму, супраць вайны і падтрымлівае ўкраінцаў. Нізасьць гэтых эўрапалітыкаў сапраўды неверагодная.

Дарэчы, невыпадкова яны падтрымалі прарускую групоўку Латушкі-Ціханоўскай, якая ад пачатку прыхільна ўспрымала рускі фашызм і "мудрага Пуціна", якога гатовы былі нават назваць "нацыянальным героем" Беларусі, калі б ён (як ім хацелася) зрынуў бы Лукашэнку.

У лявацкай старой Эўропе добра ведаюць прарускі характар гэтай групоўкі. Таму і падтрымліваюць. І нават напад Расеі на Украіну, аказваецца, не перамяніў у іхных галовах усталяваныя прарасейскія стэрыятыпы.

Падобная антыбеларуская папулістыка праглядваецца і ва Украіне. Толькі там пазыцыя не адназначная. Ва Украіне, дзякуй Богу, ёсьць яшчэ дастаткова думаючых людзей, якія разумеюць сітуацыю ў Беларусі і стараюцца не нашкодзіць самым сабе.

Вайна вымагае яснай пазыцыі і дакладных дзеяньняў дзеля абароны і перамогі. Нельга дапусьціць, каб Пуцін прымусіў уступіць у вайну беларускае войска. Адсюль -- стрыманая тактыка (якой, дарэчы, украінцы трымаюцца).

Трэба разьдзяляць антыбеларускі рэжым Лукашэнкі (які тэрарызуе беларускі народ і зьяўляецца саўдзельнікам пуцінскай палітыкі вайны) і сам народ, акупаваны Расеяй і яе сатрапам. Народ, які стаіць агулам супраць вайны і ў большасьці падтрымлівае ўкраінцаў. Тут важна таксама знаходзіць падыходы, каб аддзяляць Лукашэнку ад Пуціна. Увогуле, трэба ведаць, што адпад Беларусі ад Масквы можа вырашыць у гэтай сітуацыі палітычны лёс Пуціна.

Таксама варта ўвесь час мець на ўвазе будучыню і ўзаемныя дачыненьні народаў, усьведамляючы, што Балта-Чарнаморская Супольнасьць (БЧС) без Беларусі, практычна, немагчымая. Беларусь -- гэта ключавая краіна. Невыпадкова, што і ідэя, і рух Балта-Чарнаморскай Супольнасьці нарадзіліся ў 1990 годзе якраз у Беларусі.

Цяпер гэтая ідэя на языку і ў розуме шмат якіх палітыкаў таксама ў Польшчы, дзе вельмі добра ўспрынялі магчымасьць супольнасьці Усходняй Эўропы з апорай на Вялікабрытанію.

І тут трошкі гісторыі. Пасьля першай міжнароднай канфэрэнцыі па Балта-Чарнаморскай Супольнасьці ў Менску 26 красавіка 1990 года, якую арганізаваў Беларускі Народны Фронт, здарыўся палітычны "захлёб" камуністычнай нянавісьці ў Маскве супраць ідэі БЧС (зьявіліся абураныя артыкулы і камэнтары). Масква цудоўна зразумела, што абазначала Балта-Чарнаморская Супольнасьць для імпэрыі. Але характэрна, што вельмі насьцярожана і непрыхільна аднесьліся да гэтай ідэі на Захадзе (асабліва немцы). Пазьней немцаў гэтая засьцярога ўвесь час непакоіла.

У тэме сёньняшняй палітыкі абсалютна зразумела, што прысутнасьць пэрспэктывы Балта-Чарнаморскай Супольнасьці ўскладніць пытаньне ваеннай дапамогі ўкраінцам з боку Эўропы. Пра Балта-Чарнаморскую Супольнасьць (альбо Міжмор'е як называюць цяпер) увогуле непажадана было б зараз голасна гаварыць, калі думаць пра перамогу Украіны і пра будучыню Усходняй Эўропы. Але цяперашнім палітычным артыстам рот не замуруеш.

Бяда ў тым, што тут адносна Балта-Чарнаморскай Супольнамьці інтарэсы Масквы і старой Эўропы Эўразьвязу (найперш Нямеччыны і Францыі) шчыльна супадаюць. Старой Эўропе немцаў і французаў непатрэбна кааліцыя Ўсходняй Эўропы разам зь Вялікабрытаніяй. Гэта для лідараў Заходняй Эўропы -- крах усіх надзей і планаў на дамінацыю ў старым сьвеце. Тым больш, тое непатрэбна Маскве (якая ў гэтай вайне плянуе ацалець). З гэтага вынікае, што рускае вынішчэньне Украіны (якое цяпер адбываецца) можа зацягнуцца і закончыцца гнілым мірам са стратай украінскіх тэрыторый, мірам -- выгадным для Масквы і для старой Эўропы, але не для Украіны, Польшчы і Беларусі. Зацяжка працэсу відаць ня толькі на прыкладзе немцаў. Так званы "вольны сьвет" ужо крыху стаміўся і пачаў прывыкаць да расейскай вайны.

Гнілы мір -- гэта дрэнны сцэнар. Паламаць яго магла б Амэрыка і Вялікабрытанія ў выніку рашучых ваенных дзеяньняў. Але амаль дакладна, што такое не адбудзецца (на жаль, усё паўтараецца, як і ў 30-х гадах ХХ-га стагоддзя). Надзея і цяжар кладзецца на ўкраінцаў, і магчыма -- на выпадак, калі здарыцца цуд, і акупаваная Беларусь падымецца супраць Пуціна і Лукашэнкі.

2 чэрвень 2022 г. Зянон ПАЗЬНЯК