ЛЯЎДЭТУР ЕЗУС ХРЫСТУС!

Дарагія землякі, дарагія сябры, паважаныя Беларусы! Віншую нас ўсіх з Зьмёртвыхустаньнем Хрыстовым! Хрыстос уваскрос!

У цяжкі час для беларусаў адбываецца сёлета Вялікдзень -- 17- га і 24-га красавіка. Рускі "мордар" ашуканствам, са згоды здраднікаў народа, увёў сваё войска на тэрыторыю Беларусі і акупаваў нашу краіну. Прыйшла небясьпека, пра якую мы казалі і якой баяліся ўсе гэтыя 27 гадоў пад уладай антыбеларускага рэжыму. І вось тое адбылося. Укрыжавалі Айчыну. І потым -- напалі на ўкраінскі народ.

Тут узьнікае мне карціна, калі Хрыстос стаяў перад Пілатам, а натоўп крычаў: "Укрыжуй яго, укрыжуй!"

Хрыста ўкрыжавалі. На трэці дзень Ён уваскрос. Уваскрос, бо быў Богам у вобразе чалавека, які чалавечай пакутнай сьмерцю Сваёй на крыжы за грахі ўсяго чалавецтва засьведчыў збаўленьне людзей ад няволі сьмерці, збаўленьне -- дзеля жыцьця ў вечнасьці.

І яшчэ Ён засьведчыў грэх нянавісьці асьлепленага натоўпу супраць справядлівасьці.

Калі б сёньня Хрыстос прыйшоў у Беларусь -- што зрабілі б зь ім ворагі нашы? І што б рабілі мы? Што б рабілі тыя, што нават дар мовы і Слова Яго забілі ў душы і кінулі сьвіньням пад ногі?

Ёсьць над чым падумаць у Беларусі ў Дзень Зьмёртвыхстаньня Хрыстова.

Можа ад выніку такога думаньня будзе залежыць уваскрашэньне нашай Краіны, бо галоўным ёсьць Дух. Бо Дух вызначае жыцьцё і ўчынкі людзей.

Ляўдэтур Езус Хрыстус!

Слава Ісусу Хрысту!

17 красавік 2022 год.

Зянон Пазьняк