СЛАВА ГЕРОЯМ

(Спавешчаньне ў дзень адкрыцьця помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Андрэю-Тадэвушу Касьцюшку 26-га сакавіка ў Нью-Ёрку).

Паважаныя спадарыні і спадары, дарагія госьці, вітаю Вас у гэты ўрачысты дзень. Але хачу нагадаць, што гэты ўрачысты дзень адбываецца ў трагічны час, калі нашая Айчына Беларусь акупаваная рускім войскам і на Украіну напалі расейскія акупанты. У сувязі з гэтым такое паведамленьне.

Сёньня ў барацьбе з маскоўскімі акупантамі загінуў беларускі ваяр Зьміцер Апанасовіч. Беларуская група батальёну імя Кастуся Каліноўскага ўдзельнічала ў баявой апэрацыі, падбіла тры рускія БНП, Зьміцер быў цяжка паранены, сьцёк крывёй і не жыве. Ён загінуў за Украіну і за Беларусь. Прапаную хвіліну маўчаньня. (Маўчаньне.)

Прадаўжаем. Сёньня мы адчыняем помнікі двум знакамітым героям, якія змагаліся за свабоду Беларусі, Амэрыкі, Польшчы, Летувы і Ўкраіны -- генэралу Андрэю-Тадэвушу-Банавантуру Касьцюшку і кіраўніку паўстаньня супраць царскай Расеі Кастусю Каліноўскаму.

Бюсты герояў стварыў скульптар Гэнік Лойка, які выцерпеў катаваньні ў лукашысцкай турме за беларускую пазыцыю, але здолеў ўцячы ад рэжыму і завершыць творчую працу.

Стварэньню помнікаў спрыяла Царкоўная рада Сабору Кірылы Тураўскага, Уладыка Сьвятаслаў і Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне.

Асаблівая падзяка арганізатару працы і каардынатару праекта Аляксандру Хомчанку.

І цяпер пра нашых герояў.

Генэрал Андрэй-Тадэвуш-Банавантура Касьцюшка -- гэта сусьветна знакамітая асоба. Ён нарадзіўся ў Беларусі ў шляхетным праваслаўна-ўніяцкім родзе, вучыўся ваенна-інжэнернай справе ў Польшчы, удзельнічаў у вайне амэрыканскага народа за незалежнасьць у 1776-1783 гадах, стварыў форт і арганізаваў знакамітую абарону ў Вэст-Пойнце, быў генэралам Кантынэнтальнай арміі Амэрыкі, сябрам Томаса Джэферсана, адзначаны ордэнам Цынцыната, асабіста падтрымліваў кантакты з Напалеонам-Банапартам і рускім царом Аляксандрам І, уплываў на палітыку барацьбы за незалежнасьць.

У 1794 годзе генэрал Касьцюшка ўзначаліў паўстаньне народаў Рэчы Паспалітай супраць царскай Расеі, якая захапіла нашыя землі. Касьцюшка застаўся героем ў памяці народнай, у песьнях і беларускім фальклёры. Народ любіў Касьцюшку і сьпяваў пра яго:

"Едзе-едзе наш Касьцюшка

Будзе біці маскалюшку."

"Наш Касьцюшка слаўны быў,

Маскалёў ён добра біў..."

Сёньня, калі расейскі "мордар" зноў акупаваў Беларусь і напаў на Украіну, справа Касьцюшкі для нас жыве і натхняе на барацьбу за свабоду.

На працягу ХІХ-га стагоддзя кожнае пакаленьне беларусаў і палякаў паўставала супраць рускіх акупантаў, каб вярнуць свабоду. Вялікае паўстаньне ў Беларусі, Польшчы і Летуве адбылося ў 1863 годзе. У Беларусі барацьбу ўзначаліў Кастусь Каліноўскі.

Каліноўскі сфармуляваў беларускую нацыянальную ідэю таго часу, якая была адлюстраваная ў паролі паўстанцаў: "Каго любіш? Люблю Беларусь. Так узаемна."

Каліноўскі быў малады, разумны і мужны чалавек. Яго схапілі царскія жандары ў выніку здрады. Перад сьмерцю ў Лукішскай турме ў Вільні Кастусь напісаў запавет "З-пад шыбеніцы" да Беларускага народа, які заканчваецца так:

"Бо я табе з-пад шeбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжэ ня будзе".

На сёньняшні дзень, калі дзікі маскаль зноў захапіў нашу Беларусь і напаў на Украіну, гэты запавет Кастуся Каліноўскага гучыць, як звон на змаганьне. І не выпадкова адзін з аддзелаў беларускіх дабраахвотнікаў, якія змагаюцца разам з украінцамі супраць расейскіх акупантаў, названы батальёнам імя Кастуся Каліноўскага.

Дык няхай жа сьветлая памяць пра нашых герояў уздымае наш дух і вядзе нас да перамогі над расейскімі ворагамі чалавецтва, каб вечна была вольная Беларусь і вольная Украіна. Жыве Беларусь! Слава Украіне!

26-03-2022. Н.Ё. Зянон Пазьняк