АГУЧВАЮЦЬ МЕРКАВАНЬНІ ПРА КАНЕЦ ВАЙНЫ
Сімптаматычная зьява. Канфармісцкія "дэмсмі" зьмясьцілі разважаньні нейкай нікому невядомай былой амэрыканскай дыпляматкі, якая "прагназуе" тры варыянты заканчэньня расейска-ўкраінскай вайны. Першы -- варыянт кампрамісу. Ён мала карысны для абодвух бакоў (асабліва для Украіны). Варыянт 2 -- "Пуцін перамагае" і варыянт 3 (што вельмі сьмешна) -- "рэвалюцыя ў Расеі" -- зьвяржэньне Пуціна.
Пакінем ў баку прымітыўны інфантылізм былой васпані. (Там на Захадзе шмат хто так думае). Зьвернем ўвагу на два характэрныя мамэнты. Спадарыня не "прагназуе" ваеннай перамогі Украіны і крах пуцінскай авантуры. І другое -- гэта тое, што "дэмсмі" выкапалі на паверхню такія маргінальныя разважаньні.
У цэлым тут прадэманстравана падспудная праява заходняга разуменьня палітыкі пэўных катэгорый людзей -- неяк дамовіцца з Расеяй шляхам узаемных саступак, але коштам Украіны і абяцаньнем кампэнсацыі Украіне пасьля заключэньня міру.
Нягледзячы на фразеалогію і дапамогу ўкраінцам Захад (катэгорыя пэўных людзей) баіцца разгрому і распаду Расеі, (рынак, газ, нафта), гэтак жа, як і разгрому Украіны, і ўмацаваньня Масквы. Прыклад як Захад здаў Беларусь шмат пра што кажа. З захопу Беларусі якраз ўсё пачалося.
Беларусам цяпер галоўнае ўратаваць дзяржаву Беларусь, дамагчыся ад Захаду (ад міжнароднай супольнасьці) прызнаць Беларусь часова акупаванай тэрыторыяй войскам Расейскай Фэдэрацыі. Наступнае -- усімі сіламі дапамагаць украінцам у барацьбе з агрэсіяй Расеі і пачаць партызанскае змаганьна з расейскімі акупантамі ў Беларусі.
Вайна супраць Украіны і акупацыя Беларусі разьвіваецца (на жаль) па пуцінскім маніякальным сцэнары, а не па інфантыльных меркаваньнях заходніх левакоў.
18-03-2022. Зянон Пазьняк