ЖАЎНЕРЫ БЕЛАРУСІ

Сёньня (16-02-2022) "дэмсмі" надрукавалі матэрыял пра "усе" галадоўкі і ўсіх галадоўшчыкаў за часы прамаскоўскага рэжыму (мы іх разумеем). Не напісалі толькі ("выпадкова", вядома) пра героя Беларусі, узнагароджанага за гераізм мэдалём Рады БНР -- Сяргея Каваленку.

Сяргей Каваленка -- вядомая асоба ў гісторыі беларускай барацьбы. 7-га студзеня 2010 года Сяргей адкрыта і дэманстратыўна вывесіў вялікі беларускі нацыянальны сьцяг на галоўнай навагодняй елцы горада Віцебска. Яго схапілі амапаўцы, жорстка зьбілі і кінулі за краты. У турме Каваленка аб'явіў галадоўку.

Зрэшты, прывяду некалькі цытатаў з тагачаснага друку:

"Сяргей Каваленка працягвае галадоўку ў Мінскім рэспубліканскім турэмным шпіталі, хоць і вельмі слабы, яго вага зараз складае каля 50 кілаграмаў. Адміністрацыя турэмнага шпіталя робіць захады па прымусовым вывадзе вязня з галадоўкі...."

"Каваленку прымусова робяць ін’екцыі

19 сакавіка з палітвязнем Сяргеем Каваленкам у турме на вуліцы Валадарскага сустрэўся ягоны брат Віталь Каваленка і сямігадовы сын Валянцін. Пасля спаткання Віталь Каваленка паведаміў, што Сяргей амаль цалкам ляжачы і з цяжкасцю прыйшоў у пакой для спаткання.

«Яго абколваюць лекамі. Гэта робяць у камеры ў прысутнасці васьмі міліцыянераў. Гэта супраць ягонай волі, ён увогуле адмаўляецца, каб яму штосьці калолі. Я запытаўся, чым абколваюць, а ён кажа — мне зусім невядома, што мне колюць. Ён стаў пачувацца яшчэ горш."

21 сакавіка на спатканне з Сяргеем Каваленкам хадзіла яго жонка Алена Каваленка.

«Я была з дачкой. Ён прыйшоў вельмі худы, вельмі слабы і знясілены. Відавочна, што цяжка яму рабіць рухі, нага амаль не рэагуе. Каб перакінуць нагу праз лаўку, дапамагаў сабе рукамі. Колер скуры жоўты. Тэмпература вагаецца паміж 35,1–35,2. Вага тры дні таму была 50 кілаграмаў, больш не ўзважвалі. Аддзялення сліны ўжо няма. Кропельніцы яму ставяць па-ранейшаму прымусова, як прывязваюць да ложка. 8 чалавек пры гэтым прысутнічае. Каля камеры, дзе яго трымаюць, трывала дзяжураць два супрацоўнікі, усю ноч гучна размаўляюць. Кажа — можа, гэта наўмысна робяць, каб пазбавіць яго адпачынку?

Алена Каваленка сказала, што муж па-ранейшаму не збіраецца спыняць галадоўку і заяўляе, што будзе працягваць змаганне за справядлівасць."

https://humanrightshouse.org/articles/%D1%81%D1%8F%D1%80%D0%B3%D0%B5%D1%8F-%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%D0%BB%D0%B5%D0%BD%D0%BA%D1%83-%D0%BF%D1%80%D1%8B%D0%BC%D1%83%D1%81%D0%BE%D0%B2%D0%B0-%D0%B2%D1%8B%D0%B2%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%8F%D1%86/

"Галадоўкі Сяргея Каваленкі агулам доўжыліся каля 3 месяцаў, за час якіх ён схуднеў на 40 кілаграмаў".

https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%A1%D1%8F%D1%80%D0%B3%D0%B5%D0%B9_%D0%90%D0%BB%D1%8F%D0%BA%D1%81%D0%B0%D0%BD%D0%B4%D1%80%D0%B0%D0%B2%D1%96%D1%87_%D0%9A%D0%B0%D0%B2%D0%B0%D0%BB%D0%B5%D0%BD%D0%BA%D0%B0

Цяпер зноў вернемся ў наш час, у пачатак 2022 года.

Я праглядзеў некалькі відэазапісаў, дзе Сяргей Каваленка выступае ў Варшаве сярод "невероятных" і рэжа праўду матку лапідарна, як сякерай сячэ. А вакол яго "невероятные" спадарыні рознага ўзросту гэтак па-руску супярэчаць яму, хіхікаюць, круцяць носікам. Ён ім пра Вялікае Княства, пра Беларусь, пра маскоўскую арду ды пра Пуціна-злачынцу, што гробіць Беларусь, а яны: "Да? Неужелі? Хі-хі, непонятно, как это?" А Каваленка: "Непонятно, таму што вы глупыя, кніжкі трэба чытаць." Вось такі "дыялог".

Невероятные нэрвуюцца, адключаюць Каваленку мікрафон, завочна абзываюць яго гопнікам, прымітывам, правакатарам і так абураюцца, так абураюцца... Ён ім здаецца такім некультурным.

Сапраўды, Каваленка ўпарты, просталінейны і настырны, і лексіка яго рабочая (ён будаўнік).

Але горкая праўда ў тым, што шурпаты, гучны і недалікатны Каваленка, калі трэба, пакладзе галаву за Беларусь і пойдзе за краіну на сьмерць. Мы гэта ведаем, і ён тое ўжо даказаў, калі на Нараджэньне Хрыстова ўзьняў Беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг у цэнтры горада над Віцебскам (разумеючы, што яго схопяць і кінць за краты), калі больш за два месяцы пратэстна галадаў у турме, страціў 40 кілаграмаў вагі і адмаўляўся падпісваць прапанову для Лукашэнкі аб памілваньні, быў гатовы на сьмерць. Гэта я (як старшыня партыі КХП-БНФ) прымусіў яго падпісаць лукашэнкаўскую паперу аб памілваньні, калі стала вядома, што яго хочуць кінуць у псіхушку і там зьнішчыць.

Антынародны рэжым мог такое зрабіць, бо лявацкая Эўропа не ўступілася за нацыянальнага патрыёта і сябра Хрысьціянскай партыі, а член Савета па правах чалавека пры прызыдэнце Расеі (фінансуецца Крамлём) нейкая С. Ганнушкіна, замест таго, каб падтрымаць беларускага вязьня, выступіла нават з гнеўным (каб не сказаць гнюсным) лістом супраць Каваленкі, абураная яго словамі супраць імпэрскай палітыкі Масквы.

І тут лукашысты зразумелі, што калі яны Каваленку кончаць, то ім нічога ня будзе -- ні Эўропа, ні тым больш Масква, ня ўступяцца. (Дарэчы, пасьля падпісаньня паперы Каваленку ўсё ж укінулі ў Навінкі, псіхіятрычная экспэртыза прызнала яго здаровым.)

Такім чынам Каваленка застаўся жыць, але быў вымушаны ўцячы за мяжу ў Польшчу.

Аб'ектыўна гэтыя "невероятные" спадарынькі, што не чытаюць кніжак і па-руску круцяць пальчыкам перад Каваленкам, не дарасьлі яму і да пятак. Яны ўжо даўно бязмозгла здалі і Беларусь, і беларускую мову, і беларускі народ, і пабягуць да "мудрага" забойцы Пуціна за проста так, абы не за Лукашэнку.

Трэба бачыць, чуць і разумець праўду. Трэба глядзець наўпрост, расплюшчыўшы вочы. Час, які мы, беларусы, перажываем цяпер, агаліў сутнасьць падзей і сутнасьць людзей, каб людзі ўбачылі, што нас, нашу нацыю і народ, хочуць сьцерці з твару зямлі. І гэта пачалося ня сёньня і ня ўчора.

У такіх абставінах у нацыі няма лішніх людзей. Няма лішніх, акрамя здрады. Мусяць быць ня толькі думальнікі і працаўнікі слова, але і жаўнеры Беларусі, здольныя яе бараніць не на жывот, а на сьмерць усюды перад расьперазаным злом.

Нішто ня будзе забыта. Бо забыцца пра тое зло, што зрабілі і робяць беларусам імпэрская Масква і прадажныя лукашысты, -- нельга. Кара ім незваротная. Беларусь пераможа. Беларусь будзе жыць. Баранем і беражэм нашу Айчыну.

16 люты 2022 год Зянон ПАЗЬНЯК