СЬВЕДЧАНЬНЕ ПРА АБАВЯЗАК

Мы, беларусы, перажываем цяпер гістарычна небясьпечны пэрыяд, які можна параўнаць у нашай мінуўшчыне хіба што з канцом ХVІІІ-га тагоддзя -- падзелам Беларусі і Рэчы Паспалітай паміж імпэрскай Эўропай і імпэрскай Расеяй.

Рэальна зараз адбываецца разбурэньне Беларускай дзяржавы. Разбураюць нашу краіну тыя ж самыя геапалітычныя актары (сілы) -- імпэрыялістычная Расея і саюзная Эўропа пад уплывам немцаў. Маем і кіруемага "Панятоўскага", і "Таргавіцу", і неразуменьне наступстваў.

Вельмі небясьпечнае ў гэтым становішчы тое, што непрыяцелі разбурылі моцны арганізаваны беларускі нацыянальны супраціў і што ягонае месца мэдыйна заступіла зрусіфікаваная псэўда-альтэрнатыва, ськіраваная на Маскву і скарыстаная Эўразьвязам. Гэта прыводзіць да дызарыентацыі і дэзарганізацыі грамадзтва.

Беларусам трэба гуртавацца зараз ва ўсім сьвеце ў розных формах па нацыянальных прынцыпах пад гасламі ўратаваньня Айчыны:

-- Беларусь перад усім;

-- Беларуская мова;

-- Беларуская незалежнасьць;

-- Беларуская свабода;

-- Прэч лукашысцкі рэжым;

-- Пуцінская Расея -- вораг Беларусі.

Настаў вырашальны час. Цяперашнім беларусам выпаў лёс і абавязак ратаваць Айчыну. Памятайма пра прыярытэты стану. Калі будзе дзяржава Беларусь, калі будзе Беларуская мова, калі будзе незалежнасьць і свабода -- тыды стане магчымым усё астатняе.

15 сьнежань 2021 г.

Ад Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту

Зянон ПАЗЬНЯК