ВЫ ТОЛЬКІ ПАСЛУХАЙЦЕ, ШТО ЯНЫ КАЖУЦЬ.

Цытата. "Калі разьвіцьцё сытуацыі прывядзе да сталага разьмяшчэньня расейскіх войскаў на беларускай тэрыторыі, тады відавочна, што Захаду давядзецца разглядаць санкцыі. Ужо прагучалі галасы, асабліва са Злучаных Штатаў, што будзе адказ і патэнцыйна санкцыі супраць Беларусі, калі яе ўлады надоўга пакінуць расейскія войскі на сваёй тэрыторыі.

Пра гэта, відавочна, трэба будзе дамаўляцца з эўрапейцамі, і я магу ўявіць, што ў будучыні зьявіцца пакет санкцыяў, які будзе грунтавацца якраз на гэтым пытаньні."

(Ёрг Форбрыг, палітычны "экспэрт" дырэктар па Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе Нямецкага фонду Маршала)

https://www.svaboda.org/a/31674588.html

І гэта там кажуць асобы ў добрым здароўі без мазаічнай псіхапатыі. Вось што падрыхтавана беларусам, калі яны ня стануць змагацца за сваю свабоду і ня будуць ваяваць супраць рускай акупацыі, якая пачалася. -- Іх будуць душыць з ўсіх бакоў. Не акупантаў стануць душыць, а нас, дарагія землякі. Не агрэсара, але ахвяру.

Вось да чаго прыводзіць нявольніцкі пацыфізм -- "абы не было вайны". (Пра заходніх "чэмбэрленаў" ужо не гаворым.).

Цяпер адбываецца поўнамаштабная акупацыя Беларусі, пуцінскія войскі без супраціву займаюць рашаючую для Захаду і для Украіны стратэгічную тэрыторыю, але "чэмбэрлены" камфортна разважаюць, што (цытата) -- "пытаньне Беларусі тут будзе на другім ці трэцім месцы."

Акупацыя -- гэта вайна. Для беларусаў -- вайна ўжо пачалася. Хто яшчэ не зразумеў, хутчэй вымайце з пяску галаву, пакуль яе ня страцілі, і -- да зброі!

28-01-2022 г.

Зянон Пазьняк