ЗАЎВАГІ ПА СУТНАСЬЦІ “АПАЗЫЦЫЙНАЙ” ПАЛІТЫКІ, ЯКІЯ ТРЭБА ЎЛІЧВАЦЬ
Генацыд і рэпрэсіі прымусілі шмат якіх беларусаў падняць галаву і пацікавіцца, што робіцца. ДэмСМІ і лукашысцкае тэлебачаньне даюць ім гатовыя адказы, зноў клічуць на свой рэфэрэндум, называюць Ціханоўскую апазыцыяй і глядзяць на Пуціна.
Думаньне паводле СМІ сталася для некаторых беларусаў, на жаль, думаньнем паводле ілжы. Але што на справе? На справе ў 2019-2020 гг. Масква ўзмацніла сваю палітыку па падпарадкаваньні Беларусі і падрыхтоўку да будучай анэксіі нашай краіны.
Узьнікла праблема зь верным маскоўскім сатрапам Лукашэнкам, які заўсёды гатовы быў падтрымліваць і ажыцьцяўляць імпэрскую палітыку Крамля ў Беларусі, але заўсёды хацеў бы заставацца абсалютным і самастойным дыктатарам у сваім бастыёне.
Маскве гэта не падабалася. У выніку ў Крамлі ўзьнік план зьмены сатрапа. Гэта значыць план замены Лукашэнкі на інашага "лукашэнку", які быў бы таксама "сваім" чалавекам, верным Маскве, але без амбіцый да абсалютнай улады і не ствараў бы праблем для маскоўскай стратэгіі.
Кадр на замену быў падрыхтаваны ў сістэме Газпрама (эканамічна-фінансавым сэрцы расейскага гэбізму і пуцінскага рэжыму). Такой асобай стаў правераны чалавек Масквы (20 гадоў працы на пасадзе) -- дырэктар Белгазпрамбанку Віктар Бабарыка. Праект быў разгалінаваны і сістэмна задзейнічаны з варыянтамі ды падстрахоўкай. Акрамя Бабарыкі зьявіліся іншыя асобы, невядомыя раней у беларускай палітыцы: Сяргей Ціханоўскі (з жонкай Сьвятланай), Валеры Цапкала (з жонкай Веранікай), Марыя Калесьнікава (сакратарка Бабарыкі). У плане ўдзельнічала ўся прамаскоўская партыя АГП у поўным складзе, дзе зноў найбольш праявіўся Анатоль Лябедзька ("Раймон").
Для беларусаў гэтая замена адной прамаскоўскай улады на іншую прамаскоўскую ўладу магла б быць больш разбуральнай за лукашызм, у тым плане, што прысьпешыла б здачу краіны без супраціву пад Расею. (Цяпер без супраціву не атрымаецца. Там дзе супраціў – там нараджаецца перамога.)
Беларускіх актыўных палітыкаў рэжым замкнуў у гэты час у турму і адначасна разграміў газпрамаўскую групу пуцінскага плану. Бабарыку, Ціханоўскага і Калесьнікаву пасадзіў за краты, Цапкала з жонкай уцяклі ў Расею, а Ціханоўскую па дамоўленасьці зь Летувой вывезьлі прымусова ў Вільню, дзе яе ўзялі пад апеку летувіскія, маскоўскія, менскія і заходнія спэцслужбы.
Масавыя народныя пратэсты супраць Лукашэнкі, якія пачаліся ў жніўні 2020 года пад нацыянальнымі сьцягамі і зьместам беларускай салідарнасьці, напалохалі Крэмль і прымусілі Пуціна падтрымаць Лукашэнку, не адмаўляючыся, аднак (моўчкі), ад альтэрнатывы групы Газпраму.
Упор быў зроблены на групоўку вокол Ціханоўскай у Вільні. Групоўка назвалася "штабам" і пачала працу на Захадзе, патрабуючы ўвесьці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, сцьвярджаючы, што гэта падарве і паваліць уладу Лукашэнкі. Захад ахвотна прыняў гульню "ў Сьвятлану Ціханоўскую". Санкцыі сталі актыўна ўводзіць пакет за пакетам.
Тут выявіўся, бадай што, найбольш значны вынік пуцінскай палітыкі зацугляньня Лукашэнкі. Лукашэнка апынуўся ў стане міжнароднай ізаляцыі, пасвараны з усімі суседзямі. Адзіны шлях у яго застаўся -- да Пуціна, у Маскву, выконваць (за крэдыты) усе загады і пажаданьні Крамля. Гэта забясьпечвае яму захаваньне ўлады і імунітэт перад санкцыямі, якія ня зьнішчаюць яго ўлады, але разбураюць краіну, эканоміку, глумяць жыцьцё беларусаў, спрыяюць генацыду і рэпрэсіям супарць нацыі з боку антынароднага рэжыму. Узьнікла вельмі дрэннае становішча -- разбурэньне Беларускай дзяржавы з двух бакоў: з Захаду і Ўсходу.
У групоўцы вакол Ціханоўскай (карту якой акуратна разыгрывае Крэмль) сабралася ў асноўным вядомая праштампаваная агентура і людзі, гатовыя да палітычнага бізнэсу. Яны стварылі для Захаду "брэнд" Ціханоўскай, які адпаведна аплочваецца і ў істоце сваёй -- шкодны для цяпершчыны і будучыні Беларусі. Ціханоўская выконвае ў групе ролю падстаўной асобы, якая агучвае намеры. Група не імкнецца да ўлады. Задача, якую яна дэкляруе, -- гэта правесьці новыя "справядлівыя" выбары пры лукашысцкім рэжыме, пры лукашысцкай ЦВК, пры "Ярмошыне нумар два" ды па лукашысцкай канстытуцыі, мяркуючы забясьпечыць на гэтых выбарах перамогу Віктару Бабарыку (альбо іншай асобе з прамаскоўскай газпрамаўскай групоўкі).
Гэтая групоўка не дэкляруе беларускай нацыянальнай пазыцыі і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. Там агучваюць сэнтэнцыі пра "мудрасьць" Пуціна, пра гатовасьць супрацоўнічаць з Масквой, адпаведна падразумеваецца, што будуць сплочваць мафійныя крэдыты Лукашэнкі і захоўваць увесь палітычны антыбеларускі гармідар, які Лукашэнка нагарадзіў разам з Пуціным ("мытны саюз", "союзное государство", АДКБ, здачу Белтрансгазу, ліквідацыю дзяржаўнай мяжы, рускую вайсковую прысутнасьць і г. д.).
Група вакол Ціханоўскай выяўляе пазыцыю людзей, якія думаюць каляніяльнымі катэгорыямі і ў рэальнасьці гатовыя працягваць палітыку залежнасьці ад Масквы, ад імпэрскай пазыцыі Расеі. Прытым гэта ня толькі палітычная пазыцыя. Гэта іхняя каляніяльная ідэалёгія, залежніцкі сьветапогляд. Менавіта таму яны прынцыпова не карыстаюцца нацыянальнай мовай (але акупацыйнай расейшчынай), менавіта таму яны імкнуцца ліквідаваць законную Канстытуцыю 1994 года. Ім у прынцыпе і па сутнасьці не патрэбная беларуская свабода, бо нацыянальная свабода гэта ёсьць, перш за ўсё, -- афіцыйная дзяржаўная Беларуская мова, зацьверджаная ў законнай Канстытуцыі Беларусі.
Плануючы замену сатрапа на больш зручнага для Масквы сатрапа, Крэмль стараецца скарыстаць нянавісьць бальшыні беларусаў да Лукашэнкі. Крэмль мяркуе (як некалі, на непрыняцьці беларусамі Кебіча) разыграць старую камбінацыю 1994 года на адмаўленьні Лукашэнкі. Але справа ня ў Кебічы і не ў Лукашэнку, а ў Маскве, у маскоўскай імпэрскай агрэсіўнай палітыцы і, што істотна (на жаль), у каляніяльнай савецкай псіхалогіі значнай часткі беларусаў, якая перашкодзіла ім тады, у 1994-м, зразумець, што такое свабода.
У той час, калі беларускія патрыёты сядзяць у турме альбо забітыя злачынным рэжымам, альбо выгнаны за межы Айчыны, палітычна чужародныя для Беларусі сілы разыгрываюць паміж сабой спэктакль змаганьня супраць Лукашэнкі, быццам бы за свабоду і правы чалавека, але на справе -- аб зьмене сатрапа і аб працягу антыбеларускай палітыкі маскоўскай арды.
14 сьнежань 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК