ВІНШАВАНЬНЕ З НОВЫМ 2022 ГОДАМ У ЦЯЖКІМ ЧАСЕ
Усім беларусам, якія схоплены ў палон прамаскоўскім рэжымам і кінутыя ў турму за краты на пакуты і зьдзек за тое, што яны беларусы, і тым, што пад чужой уладай жывуць у турме бяз кратаў, зычу ў новым 2022 годзе ўбачыць Беларусь вольнай і быць у свабодзе.
Трымайцеся і мужайцеся, мацуйцеся духам. Беларусь ведае пра вас і не забудзе гісторыя барацьбы за волю і вольную нацыю.
Ёсьць за кратамі розныя людзі, нават тыя, што блудзілі ў Расеі і спадзяваліся на Маскву. Але Масква іх здала цемрашалу, бо маніпулявала і гуляла ў свае інтарэсы. Дзеля гэтых вязьняў скажу:
-- Сябры, братове, вы беларусы, за вамі наш беларускі род. Кідайце глядзець на Маскву. Расея наш вораг, вораг свабоды і ўсяго чалавецтва. З Масквою нельга дружыць, бо яна рыхтуе нам народную сьмерць. З Масквою трэба змагацца, бо толькі змагаючыся -- пераможам зло.
Беларусь -- наша сьвятая зямля. Шануйма нашу зямлю і свабоду. Шануйма нашу вялікую Беларускую мову, наш Хрыстовы Бел-Чырвона-Белы сьцяг і гэрб "Пагоня". Вяртаймася да вытокаў, да нашых карэньняў, да нашай народнай сутнасьці і вялікай культуры, гаварэм па-беларуску ўсюды, дзе мы ёсьць, любем нашу Айчыну і наш народ, не аддавайма яго на рабунак і зьдзек маскоўскай ардзе.
Тыя, што хлусяць народу і за юдавы грошы хваляць чужых, тыя, што наклікаюць бяду на краіну ды кажуць, што "Пуцін мудрэц" і Расея ім друг, -- гэта здраднікі нацыі, якія набліжаюць вайну, клічуць гора людзей і расейскі захоп.
Зычу ўсім, каб вайны не было. Але мы бачым, як рыхтуюць яе падпальшчыкі вайны -- маскоўскія тэрарысты, бачым, як пры дапамозе здраднікаў плануюць завезьці атамную зброю ў Беларусь і падставіць народ на зьнішчэньне, бачым, як рыхтуюць напад на Ўкраіну, як хочуць уцягнуць Беларусь у вайну.
І цяпер маё рэалістычнае канкрэтнае навагодняе пажаданьне: беларусы, рыхтуймася да абароны Айчыны. Будзьма гатовыя да супраціву рускім акупантам. Рыхтуймася да партызанскай вайны, калі першым чынам трэба будзе зьнесьці ненавісны прадажны антынародны рэжым. Хай шчасьціць нам Бог.
Калі два злачынцы-тэрарысты паспрабуюць уцягнуць наша войска ў вайну супраць Украіны, вайскоўцы, памятайце: ніхто не павінен страляць па ўкраінцах і ў бок Украіны. Пераходзьце на бок украінцаў цэлымі вайсковымі аддзеламі, стварайце салдацкія камітэты; прарасейскіх афіцэраў, што будуць гнаць вас супраць украінцаў, судзіце па законах ваеннага часу. У вас будзе зброя, танкі і амуніцыя. Паварочвайце зброю супраць акупантаў і іх халуёў. Калі пуцінскія тэрарысты пачнуць вайну -- яна стане ім гробам.
Беларускі Нацыянальны Урад, які рыхтуецца і заступіць пасьля ліквідацыі рэжыму, вызваліць з турмы ўсіх незаконна асуджаных беларусаў, выплаціць ім кампэнсацыю і забясьпечыць медыцынскую рэабілітацыю здароўя. Будзе спынена акупацыя і антыбеларуская палітыка. Будзе адноўлены суверэнітэт, вернута законнасьць і праца. Будуць вернуты з выгнаньня беларускія лекары, будзе забясьпечана медыцына для народа ў час пандэміі. Сотні тысячаў беларусаў, выгнаных варварамі рэжыму, вернуцца з-за мяжы ў Бацькаўшчыну, узьяднаюцца з сем'ямі, стануць гаспадарамі сваёй шчасьлівай Айчыны.
Зычу зьдзяйсьненьня гэтай пэрспэктывы для ўсіх беларусаў у Новым 2022 годзе. Віншую ўсіх з Новым Годам надзеі і перамен.
Слава Айчыне! Жыве Беларусь!
31 сьнежань 2021 г.
Зянон ПАЗЬНЯК
ад Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту "Вольная Беларусь"