НЯ БУДЗЕ ВАР'ЯТ ПЛЯВАЦЬ У ТВАР УСЁЙ НАЦЫІ

Пісьменьнік Артур Клінаў даў інтэрв'ю інтэрнэт-парталу "Свабода" і выказаў думку, што беларусы павінны йсьці на дыялог і кампраміс з бандыцкім рэжымам, каб уратаваць незалежнасьць, дзяржаву, нацыю і культуру.

Думка пісьменьніка выклікала розгалас, таму лічу патрэбным выказаць палітычную ацэнку гэтай думцы. Беларусы мусяць рэальна ўяўляць, пра што гавораць.

Найперш адзначу гуманістычную і патрыятычную матывацыю выступу спадара Клінава, характэрную ўвогуле для творчых людзей культуры. Але, на жаль, сітуацыя, якую разглядае шаноўны пісьменьнік, не належыць ні да гуманістычнай, ні да патрыятычнай, ні, тым больш, да юрыдычнай сфэры. Яна выйшла за межы гэтых паняцьцяў і на іх узроўні невырашальная. Прапанова аб дыялогу ў дадзенай сітуацыі супярэчыць элемэнтарным асновам паліталогіі, якія зьяўляюцца аксіёмамі.

"Дыялог" апазыцыйных беларусаў з антыбеларускім рэжымам тут, у прынцыпе, немагчымы. І вось чаму. Для дыялогу (перамоваў) паміж праціўнікамі мусіць быць пэўная раўнавага сілаў, гэта значыць кожны з бакоў мусіць мець сродкі ўплыву на дзеяньні іншага боку. (Такімі сродкамі, напрыклад, валодае Эўразьвяз.)

Калі б нават зьяднаць беларускія групоўкі за мяжой у адну платформу, то рэальна ніякай перамоўнай сілы для дыялогу з праціўнікам (Лукашэнкам) яны ўяўляць ня будуць. У груповак рэальна няма ні моцных арганізацыяў, ні колькасных структур, ні сілавых груп, ні фінансаў, ні ўплыву на эканамічныя дачыненьні, на палітыку, няма падпарадкаванага руху супраціву ў Беларусі, і, адпаведна, няма ніякага рэальнага ўплыву на рэжым у Беларусі, акрамя інфармацыйнай крытыкі і сьведчаньняў пра злачынствы.

Апазыцыйныя беларусы і беларускія групоўкі ў абставінах існуючай сітуацыі знаходзяцца ў такім стане, што ў прынцыпе ня могуць быць перамоўным бокам. Яны тут, за мяжой, існуюць у ролі ахвяры, але не перамоўнай сілы, зь якой вымушаны быў бы лічыцца праціўнік.

Калі б уявіць абсурдную зьяву, што нейкія групы ў іхным становішчы заявілі б пра дыялог з бандыцкім рэжымам, то ў рэальнасьці гэта выглядала б капітуляцыяй, прызнаньнем магчымасьці і неабходнасьці злачынных дзеяньняў рэжыму, і больш таго -- выглядала б апраўданьнем рэжымных злачынстваў і здачай сябе ў няволю.

Таму такое немагчыма. Колішнія заявы мэдыйна раскручанай групоўкі Ціханоўскай-Латушкі пра іхныя перамовы з рэжымам Лукашэнкі, -- гэта сьведчаньне камплектнай інфантыльнасьці ў палітыцы. Лукашэнку няма пра што гаварыць з палітычнымі фантомамі (акрамя, хіба, як пасадзіць іх за краты). Эўропа, вядома, была б тады "заклапочана", але ніхто там сатрапу цяпер нічога ня зробіць. Для Лукашэнкі рубікон пяройдзены. Для Эўропы -- час страчаны.

Тры месяцы таму я ад імя Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту настойваў (і пра тое пісаў) аб перамовах Эўразьвязу з рэжымам па пытаньні зьняцьця забароны і адкрыцьця пасажырскіх авіа і наземных камунікацый. (Пытаньне пра "Белавія" і інш. Гл., напрыклад, выступ на Белсаце ў варасьні гэтага году). Фактычна, і Эўразьвязу, і Лукашысцкаму рэжыму было прапанавана адступіць на адзін крок. Гэта тады было неабходна, і на той час кантакты яшчэ былі магчымымі. Працяг мог бы прывесьці да аднаўленьня транспартных сувязяў і да карэкцыі санкцыйнай палітыкі, шкоднай для Беларусі. Эўразьвяз не скарыстаў такую магчымасьць, бо яна яму была непатрэбная.

Захад, сумесна з Пуціным, праводзіць сваю эгаістычную геапалітыку адносна Беларусі, дарэчы, выкарыстоўваючы для апраўданьня сваёй пазыцыі фантом Сьвятланы Ціханоўскай.

Зараз ужо позна, магчымасьці перамоўнага кантакту ліквідаваныя, нават на дыпляматычным узроўні. Заходнія дзеячы сваёй прымітыўнай санкцыйнай палітыкай, інсьпіраванай Пуціным (прымусовая пасадка самалёта кампаніі "Райнэр" у Менску), загналі Лукашэнку ў кут. Як быццам яны ня ведалі, што нельга заганяць злачынцу ў кут, калі ў яго ёсьць дзьверы. Дзьверы ў Расею.

У выніку Лукашэнка пад ціскам Масквы "папаліў масты", прызнаў Крым расейскім, пачаў гібрыдную іміграцыйную вайну з Эўразьвязам на мяжы з Польшчай, заявіў аб магчымасьці ўвядзеньня ў Беларусь расейскага войска і расейскай ядзернай зброі, даў зразумець, што ў выпадку нападу Расеі на Украіну ён будзе на баку Расеі. Сатрап павялічыў рэпрэсіі на ўсё грамадзтва, распаўсюдзіў іх на ўвесь беларускі народ, на ўладныя структуры. "Всех вырежем", "всех ликидируем", -- публічна крычыць Лукашэнка, -- "всех предателей" і "не наших людей" і т. п. Паўвар'ят, якому далі абсалютную ўладу над краінай і народам, знаходзіцца ў стане афэкту, робіцца правадніком вайны, у злобе і нянавісьці гатовы зьнішчыць краіну і нацыю.

Тут не публіцыстыка -- гэта рэальнасьць. Рэальнасьць магчымай і надыходзячай нацыянальнай катастрофы.

Ня дзіўна, што некаторыя беларусы, ня бачачы простага выйсьця, кідаюцца ў роспач і, каб захаваць народ, краіну і культуру, гатовыя прасіць перамоваў, здацца на ласку і міласьць бандытам узамен за жыцьцё, не разумеючы, што жыцьцё будзе ў ганьбе, а ўрэшце -- яны страцяць і жыцьцё, разам з краінай.

Такія людзі, інтэлігенцыя (прывыклыя да простых гуманнных і законных рашэньняў) ня бачаць выйсьця. Яны ўсьведамляюць, што Беларусь гіне. Краіну і 10-мільённы народ гробіць адзін зацугляны Масквой паўвар'ят, плюючы ўсім у твар, і ніхто ня ведае, што рабіць.

Рэпрэсіўная палітыка, тэрор і паводзіны Лукашэнкі стварылі становішча, зь якога людзям няма выйсьця. Тут так: альбо загіне краіна -- альбо зьнікне Лукашэнка. Краіна загінуць не павінна. Мусіць зьнікнуць Лукашэнка.

Але гэта палова рашэньня. Другая палова -- ў Маскве.

Сітуацыя, якую спарадзіў Лукашэнка (разам з Пуціным) у Беларусі, падобная на сітуацыю з Саддамам Хусэйнам у Іраку. Злачынствы і небясьпека ад Хусэйна была такая вялікая для нацыі, людзей і ўсяго сьвету, што было прынятае рашэньне аб яго арышце, судзе і ліквідацыі. (Нагадаю гісторыю дыктатур. Пра адмаўленьне ад улады з дыктатарамі нельга дамовіцца, іх можна было толькі ліквідаваць.)

У мінулым годзе Беларускі Нацыянальны Сакратарыят працаваў над стварэньнем Беларускага народнага крымінальнага Трыбуналу, які павінен бы быў заняцца судовай справай Лукашэнкі.

Прафэсійныя юрысты-беларусы, суддзі, сьледчыя, пракуроры у ЗША і ў Польшчы, зь якімі мне прышлося гаварыць пра стварэньне Трыбуналу, не рашыліся рызыкаваць. Шкода, бо рэвалюцыйны Трыбунал можна было стварыць з апорай на Канстытуцыю і на праўныя падыходы.

Але праблема застаецца, і яна цяпер можа вырашыцца толькі спосабам асаблівай элімінацыі дыктатара, шляхам адпаведнай працэдуры.

Улічваючы небясьпеку для краіны і выключныя абставіны, якія стварыў у Беларусі антыбеларускі рэжым Лукашэнкі, паўстае задача стварэньня Беларускага грамадзкага Суду (Калегіі грамадзкага Трыбуналу), якая разгледзіць справу, правядзе грамадзкае сьледзтва, заслухае сьведкаў і вынесе прысуд аб арышце ўзурпатара.

Асабліва падкрэсьлю (не ўдаючыся ў тлумачэньні), што, калі будзе вынесены грамадзкі прысуд аб арышце, тады Лукашэнка будзе арыштаваны. Ён зьнікне з улады. Грамадзкі суд павесіць над ім Дамоклавую сякеру, якая даканае злачынцу.

Схема стварэньня грамадзкага суду (Калегіі грамадзкага Трыбуналу) не складаная. Пасьля знаёмства беларусаў з гэтай задачай можна будзе прыступіць да яе ажыцьцяўленьня. Ня будзе вар'ят пляваць у твар усёй нацыі.

Тым часам іронія злога лёсу (дакладней -- становішча) у тым, што і гэтае рашэньне можа стацца ня выйсьцем, а пасткай, калі б, скажам, нацыянальна-вызвольныя сілы ня здолелі апанаваць сітуацыю і тады вылез бы наверх легіён новых пуцінска-газпрамаўскіх "лукашэнак" і не пачалося б ўсё па кругу. Ёсьць над чым падумаць. Ілюзій, што грамадзтва істотна зьмянілася, -- няма, бо гатовае падтрымаць (як некалі Лукашэнку) любую выскачку з чужой табакеркі (абы не Лука). Але Грамадзкі Трыбунал ствараць трэба.

22 сьнежань 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК