СЬВЕДЧАНЬНЕ ПРА ВЯЛІКУЮ БЕЛАРУСКУЮ СПРАВУ
У 1994 годзе, калі Масква выцягнула на ўладны пасад Лукашэнку, стала зразумела, што будуць гробіць усё беларускае, і першым чынам -- Народны Фронт. Адразу ўсё й пачалося. Рана ці позна (калі б рэжым застаўся надоўга) глумілі б усю нашу вызвольную працу і найперш факталогію і гісторыю здабыцьця незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе і саму Незалежнасьць. Так ўсё і сталася.
Сярод Дэпутатаў Незалежнасьці БНФ было некалькі асоб, якія добра трымалі пяро і маглі б напісаць пра падзеі змаганьня за незалежнасьць, пакуль жывая памяць. Пасьля маёй і Сяргея Навумчыка эміграцыі ў 1996 годзе стала відавочна, што зрабіць тое найлепш змог бы якраз Сяргей Навумчык.
Але ўзяцца за працу было ня проста. Мусілі быць пэўныя гарантыі, што напісанае пойдзе ня ў стол. Нарэшце, у 2005 годзе, калі ўжо агледзеліся ў эміграцыі, я ўгаварыў Сяргея выдаць ягоную кнігу пра змаганьне за незалежнасьць яго ўласным аўтарскім коштам і ўзяўся яе надрукаваць у сваім самвыдавецтве "Беларускія Ведамасьці" ў Варшаве. Справа пайшла. У 2006 годзе кніжка выйшла пад назвай "Сем гадоў Адраджэньня альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)", праўда, невялікім накладам: усяго адна тысяча асобнікаў. Кніжка імгненна разышлася і добра чыталася, прытым беларускі ПЭН-цэнтар адзначыў яе прэміяй.
Гэтыя добрыя весьці ўмацавалі аўтара ў рашэньні сур'ёзна працягваць працу далей, сістэмна і мэтанакіравана. У выніку за 15 гадоў выдадзена шэсьць кніжак, апісаныя падзеі з 1991 па 1996 гг., галоўным чынам пра дзейнасьць Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня аж да дзяржаўнага перавароту Лукашэнкі ў лістападзе 1996 года.
Што гэта за кнігі. (На некаторыя раней я ўжо пісаў рэцэнзіі.) Без перабольшаньня адзначу, што Сяргей Навумчык напісаў палітычную гісторыю падзей у Беларусі за часы ўнікальных 90-х гадоў канца 20-га стагоддзя, калі йшло фінальнае змаганьне з Савецкім Саюзам і з камунізмам за волю, дэмакратыю і незалежнасьць Беларусі. І галоўнае, што гэтае змаганьне беларусаў, якое ўзначальваў і выяўляў палітычны авангард народа Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне", -- галоўнае, што гэтая барацьба завяршылася перамогай беларусаў. Дзейнасьць камуністычнай партыі і савецкага камсамола была спынена. Беларусь пазбавілася ад СССР і здабыла незалежнасьць, вярнула на дзяржаўны фасад свой дзяржаўны Бел-Чарвона-Белы сьцяг і дзяржаўны гэрб "Пагоню".
Палітыка (як на практыцы было вядома нам, фронтаўцам) -- гэта ёсьць мастацтва немагчымага. І вось у 1991 годзе гэтае немагчымае было рэальна і разумна дасягнута без аніводнага стрэлу. Парляманцкая мяншыня Фронту, правільна скарыстаўшы сітуацыю, перамагла ў дзесяць разоў большую камуністычную прасавецкую бальшыню і аднагалосна дамаглася незалежнасьці Беларусі. Адбылася падзея найвялікшага гістарычнага значэньня (часам незразумелая, дарэчы, шаблоннаму думаньню). Кнігі Сяргея Навумчыка якраз апісваюць гэтую падзею (дзеля якой варта было жыць у гэтым сьвеце).
Галоўная і добрая якасьць кніг С.Навумчыка -- гэта іхняя факталагічная дакладнасьць, гістарычна-палітычнае граматнае разуменьне сутнасьці працэсаў і зьяў, якія былі. Добрае веданьне аўтарам беларускіх нацыянальных інтарэсаў, мэты і зьместу барацьбы Беларускага Адраджэньня за незалежную Беларусь вылучае яго дасьледваньне (абапертае на дакумантах) як найбольш адпаведнае гісторыі і таму, што адбылося ў першай палове 1990-х гадоў.
Тым часам кнігі напісаныя па-журналісцку, ад першай асобы, з украпленьнем успамінаў, асабістых ацэнак, з апісаньнем асабістых спатканьняў, гаворак, тэлефонных размоваў з рознымі асобамі, з выяўленьнем сваіх уражаньняў і іншых дачыненьняў, часам не абавязковых для напісаньня і малазначных, але ў цэлым спрыяльных, дзеля ўспрыняцьця (чытабельнасьці) тэксту чытачом. Гэтая акалічнасьць дала повад для недабразычліўцаў казаць, што тут не задакумэнтаванае арыгінальнае апісаньне і дасьледваньне, але толькі мэмуарыстыка, і таму значэньне кніг невялікае.
Гэтае абвінавачваньне прыдуманае, зласьлівае і несправядлівае і тлумачыцца, на мой погляд, тым, што "найноўшая гісторыя" -- гэта яшчэ ня ёсьць класічная гісторыя, бо яшчэ жывуць людзі, якія па-рознаму назіралі падзеі, зыходзілі з іншых інтарэсаў (і нават выступалі супроць) і, відаць, хацелі б тут па сваім разуменьні нешта бачыць па-свойму інакш. Гэта марны занятак, але, як кажуць, вечна існуе.
Шэсьць кніг (а дакладней сем) Сяргея Навумчыка аб пачатку стварэньня і дзейнасьці незалежнай Рэспублікі Беларусь -- гэта ёсьць дасьледчы здабытак нашай палітычнай гісторыі незалежнасьці Беларусі, напісаны ўдзельнікам і сьведкам падзей.
Хачу пажадаць аўтару, каб хутчэй была напісана кніга пра 1990 год (пачатак дзейнасьці Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня) і быў завершаны цыкл парляманцкай панарамы змаганьня за волю і незалежнасьць Беларусі.
14 сьнежань 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК