ШКОДНАЯ РЫТОРЫКА КВАЗІ-АПАЗЫЦЫІ Ў БЛІСКУЧАЙ АБГОРТЦЫ

Ціханоўскую запрасілі ў Стразбург на выступ ў Эўрапарляманце.

Асноўнае мотта выступу -- просьба поўнасьцю заблякаваць краіну Беларусь: эканамічныя санкцыі, ні гандлю, ні інвэстыцый, ні кантактаў, нават ні спорту, ні спаборніцтваў. Для народа гэта галеча. Для Лукашэнкі -- Расея, куды рэжым пацягне ўсю Беларусь.

Такіх прысутных у палітыцы аматараў санкцый і эканамічных блакад для краіны называюць карыснымі ідыётамі. Пуцін пацірае ручкі. Шлюз для Беларусі ў Расею павялічвецца. Крок ў лева, крок ў права -- толькі ў Маскву. "Саюз" вар'ятаў мацнее. Эўрабюракратыя сустракае гэтую рыторыку ў эўрасьценах з энтузіязмам, а "дэмсмі" з радасьцю. Праўда, тут толькі рыторыка (і не дармовая), але маслам у крамлёўскія душы.

Гучыць правільна, што неабходна спыніць рэпрэсіі, дапамагчы лекамі і вакцынай супраць Ковіда-19, выпусьціць незаконна зьняволеных. Гэта важна. І ў Эўропе пра тое гаворыцца (праўда, толькі гаворыцца). Але ў рацыянальнай палітыцы ёсьць прыярытэты, ад якіх залежыць сутнасьць існаваньня. Такім прыярытэтам ёсьць незалежная дзяржава і суверэнітэт краіны, -- каштоўнасьці, якія нават ускрсна, нават апасродкавана нельга падвяргаць небясьпецы. Страціўшы дзяржаву, суверэнітэт і незалежнасьць і трапіўшы пад Расею, забудзьце ўвогуле пра правы чалавека, пра працу, культуру, маёмасьць, нацыянальнасьць, павагу і мову, гонар і свабоду. Страціўшы галаву, не клапаціцеся пра валасы. Іх ня будзе.

Тут яшчэ трэба разумець. Усялякія заклікі да іншых, каб "іншыя" вырашылі нашыя нацыянальныя праблемы, агучваюць звычайна далёкія ад нацыянальных інтарэсаў людзі. Як правіла "іншыя" нічога ня вырашаць, але могуць нашкодзіць, бо дбаюць найперш пра сябе.

Цяжка паверыць, што "квазі" настолькі неразьвітыя, што не размеюць пра што кажць. Неразумець можа Ціханоўская, групнікі -- разумеюць. Многія прайшлі праз службу ў пасольствах, скончылі МГИМО, вырабленая агентура, патрабуюць эканамічнай блакады Беларусі ды агітуюць цяпер лапідарна народныя гурты йсьці на незаконны рэфэрэндум, каб быццам сказаць сваё "НЕ" але засьведчыць прыход.

Калі беларусы ў палітыцы збавяцца ад інфантыльнага спосабу думаньня і возьмуцца з розумам самы за сваё і за сябе, -- тады атрымаецца. Як атрымалася ў 1918 і ў 1991. Так што Бог нам ў дапамогу. Усё будзе.

24 лістапад 2021 г. Зянон Пазьняк.