ПАЎТОР ПРАВАКАЦЫІ

Збой фальсіфікацыйнай машыны галасаваньня можа выклікаць ў Беларусі толькі байкот, непрыход на выбарчыя ўчасткі для галасаваньня. Непрыход відочная зьява, факт, які фіксуецца, які схаваць цяжка нават пры элемэнтарным назіраньні. Фальсіфікацыя колькасьці прагаласаваных пры непрыходзе на ўчасткі, доказна выяўляецца і правяраецца (у адрозьненьні ад разьмеркаваньня і характару галасоў, калі галасуюць тайна). Непрыход на ўчасткі даказваецца яўна і рэальна, збайкатаванае галасаваньне ня можа быць прызнаным. Гэта важна ў лёсавызначальных пытаньнях і цягне за сабой высновы, якія падвешваюць рэжым у юрыдычным вакууме і дапамагаюць здаровым сілам змагацца з дыктатурай.

У 2004 годзе сваістага роду людзі насуперак закону забясьпечылі бястэрміновасьць выбраньня Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта, зацягнуўшы пратэстны электарат галасаваць на незаконны рэфэрэндум пад лёзунгам "Ідзі і скажі своё "нет". Шмат хто, не задумваючыся (хоць была адчувальная інфармацыя за байкот ад КХП -- БНФ), пайшлі і прагаласавалі, павешалі сабе на шыю вечнага Лукашэнку, бо галасы "малявала" Ярмошына па ўказцы рэжыму. Трэба было толькі забясьпечыць прыход людзей на ўчасткі. І ня важна, як яны прагаласуюць, галасы лічыла фальсіфікацыйная сістэма, якую праверыць пры тайным галасаваньні і ў рэжыме бяспраўя амаль немагчыма. Застрэльшчыкамі правакацыйнага прыходу на галасаваньне былі Лябедзька, Вячорка, Дабравольскі, Хадыка, Статкевіч і іншыя "энтузіясты".

Цяперашнія прадаўжальнікі шаблоннай правакацыі канторы паўтараюць тое самае. Вось што пішуць пра іх ўзахлёб на інтэрнэт-партале "Свабода" (20-ХІ-2021). Цытата: "Сёньня дэмакратычныя сілы апублікавалі плян на дзень галасаваньня наконт новай Канстытуцыі. Яны заклікаюць далучыцца да стратэгіі дзеяньняў, якую распрацавалі грамадзянскія ініцыятывы «Сумленныя людзі», Zubr, плятформа «Голас» пры ўдзеле Офіса Сьвятланы Ціханоўскай, Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва і Каардынацыйнай рады."

А вось іхняя "стратэгія". Цытата: «„Рэфэрэндум“ заплянаваны на пачатак 2022-га года. Гэтае мерапрыемства — злачынства і падман, якое мы, беларусы, ператворым у „вотум недаверу“ рэжыму. „Сумленныя людзі“, „Зубр“, „Голас“ заклікаюць прыходзіць на ўчасткі і рабіць бюлетэнь несапраўдным. Гэтае дзеяньне азначае, што мы ня згодныя з рэжымам і выступаем за ўсталяваньне законнасьці і стварэньне ўмоў для правядзеньня сумленных выбараў».

Такая ёсьць новая інфантыльная "стратэгія" пад кодавай назвай "Ідзі скажі "нет" па насьледзтву ад старых канторскіх.

Я ўжо ні кажу пра тое, што заклікаць цяпер, у час тэрору, на паўтор Жніўня 2020 года (калі беларусы яшчэ не акрэплі, а рэжым ашчэрыўся) ёсьць небясьпечная авантура (хоць і не выканальная), якая пахне расправай над людзьмі.

Ведаючы нацыянальна нявызначаную сутнасьць гэтых квазі-апазыцыйных асобаў і прыхільнасьць іх (Латушка-Ціханоўская) да Масквы, я неаднаразова паўтараў, што сьледства аб іхняй "дзейнасьці" будзе неунікнёным. Хаця яны ўжо цяпер заслугоўваюць таго, каб іх спыніць, пакуль ні нарабілі непапраўнай шкоды народу і Беларусі. Яны ўсё больш раскрываюцца, але калі неўзабаве поўнасьцю зойдуць у свой палітычны тупік, тады псэўда-палітычнае існаваньне іх мусіць быць спынена жорстка і незваротна. Настане час, калі гэта зробіцца.

20 лістапад 2021 г. Зянон Пазьняк