ПАЗБАЎЛЕНЬНЕ АД РАСЕІ
На старонцы https://reform.by/ тыдзень таму зявілася вялікае інтэрв'ю, запісанае журналістам Аляксандрам Атрошчанкавым. Тут зьмяшчаю крыху дапоўнены яго фрагмэнт па важных патаньнях. Зянон Пазьняк.
...
Аляксандар Атрошчанкаў:
— Вы кажаце, што галоўнай функцыяй пратэстаў стала адраджэнне і аб’яднанне нацыі. Але сёння можна казаць пра існаванне ў Беларусі дзвюх калі не нацый, то субэтнасаў: умоўна, незалежніцкага бел-чырвона-белага, арыентаванага ў большай ступені на Захад і дэмакратычныя традыцыі, і чырвона-зялёнага, арыентаванага ў большай ступені на Усход і на традыцыі Расійскай Імперыі. І Лукашэнка робіць не пазбаўленыя поспеху спробы мабілізаваць вакол сябе гэтую другую групу. Ці ёсць магчымасць аб’яднання гэтых субэтнасаў у адзіную нацыю?
Зянон Пазьняк:
-- Двух субэтнасаў у Беларусі не існуе. Ёсьць адзін Беларускі аўтахтонны этнас пакалечаны акупацыйнай палітыкай і русіфікацыяй.
У Беларусі не існуе іншых аўтахтонных этнасаў акрамя беларусаў. Гэта адлюстравана ў Канстытуцыі. ( "Артыкул 1. Рэспубліка Беларусь -- унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава").
Канфлікт паміж людзьмі, якія супраць Лукашэнкі і прарасейскай бюракратычнай мафіі і паміж тымі, хто падтрымлівае аўтарытарную ўладу, мае перш за ўсё палітычны характар. Тут пытаньне сацыяльна-палітычнай арыентацыі, простае і прыземленае -- Лукашэнка гэта сініца ў руцэ ("пэнсіі дае", у крамах ўсё ёсьць і г. д.), а свабода, дэмакратыя, вольная нацыя, культура, самы сабе гаспадары без Расеі -- гэта для людзей, арыентаваных на Лукашэнку, -- журавель у небе. Астатняе (выяўленьне нянавісьці і т. п. ) стварае на гэтай глебе прамаскоўская прапаганда і рэжым Лукашэнкі. Незразумелыя многім людзям слоўцы тыпу "субэтнасы" нараджаюцца аддтуль жа.
І да гэтай тэмы. Натуральнае права ўнітарнай аўтахтоннай краіны сьведчыць аб яе адзінай нацыянальнай мове, якая ёсьць (і становіцца) мовай дзяржаўнай. Руская мова як мова каланіяльнай палітыкі русіфікацыі ня можа па азначэньню быць дзяржаўнай мовай нацыянальнай краіны Беларусі, бо зьяўляецца праладай барацьбы з адраджэньнем свабоднай Беларускай нацыі. Спасылкі імпэрскіх прапагандыстаў на поліэтнічныя краіны тыпу Швайцарыі, Бэльгіі, эмігранцкай Канады і т. п. (каб навязаць расейскую мову для Беларусі) зьўляюцца не навуковымі і вульгарнымі.
Тым часам існуе тыповая гістарычная сітуацыя, калі пасьля ўпадку імпэрыі (ці выхаду краіны з пад ўлады імпэрыі) імпэрская мова можа адыгрываць пэўны час функцыю мовы сацыяльных зносін у вольнай краіне (што, дарэчы, адзначана і ў законнай Канстытуцыі Беларусі, прынятай Вярхоўным Саветам у 1994 годзе).
Гэтыя мае ўступныя тэзісы неабходныя тут для таго, каб лепш зразумець, што хаваецца за развагамі пра прыдуманыя "субэтнасы" і зь якога ўзроўню думак яны ўзьнікаюць.
Нічога новага ў такой рыторыцы няма. Амаль 200 гадоў у Беларусі праводзілася мэтавая палітыка Расеі, накіраваная на знішчэньне Беларускай нацыі і культуры. Адбывалася татальная русіфікацыя, знішчэнне культурных здабыткаў, стваралася русіфікаваная псэўдакультура, псэўдаідэалогія. Імпэрцы дасягалі вынікаў. Па-першае, фізічна зьнішчаны быў беларускі набілітэт – інтэлігенцыя, шляхта, рэлігія і дзеячы рэлігіі. Зьнішчылі тысячы беларускіх кніг, ад якіх засталіся толькі назвы. Усё было вынішчана настолькі, што людзі, якія тут жылі – носьбіты спадчыны Полацка і Вялікага Княства Літоўскага – ня ведалі, хто яны такія, і называлі сябе «тутэйшымі». Такі вынік палітыкі Расейскай Імпэрыі.
З нацыянальным адраджэннем пачала адраджацца ідэя беларускай дзяржаўнасьці, нацыі, культуры, збіраньне ўсяго разбуранага па частках. Гэты працэс ідзе па сёньняшні дзень. Імпэрыя ня зьнікла. Яна зьмянялася: царская імпэрыя зьмянілася ў бальшавісцкую, бальшавіцкая ў чэкісцкую. Калі Савецкі Саюз падышоў да свайго канца, узьнік новы беларускі нацыянальны рух, які абапіраўся на каштоўнасьці барацьбы ХІХ-ХХ стагоддзяў – на тое, за што змагаўся Кастусь Каліноўскі. Таму што і вораг быў той самы.
У гэтых абставінах існаваў канфлікт паміж імпэрскім (савецкім) афіцыёзам і тымі беларусамі, якія не прымалі імпэрскай ідэалогіі і расейскага спосабу думаньня альбо адмовіліся, адыйшлі ад імпэрскай сьвядомасьці і ад каланіяльнага стану жыцьця, зрабілі сьвядомы выбар на карысць свабоды і пабудовы нацыянальнай дзяржавы.
Гэты канфлікт (паўтаруся) сьведчыць не пра існаванне дзвюх нацый ("субэтнасаў") – каланіяльнай і антыкаланіяльнай, але выяўляе працэс пазбаўлення ад імпэрскага каланіялізму, працэс паўтаральнага адраджэньня Беларускай нацыі (які пэрыядычна доўжыцца ўжо другое стагоддзе, і тое трэба разумець; гэтая вайна суправаджаецца стратамі, ахвярамі, змаганьнем і выжываньнем). Тут таксама класічная схема, шлях, праз які праходзілі шмат якія забраныя народы.
Нацыянальная дзяржава прадугледжвае агульную нацыянальную ідэю, агульнае кіраўніцтва, агульныя прынцыпы. Нацыянальная дзяржава зьяўляецца базісам — дэмакратыя ёсьць надбудова. Так было па ўсёй Эўропе, так пачыналася «Вясна народаў» (шэраг антыфеадальных і нацыянальна-вызвольных рухаў у Эўропе ў сярэдзіне ХІХ стагодзя, – заўв. Reform.by). У сваім часе праз гэта прайшлі і чэхі, і палякі, і сербы з балгарамі, і вэнгры, і славакі, і ўсе іншыя. У Беларусі гэтыя працэсы адбыліся крыху пазьней, бо Аўстра-Вэнгерская, Пруская, Атаманская імперыі распаліся, а Расея застаецца дагэтуль, і барацьба яшчэ працягваецца.
Нельга сур'ёзна ўспрымаць разважаньні пра субэтнасы. Тут адлюстраваньне адвечнай барацьбы акупацыйнай палітыкі і прапаганды рускага каланіялізму супраць беларускага нацыянальнага Адраджэньня. Беларусы — адзінародная нацыя, у якой ёсць гістарычна выпрацаваная адзіная мова, адзіная тэрыторыя, адзіная гісторыя. У выніку рускай каланіяльнай палітыкі беларускую мову забаранялі, абмяжоўвалі, не пускалі, знішчалі, вырасталі пакаленні, якія размаўлялі на чужой мове, не ведаючы сваёй. Ім ужо стала прывычна размаўляць на чужой мове. Тут сітуацыйная праблема і сітуацыйны падзел, але іншага выхаду, акрамя як адраджэньне нацыі, няма. Калі беларусы не будуць вяртацца да сваёй мовы, гісторыі, культуры, да сваёй нацыі – іх шлях у Расею, у каланіяльную імпэрыю. Другога шляху няма. Прытым, гэты шлях будзе нават бяз іх волі. Сваю дзяржаву «ябацек» дэнацыяналізаваныя беларусы не пабудуюць. Няма пэрспэктывы такога існаваньня побач з Расеяй. Няма нацыянальнай дзяржавы без нацыянальнай сьвядомасьці.
А ў цэлым тут маніпултарская імпэрская палітыка, якая паразітуе на здэградаванай самаідэнтыфікацыі людзей, што стварылася ў выніку каланіяльнай (савецкай) русіфікацыі.
Цяпер канфлікт існуе паміж старой каланіяльнай русіфікатарскай палітыкай, паміж тым сацыяльным пластам, які яна стварыла, і паміж новымі людзьмі волі, свабоды, незалежнасьці, якія бачаць існаваньне нацыі і будучыню ў вольнай беларускай нацыянальнай дзяржаве. Гэта канфлікт паміж нацыянальнай ідэалёгіяй і пазыцыяй сацыяльнага выбару, які можа зьмяніцца ў залежнасьці ад абставін (што часткова пацьвердзілася нават у падзеях 2020 года).
Беларуская нацыя можа лёгка стаць палітычна адзінай у нацыянальнай свабодзе, калі гэтая свабода прынясе выгаду і дабрабыт. І вось тут шмат будзе залежыць ад сілы нацыянальнага духу, бо нацыянальную дзяржаву трэба будаваць, каштоўнасьці напрацаваць і выпрабаваньні непазьбежныя. Бо трэба разумець, што дабрабыт (на жаль) зьяўляецца галоўнай каштоўнасьцю для бальшыні беларускага насельніцтва. У такім стане дух, волю і нацыю трэба пускаць паперадзе, у аваннард. Інакш параза. І ня трэба мудрыць з адваротнага. Яно было. Змагаючыся за нацыю і свабоду -- здабываем хлеб. Але не наадварот.
Паўтаруся: мы тут не унікальныя. Паглядзіце нават на Украіну. Сёння гэта ўжо нацыянальная дзяржава (якія б цяжкасьці яна не перажывала), а ўсяго дзесяць гадоў таму такога яшчэ не было. Дзесяць гадоў таму ў іх былі фактычна такія ж самыя праблемы са свядомасцю і ўсім іншым (можа, у меншым маштабе), як і ў нас. Працэс пазбаўлення ад каланіялізму, ад каланіяльнага думаньня, ад русіфікацыі і рабскай псіхалогіі -- гэта працэс гістарычны. Выразаць яго са свядомасці немагчыма. Свабода і яднанне ў свабодзе ёсць у прыродзе чалавека. Расейцы мільёнамі забівалі вольных беларусаў, а беларус жыве, і ў кожным пакаленні паняверкі ўсё роўна вырастаюць людзі, гатовыя змагацца за волю і свой народ.
А. А.: — Не ўсе уяўляюць маштабы, у якіх вынішчалі…
З. П.: — Маштабы жудасныя. Пасля Рыжскай змовы ў 1921 годзе паміж бальшавіцкай Расеяй і Польшчай палову Беларусі аддалі Польшчы, палову забрала Расея. Пакінулі толькі шэсць паветаў Менскай вобласці і назвалі гэта БССР. Там было 104 кіраўнікі вышэйшай партыйнай і савецкай адміністрацыі (кіраўнікі адміністрацыйных структур). Зь іх у 1937-м расстралялі 102. І гэта я кажу толькі пра вышэйшую дзяржаўную адміністрацыю. Я не кажу пра мастакоў, паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, сялян ды рабочых. Пісьменьнікаў было прыкладна 700. Зь іх расстралялі 500. Сто з гэтых пісьменьнікаў і паэтаў расстралялі ў Курапатах за адну ноч 29 кастрычніка 1937 года. І гэта тое, што пераважна адбывалася толькі ў той частцы сёньняшняй Беларусі, а калі лічыць з 1920 па 1953 год, то, па маіх падліках, рускія камуністы знішчылі ў Беларусі прыклада 1,8 мільёна чалавек.
Замест тых расстраляных кіраўнікоў і адміністратараў у Беларусь прыехалі тыя, хто ў камуністычнай гісторыяграфіі называюцца «выдзвіжэнцамі». Гэта камуністычныя кадры з Расеі, якіх прывезлі ў Беларусь займаць пасады расстраляных «врагов народа» (іх нібыта "выдвігалі" партыйныя і рабочыя "калектывы" ў Расеі). Прыехалі яны з жонкамі, дзецьмі. Пачынаецца верасень. «Что? Какой «вересень»? Что это за месяц? Это что, наши дети должны этот собачий язык учить? Ликвидировать беларусские школы!». Вось так гэта і працавала.
Быў вал татальнага вынішчэння ўсяго беларускага. Тое зьнішчэньне мы адчуваем па сёньняшні дзень. Цяпер рэжым Лукашэнкі аднавіў вынішчэньне Беларусі і практыку сталінскіх рэпрэсіяў на новым маскоўскім узроўні. Турмы перапоўненыя беларусамі, арыштаваных катуюць, гэбоўскія карнікі ўломваюцца ў кватэры і забіваюць людзей.
Але нацыя здольная адраджацца нават у такіх умовах. Ёсць палітычныя, сацыяльныя працэсы, але існуюць яшчэ і натуральныя працэсы – законы прыроды. Новае пакаленне вырасла ў ненармальных, скасабочаных палітычных умовах, але ў незалежнай дзяржаве. Людзі, якім было дзесяць гадоў у часы аднаўленьня незалежнасьці, сёньня маюць 35-40, і яны не хочуць мірыцца з хамскім маразмам антынароднай улады. Таму нічога дзіўнага няма ў тым, што пратэсты прайшлі пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі. Бо гэта ёсць нацыянальная альтэрнатыва прарасейскаму варварству рэжыма Лукашэнкі...