ЯК ПРАДУХІЛІЦЬ КАТАСТРОФУ

Тэарэтычна адказ ляжыць на паверхні -- ліквідаваць уладу Лукашэнкі і яго асяроддзя.

У рэальнасьці ў Беларусі адбылася параза стыхійнай электаральнай рэвалюцыі пратэсту і працягваецца жорсткі (ў форме гібрыднага генацыду) наступ антынароднай рэакцыі, арышты і рэпрэсіі.

Беларускі супраціў знаходзіцца ў падзем'і, карыстаецца партызанскімі мэтадамі дэманстрацыі нязгоды з рэжымам.

Небясьпечна тое, што праблему ліквідацыі ўлады Лукашэнкі ўзялі на сябе зьнешнія сілы, абапіраючыся на сумніўныя ўяўленьні апазыцыйных груповак, якія зь імі супрацоўнічаюць.

Галоўнай прыладай пазбаўленьня ад улады Лукашэнкі стала палітыка эканамічных санкцый Захаду супраць Беларусі (тым часам палітычна выгадная Расеі).

Задума гэтых эканамічных санкцый (якія нібыта павінны прымусіць Лукашэнку адыйсьці ад улады) памылковая і недасягальная, бо Лукашэнка мае выхад у Расею. Расея будзе падтрымліваць Лукашэнку, прымушаць яго да саступак суверэнітэту і павышаць свой кантроль над Беларусяй да таго часу, пакуль эканамічныя санкцыі, камунікацыйная і эканамічная блакада ні разбураць ушчэнт эканоміку Беларусі і ні апусьцяць у галечу народ, а Лукашэнка з свайго боку, не разбурыць нацыянальную культуру і ня зьнішчыць дазваньня грамадзкую супольнасьць краіны.

Тады Масква, скарыстаўшы загнанага ў кут Лукашэнку, паспрабуе забраць Беларусь (і ўсё, што ў Беларусі) голымі рукамі і вызначыць лёс дыктатара.

Гэта рэальны сцэнар і рэальны працэс, які ўжо адбываецца.

9-га верасьня Пуцін і Лукашэнка ўзгаднілі 28 "дарожных картаў", якія на справе зьяўляюцца планам расьцягнутай акупацыі і эканамічнага паглынаньня Беларусі Расеяй.

Засталося некалькі магчымасьцяў дзеля ўратаваньня становішча і дзеля ліквідацыі дыктатуры.

Каб супрацьстаяць падрыхтоўцы катастрофы краіны (думаючы тэарытычна), трэба б было ліквідаваць транспарта-камунікацыйную блакаду (паветраную і наземную) і галоўнае -- прыпыніць, замарозіць хаця б часткова і выбарачна эканамічныя санкцыі пры ўмове спыненьня рэпрэсіяў і зьнішчэньня грамадзкай супольнасьці рэжымам у Беларусі.

Паўтаруся, што эканамічныя санкцыі з мэтай вымусіць Лукашэнку адмовіцца ад улады (шляхам выбараў і т. п.) -- гэта абсалютна памылковая палітыка, якая ня ўлічвае дачыненьняў рэжыму з Расеяй і якая з гэтай прычыны не ліквідуе ўлады дыктатара, але ўдарыць па дабрабыту народа Беларусі, створыць умовы для інтэграцыі (анэксіі) Беларусі ў Расею.

Магчымасьці прыпыненьня санкцыяў у гэтай сітуацыі невялікія (але яны існуюць), шансы на перамены таксама мізэрныя, бо яны вымагаюць палітычных і дыпляматычных перамоваў паміж бакамі, што знаходзяцца ў стане гібрыднай вайны. Прытым істотнае тое, што ў змагарных беларусаў няма такой моцнай палітычнай сілы, якая б змагла паўплываць на перамены санкцыйнай палітыкі.

Тым ня менш, трэба скарыстаць усе магчымасьці, нават тэарэтычныя. Беларускі Нацыянальны Сакратарыят зьвярнуўся зь лістамі аб праблеме санкцый і камунікацый у структуры Эўразьвязу, да прэзыдэнта і прэм'ера Польшчы. Зразумела, што вынік гэтых лістоў мог быць толькі інфармацыйны. Але яны павінны былі быць.

Нядаўна я праінфармаваў грамадзтва аб памылковасьці эканамічных санкцый (дзеля ліквідацыі ўлады Лукашэнкі) і аб разбуральнасьці іх для беларускага грамадзтва ў эксклюзыўным артыкуле і потым -- у адкрытым эфіры Эўрарадыё. Гаварылася аб неабходнасьці аднаўленьня транспартна-пасажырскіх авіяцыйных і наземных камунікацыяў дзеля інтарэсаў грамадзтва і аб магчымасьці прыпыненьня эканамічных санкцыяў у выніку дыпляматычных кантактаў з рэжымам Лукашэнкі пры ўмове спыненьня рэпрэсіяў і разбурэньня беларускай грамадзкай супольнасьці.

Зразумела, што гэта патрэбна найперш для людзей, для беларускага грамадзтва. Тым часам рэжым у спыненьні рэпрэсіяў не зацікаўлены. Але аргумэнты з іншага боку былі б моцнымі. Словам, дамоўленасьці магчымыя, але патрэбная воля і разуменьне таго, што прыпыненьне санкцыяў, спыненьне рэпрэсіяў, вызваленьне з турмы (на пачатку, скажам, журналістаў) адновіць лепшыя ўмовы для далейшай нацыянальнай кансалідацыі грамадзтва.

Нагадаю зноў. Сістэма ўлады, дэмакратыя ёсьць надбудовай. Базісам ёсьць нацыя, культура і нацыянальная дзяржава. Ніякая дэмакратыя немагчымая, калі разбураць базіс (што робіць Лукашэнка пад кантролем Масквы).

Малаверагодна, што за карэкцыю санкцыйнай палітыкі і авіяпасажырскай блакады возьмуцца зьнешнія сілы, якія цяпер экспэрэмэнтуюць над нашай краінай.

Але грамадзтва мусіць ведаць, што насамрэч адбываецца, каб разумець, каб супольна думаць і шукаць выйсьце.

Перамога над рэжымам не павінна дасягацца стратай незалежнасьці краіны, бо тады зьнікае сэнс змаганьня і зьмест нацыянальнага існаваньня. Перамога не прыходзіць звонку.

Раз за разам зьяўляюцца паведамленьні аб дзеяньнях эканамічных санкцыяў. Нядаўна Летува не прапусьціла экспарт з завода БелАЗ у Чылі. Куды пойдзе БелАЗ? Правільна -- у расейскі порт. Забаранілі лятаць самалётам Белавіі праз Польшчу ды Украіну. Самалёты лятуць праз Расею. Рускім прыбытак. Безадказныя просяць адключыць SWIFT. Тады разьлікі пойдуць праз Расею. І банкі -- туды ж. І разьлікі насельніцтва -- там жа, і г. д. Пуціну і клапаціцца шмат ня трэба. Сядзі і назірай, як працуюць загоншчыкі Беларусі ў пуцінскую Расею.

З двух бакоў нішчаць краіну. Лукашэнка -- людзей і культуру. Захад -- эканоміку і дабрабыт. Праклятая пара.

Разумеем, што ліквідацыя блакады камунікацыяў і прыпыненьне эканамічных санкцыяў -- задача малапад'ёмная. Гэтаму будзе скрыта працівіцца Расея. Да гэтага яшчэ не падрыхтаваны Захад. Тым больш, што рэальна няма моцнай нацыянальнай сілы ў Беларусі і за мяжой, каб тое пытаньне практычна падняць. Але паўтаруся, -- мы ставім яго пакуль што рытарычна, каб яно было, бо найважнейшым для нас ёсьць нашыя людзі, наш народ і наша незалежнасьць.

Пастаноўка праблемы з нашага боку шырока ня выйшла ў сродкі масавай інфармацыі (бо іх у беларусаў, фактычна, ужо няма). Усё абмежавалася Інтэрнэтам. Але цікавае назіраньне. Праблема выклікала шалёную атаку рускіх троляў і прарасейскіх аматараў палітыкі ў звыклай форме зьняваг аўтара. Але тое якраз ёсьць паказчык, які карэлюецца з пазыцыяй Расеі.

Другая магчымасьць барацьбы ў становішчы рэакцыі, тэрору і перасьледу існуе ў Беларусі здаўна. Я пісаў пра гэта яшчэ ў 2014 годзе, калі Расея распачала вайну з Украінай. Гэтая магчымасьць -- пастаяннае стварэньне схаваных групаў супраціву па 2-3 чалавекі, зьвязаных гарызантальна. Няхай такія групы ствараюцца пастаянна. Няхай існуюць нават чыста намінальна, але яны павінны быць, каб не ўтварылася сітуацыя, як у жніўні 2020-га, калі пачаўся масавы пратэстны ўздым, якога не чакалі, да якога ніхто ня быў гатовы і які паспрабавалі асядлаць чужыя людзі.

У гэтай сувязі зноў паўтараю аб неабходнасьці пашырэньня суполак (толькі па 2-3 асобы) руху "Вольная Беларусь". Гэтае атамізаванае падзем'е можа сыграць ролю, калі настане час мабілізацыі па плану "Перамога".

І ў Беларусі, і за мяжой ёсьць людзі, якія шчыра працуюць дзеля волі, свабоды і адраджэньня Бацькаўшчыны. Мабілізацыйны план "Перамога", падрыхтаваны Байполам, -- гэта на сёньняшні дзень адзіная канструктыўная і прадуманая схема агульнанацыянальнага рушэньня па ліквідацыі дыктатуры дзеля адраджэньня правапарадку ў Беларусі. Гэты план карэлюецца з задачамі руху "Вольная Беларусь". Яго трэба падтрымліваць, запісвацца туды, у ім трэба ўдзельнічаць.

Якія б ні былі рэпрэсіўныя дзеяньні рэжыму Лукашэнкі супраць народу Беларусі, пэрспэктывы ў рэжыма няма. Яго падзеньне -- пытаньне часу. Але трэба вельмі супраціўляцца, каб не дазволіць узурпатару здаць суверэнітэт краіны за працяг яго збанкрутаванай улады. Важна таксама, каб мінімізаваць ахвяры і каб ліквідацыю злачыннай улады зрабіў сам беларускі народ, каб не ўмяшаліся здрайцы і чужыя "дабрадзеі" са сваімі інтарэсамі. Ня гледзячы на вельмі цяжкі час, перамога будзе за беларусамі.

10 верасьня 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК