“СТРАНА ДЛЯ ЖЫЗЬНІ”

І ўсё ж такі нешта нядобрае робіцца ў галовах некаторых беларусаў, што вырасьлі пад паранойнай уладай. Ужо 25 гадоў назіраю за цяперашнімі эмігрантамі зь Беларусі. Бывае ўсяляк. Але ў цэлым сумнае відовішча.

Ёсьць людзі, якім ня трэба ні свабода, ні вольная Беларусь і ніякая іншая Беларусь. Яны шукаюць "страну для жызьні".

Цяпер, выкарыстоўваючы эміграцыю, зь Беларусі ў суседнія краіны (Польшчу, Летуву, Украіну, Нямеччыну і інш.), паехаў таксама на плячах беларусаў "русскій мір" і сцьвярджае там сваю прысутнасьць. Ва Украіне ўжо сталі забіваць беларускіх патрыётаў, а ў Вільню ўжо нават рускія школы зь Менску сталі пераязджаць дзеля русіфікацыі "эмігрантаў". Скора пачуем адтуль: "Пуцін, мудрый, помогі!"

Зразумела, што "ватную палітыку" трэба адкідаць, ачышчацца ад рэжымнай заразы. Ёсьць магчымасьці. Бларусам за мяжой цяпер трэба хутчэй ствараць свае беларускія арганізацыі, беларускія школкі, беларускія выданьні, пашыраць беларускую мову, беларускую літаратуру, ствараць беларускія хрысьціянскія суполкі і г. д., словам -- адраджаць беларускае нацыянальнае жыцьцё. Тым больш, што няма перашкодаў, ніхто не перасьледуе за мову і за Беларусь.

Калі не ствараць нацыянальныя ініцыятывы, асяродкі, суполкі, выданьні ў роднай мове, калі нацыянальна не гуртавацца, тады беларускае жыцьцё на эміграцыі заглушыць поўрасейскае ватнае пустазельле.

Мы ж бачым іх, тых, інфантыльных, што паддаліся чужому ўплыву і справакавалі хвалю гібрыднага генацыду у Беларусі ды шкодзяць цяпер за мяжой, патрабуюць эканамічных санкцыяў, каб пакласьці ў магілу краіну і (як на Кубе) загнаць у галечу народ. (Рэжым ад гэтага ня згіне, а толькі азьвярэе і пусьціць Маскву на парог).

Адраджэньне -- гэта працэс, які нацыянальная цемра і ворагі Беларусі зноў хочуць пусьціць пад нож.

Тым, хто яшчэ здольны разумець, нагадаю найразумнейшую і найсьвяцейшую праўду, зь якой пачынаецца Эвангеліе Яна: "На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Усё праз Яго сталася, і без Яго ня сталася нічога з таго, што сталася."

Эвангелія тут падказвае: калі ня будзеце мець Беларускай мовы, тады ня будзе вам ні Беларусі, ні Айчыны, ні хлеба, ні свабоды. Будзеце бадзяцца і вечна шукаць "страну для жызьні".

21 жнівень 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК