ЗАЎВАГІ АБ АХВЯРАХ І СПРАЎЦАХ

Гэтым выказваю сваё спачуваньне сябрам, сваякам і нявесьце беларуса Віталя Шышова, забітага ворагамі Беларусі. Віталь Шышоў -- ахвяра злачынцаў злачыннай улады. Прыйдзе час -- і яны будуць пакараныя.

Ідзе вайна супраць беларусаў, якая перакрочыла тэрыторыю краіны. Забойствы за мяжой -- гэта почырк маскоўскай Лубянкі, якая выкарыстоўвае супраць беларусаў злачынны лукашысцкі рэжым. Цяпер гэта схавана, але стане вядома ўсім.

Вымоўны прыклад -- забойства Паўла Шарамета. Аўдыёзапісы, абнародаваныя агентурай, сьведчаць аб падрадным удзеле ў гэтым злачынстве лукашысцкага КГБ.

Прычына забойства Шарамета -- тыповая для лубянскай мэнтальнасьці карпаратыўнай помсты і крымінальнага пакараньня.

Згодна з аналізам дасьведчаных змагароў з рэжымам, Павел Шарамет быў зьвязаны з палітыкай расейскіх спэцслужбаў. Ён варожа ацэньваў рэвалюцыйныя дасягненьні Беларускага Народнага Фронту, грэбліва адносіўся да беларускай мовы, падтрымліваў агрэсію Расеі супраць Чачэніі і г. д.

Пункт пералому ў сьветапоглядзе настаў у 2014 годзе пасьля агрэсіі Расеі супраць Украіны. Незадоўга да сьмерці Шарамет напісаў і публічна пакаяўся за свае дрэнныя адносіны да беларускай мовы, сказаў, што трэба шанаваць і ведаць нашу беларускую мову, паведаміў, што ён купіў падручнік па беларускай мове і сур'ёзна заняўся яе вывучэньнем.

Беларусам, якія вырасьлі пад антыбеларускім рэжымам і яшчэ не зразумелі значэньня мовы і сутнасьці расейскай вайны супраць Беларусі, нагадваю. Палітычнае пытаньне нумар адзін па важнасьці ў расейскай антыбеларускай палітыцы, пачынаючы ад цароў, ад папоў, ад бальшавікоў, ад так званых рускіх "дэмакратаў", ад так званага рускага "народа" і заканчваючы пуцінскім "рускім мірам", -- палітычнай задачай нумар адзін ёсьць задача ліквідацыі беларускай мовы. З вырашэньнем гэтай задачы ўсе астатнія задачы акупацыі і сьціраньня Беларусі з мапы сьвету вырашаюцца лёгка.

Расейцы ў дзяржаўнай масе сваёй, і тыя, што сядзелі, сядзяць і будуць сядзець у Крамлі, разумеюць гэта дасканала.

Беларуская нацыя -- гэта Беларуская Мова. Беларуская дзяржава -- гэта Беларуская Мова. (Ня будзе Беларускай дзяржавы без Беларускай Мовы, не тлумеце сабе мазгі, разумнікі, каб ні памерлі ад чужога розуму.) Беларуская свабода -- гэта Беларуская Мова.

Дык вось, Шарамета забілі. Ён перайшоў мяжу, заскочыў за чырвоныя сьцяжкі, як Літвіненка, як Скрыпаль і мноства іншых.

Задача ліквідацыі была ськінута на Лукашэнку. Хто гэта зрабіў -- пакуль невядома. Але лубянска-лукашысцкія вушы відаць.

Відаць яны і ў забойстве Віталя Шышова. Дзіўлюся, што ніхто не папярэдзіў яго пра вядомыя ў палітычным і крымінальным сьвеце змрочныя фігуры, якія акружалі яго асобу. Гэта той выпадак, калі палітыкай у стане вайны трэба ўважліва цікавіцца, пакуль палітыка ні зацікавілася вамі.

Лубянскі лукашызм выйшаў за межы свайго канцлягеру. Хваля ўцекачоў зь Беларусі (як і ў 2010 годзе) падняла агентурную пену. Але цяпер сталі засылаць функцыянераў па спэцыялізацыі (па выкраданьні, ліквідацыі, "самагубствах" і т. п.).

У Варшаву заслана некалькі дзясяткаў такіх канторскіх рабоў (вядомыя нават дэталі).

Для эміграцыйных асяродкаў настаў час стварыць сваю службу бясьпекі. Складанасьць, аднак, у тым, што пакуль расхістаюцца аматары, такую службу створыць Лубянка. Тым ня менш, паколькі вайна перакрочыла нацыянальныя межы, ваяваць трэба. Ні там, ні тут рэжым не ацалее.

4 жнівень 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК