МАСКОЎСКІ ПАДСТАЎНЫ ПРАЕКТ ПРАЦЯГВАЕЦЦА

Масква занепакоілася крытыкай санкцыйнай палітыкі супраць Беларусі. Нядаўна вуснамі Ціханоўскай група няўклюдна агучыла свае апраўданьні. Гучыць надумана. Маўляў, мы патрабуем выпусьціць палітвязьняў, спыніць катаваньні, арышты, перасьлед і пачаць перамовы з апазыцыяй (гэта значыць зь імі). Ну, але паколькі рэжым нічога ня слухае (а групоўка, хоць і на ўтрыманьні Эўропы, ніякой рэальнай сілы не ўяўляе), то яны запатрабавалі санкцыяў. Запатрабавалі каб чужыя сілы і чужыя краіны эканамічна ўдарылі па Беларусі, спадзеючыся такім чынам чужымі рукамі зьнішчыць уладу Лукашэнкі (насельніцтва тут не ў разьлік).

Подласьць такога апраўданьня антынароднай пазіцыі нават не настолькі ў тым, што да санкцый заклікаюць асобы, якія існуюць за мяжой на чужым фінансаваньні, але найперш у ашуканстве людзей ігнараваньнем агульнавядомага гістарычнага факту -- санкцыі ніколі і нідзе не прыводзілі да ўпадку дыктатара. Дыктатары заставаліся, а народ гінуў, гібеў, галадаў і пакутваў. Найбольш вымоўныя прыклады -- Куба, Паўночная Карэя, Венесуэла. Санкцыі выгадныя тым, хто іх уводзіць.

Нават цёмнае няведаньне гэтай праўды не пазбаўляе ад крымінальнай адказнасьці розных васалаў чужых інтарэсаў (не кажам ужо пра несумленнасьць паводзінаў).

Пры гэтым прамаскоўская накіраванасьць іх застаецца нязьменнай. Яе прапагандуюць, практычна, усе ўдзельнікі газпрам-крамлёўскай групоўкі. Вось тут (https://www.youtube.com/watch?v=AxqJ_D8oikI , 25.50 -- 29.13) можна паглядзець вымоўны кавалачак відэа з выкладам пазыцыі аднаго такога групніка В. Кавалеўскага.

Гэта былы службіст у лукашысцкай амбасадзе ў Вашынгтоне. Пасьля сканчэньня тэрміну ён апынуўся ў Амэрыцы, перайшоў у апазыцыю, але пачаў дрэнна выказвацца пра беларускую нацыянальную эміграцыю, Беларускі Народны Фронт, здабыцьцё незалежнасьці і г. д. Нядаўна ён "апынуўся" ў групоўцы Латушкі-Ціханоўскай і адразу ўліўся ў асноўны "пул" дзеячоў супраць Лукашэнкі з пазыцыяў Масквы. Маўляў, у антыбеларускай агрэсіі Масквы вінаваты Лукашэнка, каб ня ён, то можна б было з Пуцінам дружыць і хораша супрацоўнічаць.

Заварушылася агентура ў беларускай эміграцыі ЗША, прачуйшы аб падрыхтоўцы візіту групоўкі Латушкі-Ціханоўскай у Амэрыку. Маскве хацелася б замазаць Беларускую Праваслаўную Аўтакефальную Царкву і беларускую нацыянальную эміграцыю ў калабарацыі з маскоўскім праектам, стварыўшы прэцэдэнт нібыта супрацоўніцтва з газпрам-крамлёўскай групай расейскіх інтарэсаў. Ня думаю, што такі спэктакль службістам ўдасца сыграць зь Беларускай Царквой, хіба што зь "невераятнымі", якія прыехалі з-пад лукашызму ў Амэрыку ў вялікай колькасьці.

Сітуацыя паказвае, што падстаўны пуцінскі праект разварочваецца на шырэйшы абсяг. Крэмль, здаецца ўвачавідкі ўявіў, што можна скарыстаць Захад і рэальна мяккай сілай захапіць Беларусь без адзінага стрэлу, пакінуўшы страляніну, рэпрэсіі і забойствы беларусаў на хворую волю Лукашэнкі.

З Бабарыкі (якога Пуцін меціць у прэзыдэнты Беларусі), здаецца, ёсьць намер ствараць Мандэлу і пакутніка за свабоду -- так ўзялася за яго газпрамаўская рэклама і прапаганда. Палітыка, аднак, капрызная пані. І ня выключана, што банкіру насупраць чаканьняў Масквы, прыдзецца адматаць свой тэрмін ужо пасьля пацьвярджэньня суда вольнай Беларусі.

Вольныя беларусы, дзейнічайце абдумана, спакойна і пасьлядоўна. Гуртуйцеся не на паказ. Не гуляйце на публіку ў "тэатр і кіно". Набліжайма час і разумейма абставіны. Адсталасьць і цемра не павінна мець улады. Ворагі Беларусі і вырадкі не павінны кіраваць краінай. Будучыня павінна належыць разумным. Будучыня для беларусаў.

14 ліпень 2021 г. Зянон Пазьняк