АБ ІНТАРЭСАХ

У палітыцы санкцый супраць Беларусі заходняя Эўропа мае свае інтарэсы. Гэта перш за ўсё інтарэсы Нямеччыны (узгодненыя з Францыяй), якія яна каардынуе з інтарэсамі Расеі. Бізнэс зацікаўлены ў перадзеле рынкаў; палітыкі -- у падзеле сфэраў уплыву.

Калі сказаць коратка, спрошчана і лапідарна -- Мэркель і Макрон хацелі б сесьці за стол перамоў разам з Пуціным і зрабіць трэці ўмоўны падзел Беларусі*. У гэтай парадыгме яны скарыстоўваюць гаворачую ляльку Ціханоўскую.

З Меркель-Макронаўскага плану нічога не атрымаецца, бо Пуцін хоча вырашыць патаньне Беларусі сам, без эўрапейскіх "чэмбэрленаў". Але нават калі б "атрымалася", то Пуцін бы іх тут аб'ягорыў ушчэнт, таму што яны паўтараюць крамлёўскую нарыхтоўку, агучаную праз групоўку Ціханоўскай: новыя выбары прэзыдэнта пад міжнародным наглядам (па лукашысцкім выбарчым законе зь Ярмошынай у ЦВК). Пры такім падыходзе выбраны будзе прамаскоўскі прэзыдэнт з абсалютнымі паўнамоцтвамі ўлады.

Нагадаю зноў пра найпадлейшую ролю, якую адыгрывае ў гэтай сітуцыі групоўка пад эгідай Латушкі-Ціханоўскай. Тут тыповая антынацыянальная марыянэткавая група і антыбеларуская пазыцыя.

*(Заўвага. Маюцца на ўвазе падзелы Беларусі ў 1921 і ў 1941 гг.)

30 чэрвень 2021 г. Зянон Пазьняк