ПРА БЫКАВА

19-га чэрвеня 1924 года нарадзіўся Васіль Быкаў.

Уражлівае адчуваньне. Чым далей аддаляешся ў часе ад далёкай пары, тым больш разумееш, як не хапае Быкава. Той цяжкі час, калі змагаліся за волю і, як на крыльлях, жылі надзеяй, калі дасягнулі Незалежнасьці любай Айчыны, калі за плячыма заўсёды былі Быкаў, Барадулін, Караткевіч, Бураўкін, Баразна, браты Грыцкевічы, Конан, на словы якіх можна было абаперціся, як на рыцырскае кап“ё, той час застаўся ва ўяўленьнях, як вецер, як брацтва сваіх, што шчымліва жыве ў памяці.

Нічога няма лепшага за духоўнае адзінства людзей, калі нават можна не казаць, бо гаворыць маўчаньне.

Быкаў вельмі перажываў за Беларусь, за лёс краіны, але не паказваў сваіх перажываньняў. Часьцей за ўсё ён маўчаў. Ён мала гаварыў пра літаратуру, жыў па разуменьні Гётэ: "Твары мастак -- не гавары". Ён глыбока ведаў душу беларуса, асабліва простага чалавека, выяўляў у творах спагаду да яго і сваю любоў.

Вялікі пісьменьнік -- гэта той, хто ведае, увекавечвае ў творчасьці лёсы людзей як лёсы народа.

Якая добрая, якая чалавечая, якая магутная беларуская літаратура.

Зазьзяе сонца -- і ўсё адродзіцца.

19 чэрвеня 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК