ЗРОБІМ ТОЛЬКІ МЫ — БЕЛАРУСКІ НАРОД
Цяпер усё шкодніцтва, якое плодзяць калабаранты з пуцінскай Расеяй і зь левай Эўропай, не пасьпяваеш нават фіксаваць.
Нядаўна ў замежных "дэм. СМІ" зьявіўся зварот гэтых асобаў да беларускіх чыноўнікаў усіх узроўняў. Вось што яны прапанавалі дзяржаўным чыноўнікам:
«Падавайце ў адстаўку, далучайцеся да дэмакратычных сілаў, на вас цяпер глядзіць уся краіна." https://www.svaboda.org/a/31281250.html
Палітычны сэнс гэтай правакацыі зразумелы. У час рэпрэсіяў і тэрору выцягнуць з дзяржаўнай сістэмы ўсіх крытычна думаючых сумленных беларусаў і падставіць іх пад удар, а ў сістэме пакінуць толькі маскоўска-лукашысцкіх службістаў.
Зразумела, што гэта азначае для рэвалюцыі і для магчымасьці ліквідацыі ўлады лукашызму.
І сацыяльны аспэкт. (Калі б чыноўнікі паслухалі калабарантаў.)
А куды падзецца тым адстаўным ва ўмовах тэрору? За што ім існаваць? За мяжу выехаць ня змогуць, бо, дзякуючы калабарантам (Латушку, Ціханоўскай, жонцы Цапкалы і інш., якія прыдумалі правакацыйны зварот да чыноўнікаў), Беларусь закаркавалі, як бутэльку, пазбавіўшы авіязносін са сьветам -- адзінай дарогі выязду з краіны, бо наземны выязд даўно спыніў рэжым. (Гэта калабаранты крычалі, каб забаранілі палёты "Белавія" ў Эўропу.)
У канцовым сэнсе адстаўных службоўцаў чакае пазбаўленьне класнасьці чыноўніка, урэзваньне пэнсіі, адабраньне службовых кватэр, зьняцьцё зорак з пагонаў і перасьлед, які скончыцца кратамі па надуманым абвінавачваньні.
Вы куды штурхаеце гэтых людзей, спадары калабаранты, агенты і гламурныя лялькі?
Мой зварот да разумных беларусаў, што вымушаныя працаваць у сістэме антынароднай улады. Калі можаце, не пакідайце дзяржаўнай службы. Паўтараю, "калі можаце", бо бывае, што цярпець немагчыма. Вашая прысутнасьць у сістэме спатрэбіцца рэвалюцыі. Падтрымлівайце мабілізацыйны план "Перамога". Ён добра прадуманы разумнымі людзьмі (не калабарантамі) і забясьпечвае ананімнасьць удзельнікаў. Уступайце ў беларускае рэвалюцыйнае апалчэньне. Ня бойцеся! Дыскрэтнасьць працуе. Калі пачнецца ліквідацыя лукашысцкай банды і арышт злачынцаў -- вы дапаможыце.
Уладу можна перамяніць толькі знутры. Калабаранты і прыслужнікі чужой палітыкі хочуць, каб тое для іх зрабіла Масква і Эўропа. Але зрабіць можам толькі мы -- Беларускі Народ.
Жыве Беларусь!
1 чэрвеня 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК