ІЗНОЎ АБ ЗАБОЙЦАХ
Працягваецца паранойны працэс "заканадаўчага" афармленьня тэрору і генацыду супраць насельніцтва Беларусі. Прамаскоўскі акупацыйны рэжым 17 траўня прыняў закон, які абавязвае рэжымную міліцыю, унутранныя войскі, армію, ахоўнае чынавенства страляць ў людзей з баявой зброі на паражэньне, расстрэльваць дэманстрацыі і ня несьці адказнасьці. Тэрарыстычная ўлада і яе апарат набываюць неабмежаванае права на гвалт і забойствы. "Тэрор робіцца калектыўным прадуктам" (П. Усаў) антынароднай улады. Бандытам і забойцам тыпу Карпянкова, Караева, Паўлючэнкі даецца поўная свабода дзеяньняў. Гэтыя падонкі крычаць -- біць і "пленных не брать."
Няшчасьце ў тым, што калі частку нашага народа, ачмуранага тэлебачаньнем, стануць забіваць, дык яны будуць крычаць: "Так і нада", "Спасіба". Другая частка ачмураных будзе слухаць Сьвету і абяцаньне дыялогу з бандзюганамі.
Ваенныя рэпрэсіўныя дзеяньні рэжыму супраць народа хутка зьмянюцца ў бок масавага тэрору і вынішчэньня беларусаў. Тут злавеснае супадзеньня прычын -- паталогія да ўлады і паранойнае рсстройства псіхікі ў сатрапа, якое, здаецца, перацякае ў шызафрэнію. Псіхічна ўшчэрбная татальная ўлада выцягвае на паверхню самых нізкіх, подлых і цёмных асобін з мэнтальнага і сацыяльнага дна грамадзтва. Яны пачынаюць распараджацца жыцьцём людзей. Здаецца, што крывавая руска-бальшавіцкая савецкая акупацыя нічаму не навучыла дэнацыяналізаванае грамадзтва, бо толькі салідарная нацыя можа супрацьстаяць акупанцкай цемры і злу.
Няхай жыве Беларуская Нацыя! Трэба хутчэй рабіць правільныя высновы і хутчэй сьпець. Антыбеларускі тэрарыстычны рэжым аб'явіў вайну Беларускаму народу, нішчыць, перасьледуе і катуе лепшых людзей. Рыхтуймася да вайны за Беларусь, з ворагамі чалавецтва за наш Народ і нашу свабоду.
17 травень 2021 г. Зянон Пазьняк