АБ ПАЗЫЦЫЯХ

Ёсьць некалькі пазыцыяў адпрэчваньня газпрамаўска-эфэсбоўскай палітыкі захопу ўлады ў Беларусі.

Першае -- гэта пазыцыя беларускіх нацыянальна-вызвольных сілаў (КХП-БНФ, БНС "Вольная Беларусь" і інш.), якая была дакладна заяўлена і прадэманстравана ў чэрвені мінулага году.

Другая -- гэта наўпроставая пазыцыя лукашысцкага рэжыму, які зразумеў задуму і тактыку Крамля і ажыцьцявіў радыкальныя захады (нерэгістрацыя прамаскоўскіх кандыдатаў, арышты па крымінальнай справе і інш.).

Трэцяя галіна, дакладней, падгаліна крытыкі -- гэта працяг пазыцыі ўлады праз падстаўных асобаў пад выглядам нібы та незалежнай дэмакратычнай арганізацыі (Ю. Васкрасенскі і інш.). Улада ня хоча наўпрост палемізаваць з Крамлём у непрыняцьці маскоўскіх крэатур і пераклала частку гэтай задачы на завербаваных службовых асоб.

Чацьвёртая пазыцыя крытыкі -- маргінальная, часта з удзелам агентуры, рускаарыентаваных і незадаволеных усім.

Характэрнасьцю маргінальнай "крытыкі" зьяўляецца тое, што маргіналы гэтак жа, як і аб'екты іхняя крытыкі (у асобах Ціханоўскай, Бабарыкі, Латушкі, Цапкалы і г. д.) і гэтак жа, як лукашысты, цалкам замоўчваюць зьяву, гістарычныя заваёвы і дзейнасьць беларускіх нацыянальна-вызвольных сілаў, Беларускага "Адраджэньня", Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне", здабыцьцё незалежнасьці Беларусі і г. д.

Беларускаму нацыянальна-вызвольнаму змаганьню за вольную Беларусь зараз супрацьстаяць дзьве варожыя палітычныя сілы: прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі і ягоная газпрамаўска-эфэсбоўская апазыцыя. Гэтыя дзьве чужыя беларускім нацыянальным інтарэсам пазыцыі змагаюцца за ўладу над беларусамі, справакавалі і выклікалі рэпрэсіі, катаваньні людзей, зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці, культуры і хвалю генацыду супраць народу Беларусі.

Свабода і нацыянальная палітычная будучыня краіны стаіць за беларускім нацыянальна-вызвольным рухам.

15 травень 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК