ІДЗЕМ НАПЕРАД

Беларусь перажывае чарговую фазу "цяжкога часу" -- час рэпрэсіяў, час абсурду, час цемры, час аблуды. Брыдота вылезла на паверхню і сьведчыць пра сябе. Сеціва перапоўнена злом і нянавісьцю супраць нашай нацыі. Адбываецца тое, пра што папярэджвалі разумныя людзі: лукашысты ("ябацькі") і новыя саўкі ("невероятные") злучацца ў варожасьці да беларускай нацыі, беларускай мовы і беларускага Адраджэньня.

Нядаўна натрапіў у Сеціве на выступ аднаго прадстаўніка зрусіфікаванай багемы. Чвэрць гадзіны бесперапыннага словаблуднага ахайваньня Беларусі. Маўляў, няма ні народа, ні нацыі, ні культуры, ні гісторыі, нічога сьветлага -- жыве толькі кангламерат пасвараных сацыяльных груп, якія боўтаюцца паміж Масквой і Эўропай, бо тут не народ і не культура, а транзітная тэрыторыя.

Для багемы характэрныя эмацыйныя крайнасьці. Такія выказваньні, праўда, ня маюць значэньня, бо за імі няма дзеяньня. Але шкоднасьць у тым, што гэтай антынацыянальнай прарускай чарнатой перапоўнена Сеціва. Цяпер жа ўтварылася грамадзтва татальнай інфармацыі. Людзі слухаюць слоўнае "пустазельле", марнуюць свой час, розум і інтэлект.

Пытаньне: што тут рабіць? Мусяць быць кароткія ацэнкі нэгатыву з вызначэньнем, што ёсьць што. Але людзям ня трэба ўвязвацца ў інфармацыйную гніль (ня трэба траціць час на дыскусіі з брахунамі і тролямі). Дастаткова ацэнак.

Самым дзейным сродкам абароны гонару людзей і Айчыны ёсьць станоўчая пазыцыя і пазытыўная праца, добрае дзеяньне на карысьць Беларусі.

Цяпер гэта ўсё рабіць нялёгка, бо адбываецца, як паведаміў рэжымны спадар Макей, ліквідацыя беларускай грамадзянскай супольнасьці, што ў перакладзе на мову права абазначае генацыд народа апасродкаваным мэтадам. Тым ня менш, ёсьць магчымасьці рознымі спосабамі рабіць дабро для людзей і для Беларусі. Магчымасьці зьнікаюць толькі ў турме. (Гэта рэжым ведае, і стараецца беларуса замкнуць за краты.) Краты, магчыма, працягнуць агонію рэжыму, але не ўратуюць.

Такім чынам, ня гледзячы на брэх сабак, на рэпрэсіі і пагрозы, цягнік беларускага нацыянальнага Адраджэньня і беларускай свабоды мусіць ехаць. Нішто ня спыніць яго рух.

2 траўня 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК