АБ ІМІТАЦЫІ

Глупству няма мяжы. Новая прамаскоўская квазі-апазыцыя (газпрамаўскага кшталту) заклікае грамадзтва галасаваць за дыялог з Лукашэнкам і адзначыцца аб гэтым у Сеціве, а бізнэсовая канторская інтэрнэт-платформа "Голас" ужо пачала падлічваць аматараў дыялогу.

Лукашысцкі рэжым, які валодае палітычнай ініцыятывай, паўнатой улады, рэпрэсіўнымі сродкамі і магчымасьцямі, зразумела, на гэта не зьвяртае ўвагі, бо пабуджальнікі да дыялогу ёсьць у яго разуменьні палітычныя паражэнцы, другое -- не ўяўляюць самастойнай палітычнай сілы, ня маюць рэальнай структурнай арганізацыі і ня маюць рэсурсаў, бо існуюць на падтрымку заходніх дапамаговых арганізацыяў. Таксама яны ня маюць шырокага ўплыву на грамадзтва і пры гэтым характарызуюцца неадэкватнасьцю ўяўленьняў аб рэчаіснасьці. Патрабуюць, напрыклад, каб ня толькі Лукашэнка, але каб і Пуцін сустракаўся зь імі і ўступіў у перамовы.

Усё гэта выглядае палітычным ідыятызмам. Новыя "квазі" не разумеюць, што ў палітычным плане яны ва ўяўленьнях Пуціна і Лукашэнкі -- мізэр, нікчэмнае аматарства (амаль нішто), і ніякая варожая ўлада перамаўляцца зь імі ды ўступаць у дыялог ня мае патрэбы, ня гледзячы на іхныя спэктакулярныя ваяжы па Эўропе і запрашэньні гэтых падстаўных асобаў з боку заходняга "істэблішмэнта".

Другое -- больш істотнае. Ні на якія дыялогі з новай квазі-апазыцыяй (нават калі б яна нешта ўяўляла) Лукашэнка, які адмовіўся гаварыць з Мэркель і парваў дачыненьні з Захадам, -- ня пойдзе. Ня пойдзе ніколі і ні з кім, пакуль у яго будзе ўлада і заплечча ў Маскве (і па сваёй псіхапатычнай натуры таксама).

І тады пытаньне: навошта, ня гледзячы на абсурд, узьнікае чарговая пустапарожняя ініцыятыва і ілюзія дзейнасьці квазі-апазыцыі №2?

Дакапацца да зьместу можна, паставіўшы рытарычнае пытаньне: каму гэта трэба і каму гэта выгадна? Выгадна найперш Маскве, каб справакаваць у Беларусі псэўдапалітычную "бадзягу", пустапарожнюю ініцыятыву, якая адцягне ўвагу людзей на дасягненьне ілюзій. А сама Масква ў гэты час будзе пасьлядоўна душыць свайго сатрапа, якога загнала ў тупік, каб ціха ўводзіць у Беларусь свае войскі, самалёты, ствараць ваенныя базы падрыхтоўкі агрэсіі супраць Украіны і Польшчы, заграбаць беларускія прадпрыемствы і душыць беларушчыну рукамі Лукашэнкі. А вы, "беларусцы", галасуйце, галасуйце, наша платформа "Голас" усё падліча.

Рычагі ўплыву на Лукашэнку ў Захада ёсьць. Але гэта, найперш, павінен бы быў быць уплыў Амэрыкі і яе ціск на Пуціна (каб вывесьці рускія войскі зь Беларусі, не падтрымліваць і не ўзбройваць антыбеларускі рэжым, выдаліць рускую авіацыю зь Беларусі, перастаць фінансаваць рэпрэсіі і гвалт над беларускім народам і інш.). Але гэта ўжо палітычныя задачы для іншых людзей.

20 сакавік 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК