ДАТЫЧНА ЛУКАШЫСЦКАГА “СХОДУ”
Цяперака назіраецца чарговая агентурная «хвалька» супраць нашай партыі КХП-БНФ. Хіхікаюць наконт лукашысцкага «Усебеларускага народнага сходу», маўляў, мы «апошняя партыя», ці заказалі білеты на сход і т. п. (узровень, канешне...)
Тым ня менш у сувязі з «хвалькай» зьмяшчаю тут для веданьня людзям афіцыйны ліст КХП-БНФ у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Гэты ліст (як і шмат што з афіцыйнай перапіскі з «уладамі») мы публічна не друкавалі, але цяпер прыходзіцца. Ад ацэнак «нізасьці» устрымліваюся.
Заўвага: правапіс ліста «наркамаўскі», як таго вымагае рэжым (інакш – пад суд).
(Зянон Пазьняк)
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь
Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя – БНФ
7 снежань 2020 г.
Намі атрымана пісьмо Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 лістапада 2020 г. за нумарам 10/1-ВНС.
У адпаведнасці з пісьмом Партыя можа ўнесці прапановы ў “аргкамітэт па падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага сходу па далейшым грамадска-палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці краіны”.
Звяртаем вашую ўвагу на тое, што Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь не прадугледжана такая інстытуцыя (орган) дзяржаўнага кіравання як “Усебеларускі народны сход”, у сувязі з чым мы лічым, што ўсе дзеянні па арганізацыі і правядзенні гэтага мерапрыемства з’яўляюцца антыканстытуцыйнымі.
Намеснік старшыні КХП-БНФ Ю.А. Беленькі