ПАРАЗІТЫ

(Ліст да сяброў народнай партыі КХП-БНФ)

Усё што не нацыянальнае, але выступае пад выглядам нацыянальнага дзеля дасягненьня пабочных альбо супроцьлеглых мэтаў, усё гэта рана ці позна прыходзіць да маразму. Нядаўна група вакол Ціханоўскай зьмясьціла ў Сеціве пад яе подпісам заклік да міжнароднай супольнасьці адзначыць 7-га лютага дзень салідарнасьці зь Беларусяй флэшмобамі і дэманстраваць беларускія нацыянальныя сімвалы, якія, згодна іхняга тэксту, -- гэта белае і чырвонае сэрцы.

На мове расейскай канторы гэта называецца "ход канём". Падмена палітычнага змаганьня тэатральшчынай ("мобамі-шмобамі" як называлі такую дыверсію ў псэўдаапазыцыі 2000-2020 гг.) -- гэта прадукт "галаўнога мозгу" эўра-лібэралаў, вынік іхняй "дапамогі" "дэмакратычнай" Беларусі.

Тым часам падмена нацыянальнай беларускай сімволікі рознымі выдумкамі -- гэта сур'ёзная праца гэбоўскай Масквы і яе агентуры. Псэўдаапазыцыя ўжо дэманстравала раней замест Пагоні "бусьлікаў" і "зубрыкаў", і джынсавыя анучкі (Мілінкевіч уводзіў іх замест сьцяга). І вось цяпер яны (ужо ў другім пакаленьні) пішуць для заходняга лібэрала, што беларускімі нацыянальнымі сімваламі ёсьць чырвонае і белае сардэчкі. (У запасе яшчэ ёсьць чырвоны кулачок, белы кулачок і г. д.).

Скончыцца гэтае драньства тады, калі скончацца для яго заходнія грошы. Але грошы яшчэ ня скончацца, бо яны ня толькі заходнія. І ўжо дакладна скончыцца гэты палітычны маразм, калі здрыганецца рэжым і выйдуць з турмы нармальныя беларусы, і вернуцца з выгнаньня сапраўдныя беларускія змагары, калі зноў уздымецца беларускі нацыянальна-вызвольны рух, які выветрыць атмасфэру, здзьме ўвесь гэты атрутны смог і чужую паразітную шалуху.

22 студзень 2021 г. Зянон Пазьняк

ДАДАТАК.

(Pinned Tweet

Sviatlana Tsikhanouskaya

@Tsihanouskaya

Jan 13

Join the Day of Solidarity with Belarus on Feb 7, 2021!

I call on all friends of Belarus to show solidarity with us by organizing performances & rallies, releasing publications & statements, displaying national Belarusian White heartRed heartWhite heart colors, hosting competitions, online flash mobs.)

POST SCRIPTUM.

Усялякае дзеяньне ў палітыцы (у тым ліку і словы) вымагаюць сваайго моманту і свайго часу. Пра Бабарыку трэба было сказаць адразу ва ўвесь голас яшчэ ў чэрвені мінулага года. Бо гэта быў стаўленьнік Крамля, акуратна падрыхтаваны Масквой-Газпрамам. Ад такіх заўсёды больш шкоды, чым ад адкрытых маскоўцаў (тут "палітычная анкалогія"). Таму адразу быў прапанаваны выбар і падзел, нягледзячы на суадносіны ацэнак і стан розумаў.

З планам "Ціханоўская" справа вымагала вытрымкі. Гэта відавочная прадумана падрыхтаваная афёра, але яе паступова мусілі б разглядзець беларусы. Адразу не атрымалася б. Цяпер крытычная маса яшчэ не нарасла, але ўжо зьявілася. Афёра даўно дайшла да дна. Усе прапановы, падпісаныя прозьвішчам "Ціханоўская" -- на шкоду Беларусі. Самаацэнка спадарыні сябе самой і сваёй ролі -- неадэкватная, рыторыка фальшывая.

Маніпуляцыі супраць нацыянальнай сімволікі -- гэта рубеж, які перапаўняе келіх цярпеньня. Далей талераваць такую публіку нельга. Мы ведаем яе працяг. Цяпер патрэбны шэраг захадаў, каб іхнюю прапаганду (што вылезла ўжо на міжнародны ўзровень) спыніць. Захады будуць.

зп.

ДАДАТАК З АРХІВУ.

ПРЭЧ З БАБАРЫКАМ!

posted Jun 24, 2020, 2:42 PM by Адміністратар Навін [ updated Jun 24, 2020, 2:42 PM ]

За Бабарыкам стаіць "русскій мір", Газпрам, Масква і манкурты. Юрыст Бабарыкі выбалтаў сам галоўную прычыну іхнага юрыдычна абсурднага рашэньня правесьці рэфэрэндум аб Канстытуцыі 1994 года. Гэтая прычына ў тым, што, каб захапіць нашу краіну, Маскве перашкаджае беларуская дзяржаўная мова ў Рэспубліцы Беларусь, зацьверджаная Канстытуцыяй-94, таму яны хочуць перарабіць гэтую Канстытуцыю, да якой мусіла б аўтаматычна вярнуцца краіна пасьля зьмены ўлады і адкіданьня антыпраўных наступстваў лістападаўскага дзяржаўнага перавароту 1996 года.

На якія толькі афёры і затраты гатовая ісьці Масква, каб зьнішчыць беларускую мову. Яны ведаюць, што беларуская мова -- гэта ёсьць беларуская нацыя. Таму ў іх тут барацьба пэрманэнтная, барацьба на сьмерць

НА СЁНЬНЯШНІ ДЗЕНЬ БАБАРЫКА ЁСЬЦЬ ПАТЭНЦЫЙНА БОЛЬШ ШКОДНЫ ВОРАГ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ, ЧЫМ ЛУКАШЭНКА, бо вірус беларусажэрцы Лукашэнкі ўжо на 97 адсоткаў выхаваў у беларусаў імунітэт, антыцелы абароны народнага арганізма. Усё, што робіць і гаворыць гэты вар'ят, толькі злуе народ і кансалідуе нацыю на адштурхоўваньні ад яго антынароднай брыдоты. Тут клясычная сытуацыя, калі да дабра прыходзяць ад непрыняцьця зла. Будучыні ў Лукашэнкі тут няма.

Бабарыка ж -- гэта вірус, які не спатыкае імунітэту, які залазіць у наш народны арганізм без супраціву і давершыць чорную маскоўскую справу разбурэньня беларускай дзяржавы і беларускай нацыі.

Маскве на працягу шэрагу гадоў не ўдавалася "чыста" аформіць захоп Беларусі па прычыне нелегітымнасьці Лукашэнкі. Там працавалі прафэсіяналы і ведалі што рабілі. (Мы, насуперак, таксама ведалі). Цяпер яны выпусьцілі на поле Бабарыку, падрыхтавалі яму велізарнае агентурнае заплеча. Калі б маскоўская афёра ўдалася, то Бабарыка быў бы легітымным прэзыдэнтам. І вось тады захоп праз "рэфэрэндум" ператвараўся б ужо ў справу тэхнікі. Група Бабарыкі, мы бачым, заранёў прыступіла да ажыцьцяўленьня маскоўскага плана.

Прэч фальшывыя выбары!

Ня йдзеце галасаваць да ворагаў Беларусі!

24 чэрвеня 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК

http://www.narodnaja-partyja.org/00--Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja--fr--pg/00--Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja--bk--an--01/preczbabarykam