ШКОДНАЯ ІЛЮЗІЯ
(Ліст да сяброў народнай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі)
Сьвятлана Ціханоўская зачытала віншаваньне з Новым годам па-беларуску. Гэта да сьлёз узрадвала некаторых наіўных лагодных беларусаў, якім так хочацца добрай мамы, сваёй Эміліі Плятар. Але тут выступаць інакш і нельга было. (Дарэчы, калі б Лукашэнка быў палітычна разумнейшы, то ў гэтай сітуацыі павіншаваў бы па-беларуску і крышку б "намуціў". Але розуму Бог ня даў.)
Шмат якія самадастатковыя нацыянальна адукаваныя беларусы, добрыя людзі назіраюць за рыторыкай і паводзінамі асобаў газпрамаўскай апазыцыі ў Беларусі, крытычна ўспрымаюць іхную зрусіфікаванасьць, прамаскоўшчыну і канфармізм, але горача спадзяюцца, што яны (гэтыя Бабарыкі, Цапкалы, Маша ды Сьвета) ўсё ж такі паразумнеюць, пераадолеюць сваю нацыянальную неадукаванасьць і нейкім бокам прыйдуць да беларускай палітыкі і нацыянальных інтарэсаў. Гэтага так хочацца наіўным беларусам і "добрым людзям".
Мушу расчараваць. Ня прыйдуць і не наблізяцца, бо яны існуюць у парадыгме чужой палітыкі і цалкам залежныя ад чужых -- матэрыяльна. Тут жорсткае правіла, пацьверджанае гісторыяй.
Тым часам аб грошах. Чужыя грошы і матэрыяльная дапамога можа быць прынятая і скарыстаная ў гуманітарнай дзейнасьці, навуковай, выдавецкай, журналісцкай, медыцынскай, у абароне правоў асобы і т. п. У палітычнай дзейнасьці -- не. У пастку трапляюць альбо амбітныя людзі, далёкія ад палітыкі, альбо асобы з праблемамі сумленьня, альбо проста агентура.
Што абазначае такі стан залежнасьці, як ён выяўляецца і да чаго прыводзіць -- тлумачыць ня буду.
4 студзеня 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК