З НОВЫМ ГОДАМ!

Пачынаецца Новы 2021 год.

Віншую дарагіх землякоў, адраджэнцаў, змагароў за шчасьце і волю Беларусі і ўсіх Беларусаў з Новым годам надзеі і барацьбы.

Першае чаго зычу дарагім землякам-беларусам -- гэта здароўя і пазбаўленьня ад праклятай эпідэміі "Ковіду-19". Беражэм сваё жыцьцё і жыцьці людзей.

Ёсьць яшчэ адна навала і эпідэмія ў Беларусі -- гэта дзікунская бандыцкая прамаскоўская ўлада, варварства цемры і зьдзеку над беларускім народам.

Хай стане так, каб у 2021 годзе народ пазбавіўся ад яе. Ня будзе цемра і дурнота і гном маскоўскі над нашым краем панаваць.

І трэцяе зычэньне: Будзьма разам, спадзяемся на сябе і шануйма сваё.

Найперш шануйма Беларусь і нашых людзей беларусаў, бо наш народ -- гэта наша родная нацыянальная сям'я, наш Боскі храм, дзе мы можам спраўдзіцца як асобы і мець шчасьце, бо нідзе ня знойдзем шчасьця як толькі ў роднай і вольнай сваёй старонцы.

Не спадзяемся ні на разбэшчаны Захад, ні на дзікі Усход, бо яны заўсёды дамовяцца між сабой, каб падзяліць уплывы, а пры нагодзе і нашу зямлю. Так было шмат разоў. Але так не павінна быць.

Спадзяемся на сябе, на свой розум, на свой здаровы сэнс, на сваю працу, на сваю палітыку, на сваю высокую беларускую культуру. Мы -- гаспадары ў сваім доме. Беларусь -- гэта наша краіна.

Шануйма нашу беларускую мову. Акупанты, здраднікі, гвалтаўнікі шмат дзе русіфікавалі беларускае жыцьцё, прынізілі беларускую культуру і адукацыю. Бальшыня беларусаў у гвалтоўных умовах не карыстаецца сваёй мовай. Але рускамоўныя беларусы ня сталі расейцамі. Ворагі сьвятла ня зьнішчылі беларускай душы. Наш сьвяты нацыянальны дзяржаўны Бела-Чырвона-Белы Сьцяг адрадзіўся і веецца над нашым народам, які ахвяруецца за сімвал нацыі і свабоды.

Гэтак адродзіцца і наша вялікая прыгожая Беларуская мова. Шануйма яе, любем яе, падтрымліваем усюды, навучайма дзяцей. Мы вернемся ў краіну годнасьці, справядлівасьці і сьвятла. Яна некалі ў нас была і будзе навекі.

З Новым годам!

Ня боймася выгнаньняў і пакут. Не забывайма пра ахвяры свабоды. Верма ў сьветлую Беларусь, у Божую Ласку. Хай Гасподзь павернецца да нас Тварам, каб не пагасьлі сэрцы, каб мацнеў дух, каб квітнела любоў. Людзі ўзмацнеюць і сіла народная скрышыць турму атрутнага цмока

З Новым годам!

Слава Айчыне!

Жыве Беларусь!

1 студзень 2021 год Зянон Пазьняк