“МЫ ВЫЙДЗЕМ ШЧЫЛЬНЫМІ РАДАМІ” — СТО ГАДОЎ ЗБРОЙНАЙ БАРАЦЬБЫ ДАБРААХВОТНАГА СЛУЦКАГА ВОЙСКА БНР СУПРАЦЬ БАЛЬШАВІЦКА-РАСЕЙСКАЙ АКУПАЦЫІ

Сёлета спаўняецца сто гадоў Слуцкаму збройнаму чыну, як прынята цяпер у гісторыяграфіі называць ваенныя дзеяньні беларускага дабраахвотнага войска на Случчыне па абароне тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі ад акупацыйнай арміі рускіх бальшавікоў.

Стварэньне Слуцкіх палкоў беларускага дабраахвотнага войска -- было прыкладам хуткай самаарганізацыі народа перад небясьпекай расейскай акупацыі. За тры дні ў войска запісалася дзесяць тысячаў дабраахвотнікаў. Не хапала зброі, таму палову дабраахвотнікаў распусьцілі па хатах. Але шмат хто застаўся ў шэрагах бяз зброі ў надзеі здабыць яе ў баях з бальшавікамі.

З 27-га лістапада 1920 года і па канец сьнежня два слуцкія беларускія палкі ўтрымлівалі фронт працягласьцю сто кілёмэтраў, спынілі наступ бальшавіцкай арды і выбілі ворагаў з акупаваных вёсак.

Увесь народ падтрымліваў сваіх ваяроў. Але ў другой палове сьнежня расейцы кінулі супраць слуцкай брыгады ўсю 16-ю бальшавіцкую армію.

Нягледзячы на шалёную перавагу ворага, жаўнеры слуцкага войска БНР яшчэ некалькі тыдняў стрымлівалі расейскую арду, пераходзілі ў контратакі, выбівалі ворага зь вёсак і пазыцый.

Аднак сілы былі настолькі няроўнымі, што палкі (1500 жаўнераў) вымушаныя былі адступіць за раку Лань на тэрыторыю, акупаваную палякамі. Аддзелы былі разброеныя. 400 ваяроў засталіся на Случчыне і доўгі час вялі партызанскую барацьбу з акупантамі.

Тады грымела ўся Беларусь. Партызанскі супраціў супраць рускіх камуністаў яшчэ доўжыўся некалькі гадоў.

Беларусь тых часоў ужо была абуджанай змагарнай нацыяй. БНР не пасьпела стварыць рэгулярнае войска, дык народ ствараў яго сам, бяручыся за зброю.

Беларускі ўздым і дух беларускі засьведчыў сябе ўжо ў 1917 годзе, калі сабраўся Першы Усебеларускі Кангрэс, ад якога і пачалася Рада БНР, урад і незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Тады навісла сьмяртэльная небясьпека над нашым народам. Нямецкая акупацыя перарасла ў бальшавіцка-расейскую, потым ў шавіністычна-польскую. Ворагі падзялілі Беларусь, разарвалі на кавалкі.

Аднак гэта быў адначасна і гераічны час адчайнага супраціву і народнага змаганьня за волю і свабоду Беларусі. Тады якраз змагар Слуцкага збройнага чыну БНР і ўдзельнік барацьбы Макар Краўцоў напісаў верш, які, пакладзены на музыку, стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі -- "Мы выйдзем шчыльнымі радамі." Гэты гімн увесь час гучэў у душах беларусаў, гучыць цяпер і будзе гучэць у вольнай Рэспубліцы Беларусь.

Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны свой прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор!

Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух.

На бой! За шчасьце і за волю
Народу слаўнага свайго!
Браты, цярпелі мы даволі,
На бой — усе да аднаго!

Гэтыя словы гучаць вечна. Гучаць надзённа, пакуль беларусам пагражае Масква. І толькі калі яна зьнікне, сканае, захлынецца ва ўласнай крыві -- гэты гімн стане гісторыяй -- гімнам вольнай Белапрусі.

Слава Айчыне! Слава Слуцкім героям! Наперадзе воля!

27 Лістапад 2020 г. Зянон Пазьняк