КУРАПАТЫ — МІСТЫКА БЕЛАРУСКАГА АДРАДЖЭНЬНЯ
(Ліст да сяброў народнай партыі – КХП-БНФ)
Людзям, якія разумеюць, што такое духоўная гісторыя чалавека, народа і ўсяго чалавецтва, прапаную задумацца над Курапатамі, і ўвогуле -- над зьявай і месцам масавага забойства людзей. А зрэшты -- над зьявай і месцам сьмерці ахвяры.
Як правіла, такія зьявы і месцы пахаваньня зьяўляюцца сакральнымі для грамадзтва. Яны ўплываюць на духоўны стан і жыцьцё людзей пры адной умове -- моцнага пачуцьцёвага ўзрушэньня, пастаяннай памяці і цярпеньня за гэтую памяць.
Найвялікшым прыкладам была Ахвяра Ісуса Хрыста. Без укрыжаваньня і ўваскрасеньня, якое было, у якое ўверылі, пра якое памяталі і за якое цярпелі, не было б Хрысьціянства. Не было б памяці – не было б і зьявы, не існавала б містыкі духа і ўплыву яго на людзей. Памяць аб мінулым накіравана ў будучыню.
У задушлівых абставінах савецкай акупацыі, у атмасфэры ілжы, дзе здавалася, ужо нішто не ўзварушыць людзей, адкрыцьцё і абнародваньне праўды пра Курапаты стала падобным на землятрус. Беларусь адклікнулася масавым узрушэньнем, жалем, болем, гневам і скрухай.
Маскоўскія акупанты, крамлёўскія "строители коммунизма", гэбісты тады ўжо думалі, што пахавалі Беларусь, і народ, і мову яго. Але народ быў жывы ў душы і адазваўся памяцьцю і жалем на ахвяру забітых людзей.
Вось у гэтым быў духоўны сэнс народнага ўзрушэньня. Нацыянальныя перамены (а дакладней -- Адраджэньне нацыі) ішлі за ім. Крокі выглядалі так: Курапаты -- арганізацыя "Мартыралог Беларусі" -- рух Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне" -- дзяржаўная Незалежнасьць Беларусі.
Цярпеньне беларусаў за памяць аб Курапатах пачалося ад пачатку адкрыцьця і працягваецца па сёньняшні дзень. 30-га кастрычнака 1988 года, у Дзень Дзядоў, камуністы спланавалі патапіць у крыві гэты дзень, Народны Фронт і памяць пра Курапаты. Але Богу было ўгодна, што крывавы план праваліўся, і народ пакрочыў далей -- да змаганьня супараць камунізму за вольную Беларусь.
Маскоўская цемра, дарваўшыся да ўлады ў Беларусі ў 1994 годзе, хацела стаптаць Курапаты ў ілжы і бяспамяцтве. Але народ стварыў у Курапатах Народны Мэмарыял памяці -- Лес Крыжоў, -- куды людзі несьлі на плячах Крыжы Памяці і ставілі над магіламі расстраляных продкаў.
У 2019-м годзе галоўны варвар рэжыму загадаў зламаць Крыжы Мэмарыялу (іх тысячы). Прыгналі тэхніку -- і пачаўся крыжалом. І тады, як і ў 1988-м, я падумаў: "Тыя, хто паднялі руку на Курапаты, -- згінуць".
Іхняя пагібель, пагібель цемры, была прадказана ўжо 23-га лістапада 2019 года, калі Кастусь Каліноўскі і паплечнікі яго выйшлі з магілы на гары Гедзіміна, і прагучэла ізноў: "Каго любіш? -- Люблю Беларусь. -- Так, узаемна." І ўся Вільня пакрылася беларускімі Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі. Яны квітнелі над горадам, і тысячы беларусаў праз паўтары стагоддзі пасьля сьмерці паўстанцаў праводзілі герояў у вечны шлях.
Але галоўнае Каліноўскі сказаў перад сьмерцю ў "Лісьце з-пад шыбеніцы": "Тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі маскаля над табою ня будзе".
Канчаецца маскаля панаваньне. Ён яшчэ будзе грызьці, кусацца, страляць, забіваць, ілгаць, але канец яго непазьбежны. Адлік пачаўся ў гэтым годзе ў час небывалай эпідэмі і выявіўся пасьля фальшывых выбараў прэзыдэнта. Д'ябал сее забойствы і зло, а Бог пажынае дабро . Так яно сталася ў Беларусі.
Калі сёлета 1-га лістапада на Дзяды народ ішоў у Курапаты, карнікі пачалі пагромы людзей: кідалі гранаты і стралялі, ганяліся на машынах па полі за паломнікамі, малацілі палкамі па галовах. Гэта была вайсковая апэрацыя супраць народа, мэта якой -- любым спосабам не дапусьціць народ да ахвярных магіл.
Абсурдна, дзіўна тое ўсё выглядае, калі не разумець, ня ведаць містычнага сэнсу падзей.
Са ста тысячаў, каб засьведчыць памяць, прарваліся да пахаваньняў праз кулі, пабоі, гранаты некалькі тысячаў чалавек. Але ўсе астатнія, пабітыя і параненыя, арыштаваныя і скатаваныя ў вязьніцы, -- усе духам сваім былі там, бо ішлі, бо цярпелі. Такая містэрыя і такая рэальнасьць.
Магчыма, што цемра таксама па інтуіцыі адчувае містыку Курапатаў. Гэта прымушае яе шалець. Ёй хочацца ня проста дэсакралізаваць, абылгаць, але і абгадзіць Курапаты на ўзроўні кашчунства. Так зьявіўся ў ахоўнай зоне Курапатаў побач з расстрэльнымі магіламі ўвесяляльны рэстаран на касьцях пад назвай "Поедем, поедим".
Намеры кашчунства прыйшлі з Масквы. Тут п'е і весяліцца нечысьць. Адбываецца сэлекцыя дрэні, бо трэці год перад брамай рэстарана, з дня ў дзень, стаіць валанцёрская Курапацкая Варта і папярэджвае кліентаў, што гэта ёсьць за ўстанова. Сумленныя людзі паварочваюцца і ад'язджаюць. Падаль -- ідзе піць, гуляць, есьці і весяліцца.
Як на простае думаньне, дык людзі маглі б пусьціць той рэстаран з дымам. Але беларусы паводзяць сябе па-іншаму, бо і тут -- цярпеньне за Курапаты. Беларусы -- гэта асаблівы народ, шмат у чым незразумелы для сьвету гэтага. Думаю, аднак, што марны лёс чакае рэстаранных спраўцаў кашчунства.
Рэальна (тое, што ўсьведамляецца розумам) Масква занепакоена тым, што Курапаты хаваюць у сабе ўлікі расейскага людабойства (косьці і рэчы расстраляных, матэрыяльныя доказы). А гэта ёсьць найважнейшы чыньнік для суду над спраўцамі генацыду.
На справе, аднак, ніякага суду маскоўскія забойцы не баяцца і ў злачынствах ня каюцца. Яны баяцца тут духоўнай повязі жывых беларусаў зь мёртвымі і расстралянымі продкамі, якая дае сілу нацыі ў барацьбе і змаганьні з Масквой.
Памятайма пра Курапаты. Памятайма пра Каліноўскага. Беражэм Беларусь!
19 лістапад 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК