ВАЙНА СУПРАЦЬ БЕЛАРУСАЎ, ЯКУЮ БЕЛАРУСАМ ТРЭБА ПЕРАМАГЧЫ

Сітуацыя небясьпечная для Беларусі ўвесь час. Небясьпека ў тым, што палітычная барацьба за ўладу адбываецца паміж двума антыбеларускімі сіламі -- аўтарытарным рэжымам Лукашэнкі і добра падрыхтаванай групоўкай Газпрама-ФСБ.

Беларуская нацыянальная палітыка і беларускія палітычныя сілы адсутнічаюць у гэтай барацьбе, заблакаваныя, ізаляваныя і вынішчаныя антыбеларускім рэжымам.

Сітуацыя пагражала скласьціся не на карысьць Беларусі, калі б не народная электаральная рэвалюцыя, якая адпрэчыла пачатак краху дзяржавы і трымае становішча без разьвязкі да сёньняшняга дня.

Пакуль доўжацца масавыя пратэсты, датуль існуе магчымасьць самаарганізацыі і стварэньня беларускай нацыянальнай палітычнай сілы. Ідэалагічная база тут каласальная -- уся гісторыя і вопыт беларускага Адраджэньня. Праграмна-палітычная анова распрацавана яшчэ ў 2017 годзе (праграма "Вольная Беларусь"). Тым ня менш, трохмесячныя дэкларацыйныя спробы выпусьціць на паверхню беларускі палітычны рух Вольная Беларусь, які б узяў на сябе змаганьне за нацыянальную будучыню краіны, практычных вынікаў да гэтага часу не прынесьлі. Адна з прычын -- грамадзтва яшчэ не сасьпела да нацыянальна-палітычнай самарганізацыі ў барацьбе за ўладу. Нацыянальныя палітыкі і асобы за гэты час не зьявіліся. Тым ня менш, грамадзкі рэсурс для беларускай палітыкі (асабліва пакуль трываюць масавыя пратэсты) застаецца.

Выхад у барацьбу арганізаванай беларускай палітычнай сілы (калі ён адбудзецца) у корані зьменіць становішча. Тады мы ўбачым, між іншым, палітычнае збліжэньне двух, цяпер варагуючых між сабой, прамаскоўскіх груп, якія супраць нацыянальнага Адраджэньня. Але гэта Маскву не ўратуе, толькі спросьціць палітычны краявід і арыентацыю ў змаганьні.

На сёньняшні момант сітуацыя згоршала. Прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі, не дамогшыся агрэсіі з боку пратэстантаў, пачаў міліцэйска-вайсковую вайну супраць народа з ужываньнем зброі. Праглядваюцца прыкметы генацыду.

Адным з штуршкоў да эскалацыі стаў правакацыйны "ўльтыматум" групоўкі Газпрама-ФСБ, падпісаны С. Ціханоўскай. Пра шкоднасьць гэтай ультыматыўнай правакацыі я пісаў 14-га кастрычніка, калі пасьля зьмены пазыцыі Пуціна адносна тэрмінаў, дадзеных Лукашэнку на задушэньне пратэстаў, адразу прагучэла ў эфіры слова "жостче", і зьявіўся авантурны "ўльтыматум", у якім уладзе Лукашэнкі быў вызначаны тэрмін існаваьня да 25-га кастрычніка, пасьля чаго быў заклік да ўсеагульнай забастоўкі.

Вызначэньне тэрміну існаваньня для рэжыму Лукашэнкі асобамі, якія ня маюць палітычнай сілы, выглядала анэкдатычна. Але галоўнае, што беларусы рэальна яшчэ не гатовыя да ўсеагульнага страйку ні арганізацыйна, ні матэрыяльна, ні духоўна. Патрэбен быў яшчэ час і праца.

Тым часам разбуральны зьмест ультыматыўнай афёры спрацаваў -- выцягнуў на паверхню актыўных дзеячоў сярод рабочых і падставіў іх пад рэпрэсіі рэжыму. На шматтысячных прадпрыемствах адгукнуліся нешматлікія ініцыятары, арганізатары і энтузіясты страйку. Яны тут жа былі арыштаваныя альбо звольненыя з працы. Працоўныя калектывы ў большасьці не забаставалі. Магчымасьці страйку яшчэ больш зменшыліся.

Сітуацыя прадэманстравала рэжыму негатовасьць і непадрыхтаванасьць задумы пра страйк і дазволіла кіруючай мафіі тут жа забраць ініцыятыву, узмацніць рэпрэсіі і вайну супраць народа.

Гэты ход агентуры, справакаваны ўльтыматумам, небясьпечны тым, што часова ініцыятыва перайшла ў рукі карнага рэжыму, і ён пачаў наступаць і забіваць.

Чарговая правакацыя групоўкі, якая называецца "план народнага трыбунала", яшчэ больш шкодная, чым першая. Тут прафанацыя сур'ёзнай ідэі БНС "Вольная Беларусь" аб Народным Трыбунале. Ідэя пададзена газпромаўскай групоўкай у карыкатурным выглядзе. Справа ня толькі ў безадказнасьці і неадэкватнасьці, і нават не ў ахлакратычным уяўленьні пра судовае права, справа ў духу гэтага іхняга блытанага ліста, які штурхае людзей на агрэсію ў адказ супраць узброенай сілы рэжыму. Агрэсія прывяла б да крывавага пагрому грамадзтва. Гэта тое, чаго чакае цяпер ад Лукашэнкі Пуцін, вызначыўшы яму новы тэрмін для вырашэньня задачы задушэньня пратэстаў. У выніку можа быць альбо крэдытная ўзнагарода для Лукашэнкі, альбо верагодны зыход сатрапа (у залежнасьці ад разьвязкі агрэсіі рэжыму).

Складваецца ўражаньне, што чарговая правакацыйная заява групоўкі зноў карэлюецца з палітыкай "мудрага" Пуціна.

Ціханоўскую выкарыстоўваюць у якасьці мэдыюма, гуляючы на яе палітычнай цемнаце і несфармаванасьці нацыянальнай асобы. Нельга ня бачыць, што праект з Ціханоўскай да непрыстойнасьці фальшывы, але тым ня менш ён існуе, дзейнічае ў беларускай палітычнай пустаце, прыносіць шкоду і напэўна залічваецца як палітычнае дасягненьне маскоўскай агентуры. Але існаваньне гэтай зьявы дачаснае. Вобразна кажучы, да першых тактаў гімну "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".

У сваіх рускамірскіх схільнасьцях групоўка ўжо і ня надта хаваецца. Нядаўна ў яе агентурным асяроддзі паявілася такая актыўная спадарыня Марыя Агафонава (па мужу -- Навасельская). Гэтая Агафонава ў 2010 годзе скончыла расейскую дыпламатычную акадэмію пры МЗС Расеі і працавала ў лукашысцкай амбасадзе ў Маскве, а потым -- у лукашысцкай амбасадзе ў Вільні. У газпрамаўскай групоўцы яна цікавіцца зборам і перасылкай сродкаў пацярпелым беларусам ад катаваньняў рэжыму (сродкамі, якія лукашысцкія банкі заблакавалі і сьпісалі з рахункаў людзей, гэта значыць -- укралі).

Ёсьць іншыя намеры сумніўнай дзейнасьці. Нядаўна групоўка зацікавілася беларускай 30-хвіліннай перадачай на Віленскім тэлебачаньні. Гэта тая перадача, пра якую мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, яшчэ ў 1990 годзе дамовіліся са сьпікерам Сэйму Вітаўтам Ляндсбэргісам. Яна існуе па-беларуску па сёньняшні дзень. Групоўка Газпрама-ФСБ праз набліжаную асобу выступіла перад гарадзкой Мэрыяй і тэлебачаньнем аб пераадрасаваньні ёй гэтай праграмы, дзе яны будуць вяшчаць па-руску пра свае справы.

Улады Вільні гэтаму не пярэчаць, бо Вільня ўключылася ў гульню Эўразьвязу за дыялог з Пуціным і Лукашэнкам аб Беларусі і гуляюцца ў "прэзыдэнцтва" Ціханоўскай.

Гэтая лявацкая эўрапалітыка, як ня дзіўна, выглядае тыповым лукашызмам, бо заснаваная на хлусьні з той розьніцай, што імкнецца перамагчы вялікую хлусьню рэжыму Лукашэнкі меншай хлусьнёй сваіх палітычных дэклярацый.

Амэрыканскі ўрад ім дакладна сфармуляваў, што ў выніку сфальшаваных выбараў і адсутнасьці доказаў галасаваньня ў Беларусі не абралі прэзыдэнта. Юрыдычна яго не існуе. Для вызначэньня прэзыдэнта патрэбныя новыя выбары. Але ў эўрабюракратаў свае задумы. Возяць жанчыну па сталіцах, называюць "прэзыдэнтам" і вымаўляюць пустазвонныя фразы.

Да групоўкі раптам паплылі людзі "ніхто і ні адкуль", езьдзяць у Маскву ў якасьці нібыта беларускай "апазыцыі", частуюцца кавай у Лубянцы, даюць інтэрв'ю супраць беларускай мовы, выступаюць за СНД, АДКБ, за "саюзную дзяржаву", "мытны саюз" -- словам за ўвесь лукашызм, акрамя Лукашэнкі.

Сумленьня ў гэтых асобаў, напэўна, няма, як няма нічога беларускага ў сэрцы. Дарэчы, нават непрыхільная да беларушчыны Вольга Карач (якая цяпер за мяжой) аддала свайго сына вучыцца ў беларускую гімназію ў Вільні. Дзеці Ціханоўскай у беларускай гімназіі ня вучацца. Такія вось "невероятные" любіцелі беларускага народа.

Зыходзячы зь беларускага палітычнага сэнсу, гульню ў Ціханоўскую трэба б было хутчэй заканчваць. Толькі яно ўжо амаль немагчыма. Музыку заказала Масква, выконвае Эўропа разам з рускай агентурай, а слухае і ўміляецца добры, разумны, культурны і, на жаль, палітычна не адукаваны беларус.

Маем вопыт з Лукашэнкам: тады, у 90-х, да адзежы яго цягнуліся, каб дакрануцца, як да сьвятога, добрыя беларусы (да гэтага хама, лотара, бандыта і мярзотніка).

Назіраючы цяперашні час, мы заўважаем, што лагодны масавы беларус у сваіх уяўленьнях пра палітыку і ўладу з тае пары (зь 90-х) амаль не зьмяніўся. Не заўважае рэальнасьці і стаіць за тое, што яму хочацца бачыць. Толькі цяпер ужо 26-ці гадоў існаваньня не атрымаецца, бо пры яшчэ адной маскоўскай сатрапіі краіны можа ня стаць. Але спадзяемся на лепшае.

Акупацыйны рэжым пачаў татальную тэрарыстычную вайну супраць беларусаў. Страляюць у людзей, кідаюць гранаты, карнікі ўрываюцца ў крамы і ў кватэры, б'юць і хапаюць людзей, арыштоўваюць тысячы ў дзень, катуюць у турме, калечаць і забіваюць у пастарунках. Недазволенага для хунты няма нічога перад задачай захаваньня прарасейскай улады. Сьмерць чалавека для іх -- не перашкода, нішто сацыяльнае і нішто нацыянальнае ня мае для іх значэньня.

Сацыяльнай каштоўнасьцю акупацыйнага рэжыму ёсьць карнік, амонавец, забойца, якому ўсё дазволена. Гэта абазначае, што Лукашэнка і гэбісты намераны вынішчыць усё, што не адпавядае іхняй сацыяльнай каштоўнасьці. Тут іхняя апора – на зброю і карныя аддзелы.

Разумным людзям ня трэба зьдзіўляцца ўзроўню мазгоў рэжымнай намэнклятуры. Адбылася сэлекцыя кадраў антынароднай улады пад Лукашэнку. Тут рэчаіснасьць, зь якой вынікаюць дзеяньні.

Да гэтага трэба адносіцца сур'ёзна, бо людзі звычайна ня хочуць верыць у магчымасьць таго, што не адпавядае агульнапрызнаным нормам маралі, розуму і культуры.

Для Лукашэнкі характэрна нетрыманьне псіхапатычных паняцьцяў, думак і слоў, якія яго апаноўваюць. Ён выбалтвае свае "ідэі-фікс". Найбольш злавеснай паталогіяй, якая яго апанавала, гэта "паўтарыць, як у Андзіжане" і адпомсьціць, расстраляць беларускі народ. Ідэя яго зьядае, і пры магчымасьці ён яе захоча рэалізаваць. У прынцыпе, ён гатовы быў бы расстраляць усю нацыю, ці хаця б палову і замяніць "народзец" іншымі людзьмі.

Такое ўжо было ня раз у маскоўскай гістрыі і ў сьвеце камунізму-сацыялізму. У 30-х гадах расейцы-бальшавікі забілі ў Беларусі чвэрць насельніцтва. Са 104-х вышэйшых дзяржаўных кіраўнікоў-адміністратараў расстралялі 102 асобы. На іх месцы прыслалі з Расеі так званых "выдвіжэнцаў". Яны тут і кіравалі. (Я ўжо не кажу пра Пол-Пота, рускага цара Івана ІV-га, "таварыша" Сталіна, галакост і т. п.)

Генацыд беларусаў адбываецца здаўна. Зьмяняецца толькі яго характар і фазы.

Цяпер ва ўмовах антынароднай вайны трэба працягваць мірныя масавыя пратэсты. Але абавязкова павінны быць створаныя грамадзкія (народныя) дружыны аховы (пра што кажацца ўжо даўно), якія паспрыяюць абароне людзей і каардынацыі шэсьця па-за Інтэрнэтам і тэлефонам, бо Сеціва і электронную сувязь кантралююць спэцслужбы рэжыму.

Мірны масавы пратэст народа супраць акупацыйнага гвалту і дэманстрацыя нацыянальных каштоўнасьцяў вельмі патрэбныя беларускаму грамадзтву дзеля яго нацыянальнага разьвіцьця і кансалідацыі ў змаганьні за волю.

Пакуль што беларусы выходзяць у асноўным пратэставаць. Пануе дух салідарнасьці і пратэсту. Тое трэба ўлічваць. Тыя, хто сасьпелі для змаганьня за нацыянальныя ідэалы вольнай Беларусі, мусілі б рыхтавацца да партызанскай барацьбы. Яна амаль непазьбежная.

Наступная задача -- падрыхтоўка да ўсеагульнага страйку, якая вымагае пэўных правілаў і галоўнае -- разумных энтузіястаў.

Ёсьць шмат народных прапаноў адносна паводзінаў пратэстантаў. Была, між іншым, парада перастаць уцякаць ад карнікаў (пасьпяховы мэтад польскай "Салідарнасьці"). Тут ёсьць рацыянальны зьмест -- тармажэньне агрэсіі нападнікаў і дэманстрацыя духоўнай перавагі.

Пасьля забойства мастака Рамана Бандарэнкі ў некаторых людзей узьніклі сумненьні ў эфэктыўнасьці мірных дэманстрацыяў. Тым часам яны вельмі эфэкетыўныя, бо перарабляюць грамадзтва на вышэйшы ўзровень, ствараюць грунт для адраджэньня Беларускай нацыі. Нездарма акупацыйны рэжым кінуў усе сілы на здушэньне пратэсту і распачаў тэрарыстычную вайну супраць народа.

Такім чынам -- цяжка, але ёсьць сэнс. Адступаць нельга. Тое, што робяць нашыя людзі -- гэта псіхічны наступ на рэжымную хунту, дэманстрацыя духоўнай сілы, якая выбівае ў непрыяцеля грунт пад паразітызмам сацыяльнага існаваньня.

Цяпер (і ўвесь час) захаваць уладу ўзурпатара ў Беларусі і ягоны рэжым зацікаўлена толькі Масква. Але памятайма, што гэтая Масква і ёсьць галоўным ворагам Беларусі і беларускай свабоды.

19 лістапад 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК