ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ ЗАГІНУЛЫМ ЗА БЕЛАРУСЬ

Выказваю шчырае і глыбокае спачуваньне сям'і, сваякам, родным і блізкім Рамана Бандарэнкі, загінулага ад рук карнікаў антыбеларускага прамаскоўскага рэжыму. Яго забівала міліцэйская зграя рэжыму ў міліцэйскай машыне і давершыла забойства ў аддзеле міліцыі Цэнтральнага раёна Менска. Кара забойцам немінучая.

Але ёсьць галоўны забойца народа, які ненавідзіць беларусаў, усё беларускае і накіроўвае банды карнікаў супраць мірных людзей. Ён і спрыяльная яму Масква нясуць адказнасьць за забойствы людзей і за вайну, якую яны вядуць супраць беларускага народа. Кара для галоўнага злачынцы і арганізатара забойстваў насьцігне яго. Ён не схаваецца і не ўцячэ, і нішто яго не ўратуе. Кроў забітых будзе адпомшчана. Памяць пра загінулых будзе жыць і стане неўміручай у вольнай Беларусі.

Вечная памяць Раману Бандарэнку і ўсім загінулым за волю, свабоду і праўду Айчыны!

12 лістапад 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК