МАРШ ПАМЯЦІ Ў КУРАПАТЫ
Курапаты -- сьведчаньне расейскага камуністычнага генацыду ў Беларусі, найвялікшае ў сьвеце месца расстрэлаў людзей.
Курапаты пад Менскам -- гэта мартыралог Беларускага народа. У 1937-1941 гадах расейскія бальшавікі НКВД у час генацыду расстралялі тут, згодна навуковых дадзеных*, каля чвэрці мільёна людзей. Тут забілі і кінулі ў ямы шмат беларускіх сялян, рабочых людзей, асобаў беларускай адміністрацыі, вучоных і маладых у 18 гадоў. Тут расстралялі і закапалі сотні беларускіх паэтаў, пісьменьнікаў, дзеячоў мастацтва. Парэшткі іх я назіраў у 1988 годзе падчас найцяжэйшых у маім жыцьці археалагічных раскопак месца расстрэлаў.
Курапаты былі адкрытыя ў 1988 годзе. Нянавісьць расейскіх гэбістаў да гэтага адкрыцьця доўжыцца да сёньняшніх дзён. Іх круціць у канвульсіях, бо Курапаты матэрыяльна засьведчылі злачынства маскоўскіх бальшавікоў. Гэта ня сьпіскі расстрэлаў, не даклады ЦК КПСС і не ўспаміны -- тут знойдзены трупы людзей, якіх расстралялі камуністы -- рэчавы доказ, улікі для суду над камуністычнай Масквой за злачынства супраць чалавецтва.
Па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі Беларускага Народнага Фронту з 2000-га года тут створаны Народны Мэмарыял Курапаты "Лес крыжоў". Тут тысячы крыжоў над магіламі, пастаўленыя людзьмі ў памяць забітых продкаў.
Пачынаючы з 1988 году, кожны год на Дзяды -- у Дзень усіх Сьвятых, у Дзень Задушны і Дзень памяці продкаў, вызначаны і прыняты Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня, людзі йдуць сюды ў Крыжовым шэсьці, несучы крыжы на плячах -- сымвал памяці,-- каб пакланіцца магілам і паставіць над імі свой крыж -- знак жалобы. Народны Мэмарыял Курапаты -- гэта вечны помнік, дзе людзі стаўленьнем крыжоў кожны год матэрыялізуюць памяць народа пра генацыд.
У 2019 годзе, па распараджэньні Лукашэнкі, сюды прыгналі тэхніку і пачалі ламаць крыжы, пастаўленыя народам.
У 2018 годзе, у 30-ю гадавіну адкрыцьця Курапатаў, была зроблена подлая справа Масквы і мясцовых чыноўнікаў антынароднага рэжыму. Побач з касьцьмі расстраляных продкаў ахоўнай зоне мэмарыяла дазволілі пабудаваць забаўляльны рэстаран з асобнымі пакоямі пад назвай "Поедем-поедим". Па сёньняшні дзень тут зьбіраецца ўся нечысьць, п'юць, рагочуць нашчадкі энкавэдзістаў, танцуюць на жалобным месцы.
Другі год з дня ў дзень перад рэстаранам -- гэтай брамай зьдзеку, стаіць Курапацкая варта валанцёраў, папярэджвае кліентаў, тлумачыць куды яны ідуць. Другі год не спыняецца прыезд нечысьці, каб павесяліцца над магіламі і закусіць. Цемра апусьцілася над Курапатамі.
1-га лістапада на Дзяды -- у Дзень усіх сьвятых і ў Дзень памяці продкаў павінен быць марш памяці ў Курапаты. Цемра мусіць сканаць перад духам тысячаў беларусаў.
Ідзеце ў Курапаты на Дзяды! Шануйце памяць, каб мець будучыню.
ЗАЎВАГА*. Навуковыя і крыміналістычныя дадзеныя розьняцца. Археалогія, грунтуючыся на навуковай мэтадалогіі, улічвае выемку касьцей з магіл у канцы 40-х гадоў (бальшавікі замяталі сьляды пасьля скандалу ў Катыні).
Крыміналістыка ўлічвае толькі рэальныя парэшткі людзей, што засталіся на дне магілы.
24 кастрычнік 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК