ЗМАГАНЬНЕ СЬВЯТЛА
(Нарыс становішча)
З гэтай інфармацыяй я хацеў бы найперш дайсьці да сваіх землякоў, да людзей, што камунікуюцца ў дваровых чатах і дбаюць пра Беларусь.
* * *
Абставіны патрабуюць тлумачэньня.
Галоўнае. Бальшыня беларускага грамадзтва ня хоча больш цярпець існуючага рэжыму, ягонай палітыкі і яго начальніка, які зьяўляецца ўзурпатарам улады. Людзі перасталі маўчаць і баяцца. Масавыя пратэсты па ўсёй Беларусі, якія доўжацца ўжо трэці месяц, гавораць аб сур'ёзнасьці падзей і сьведчаць пра народную рэвалюцыю. Галоўнае патрабаваньне народа -- Лукашэнка павінен зыйсьці, яго ўлада мусіць быць ліквідавана.
Рэжым страціў падтрымку ў грамадзтве, улада абапіраецца толькі на сілавыя структуры і на адміністрацыю. Матывацыя паводзінаў Лукашэнкі -- любымі спосабамі ўтрымацца ва ўладзе. Палітычная апора -- на Пуціна і Расею.
Беларускія нацыянальна-дэмакратычныя сілы заблакаваныя рэжымам і выключаныя з актыўнага палітычнага працэсу. Яны не былі дапушчаныя і ня ўдзельнічалі ў выбарах, актыўныя беларускія палітыкі ізаляваныя за кратамі, шмат хто вымушаны быў зьехаць за мяжу, беларускія партыі існуюць, практычна, у падпольлі.
Цалкам адсутнічаюць беларускія СМІ, якія б адбівалі інфармацыю з гледзішча нацыянальных інтарэсаў і адлюстроўвалі б стан беларускай палітыкі і становішча нацыі.
Асаблівасьць сітуацыі ў тым, што, пачынаючы ад выбарчай кампаніі, на беларускім палітычным полі дзейнічаюць і пануюць дзьве прарасейскія сілы, якія знаходзяцца пад кантрольным уплывам Масквы і змагаюцца між сабой за ўладу ў Беларусі, апэлюючы да беларускага грамадзтва.
Першая сіла -- гэта група ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Другая -- гэта група, створаная пад выбары (В. Бабарыка, В. Цапкала) і падтрыманая расейскім Газпрамам і ФСБ (план Крамля). Гэтыя групы, не спатыкаючы на выбарах беларускага палітычнага супраціву, і, змагаючыся між сабой, робяць у Беларусі і на міжнародным узроўні ўсё, што хочуць.
Сітуацыйная перавага ёсьць на баку групы ўлады, але большая пэрспэктыва ў групы Газпрама-ФСБ, калі толькі ў гэтую вайну не ўмяшаецца самая магутная сіла -- Беларускі народ. Аднак дзеля гэтага народ мусіць мець сваю нацыянальную масавую палітычную арганізацыю (кшталту Народнага Фронту).
На сёньняшні дзень група расейскага Газпрама і ФСБ (гэта найперш прадстаўнікі Белгазпрамбанка -- бацька і сын Бабарыкі, М. Знак, М. Калесьнікава плюс В. Цапкала, С. Ціханоўская, П. Латушка і іншыя) і тыя, што стаяць за імі, маюць пэўны ўплыў на ўдзельнікаў масавых пратэстаў і ўвесь час імкнуцца падпарадкаваць іх свайму кантролю, але ня ведаюць, як тое зрабіць, выкарыстоўваюць дзеля гэтага падстаўную ролю Сьвятланы Ціханоўскай. Толькі атрымліваецца кепска і часам бязглузда.
Група Газпрама-ФСБ працягвае дзейнічаць у парадыгме плану Пуціна. Першае, чаго яны дамагаюцца, -- гэта новых выбараў. (Толькі якія выбары пры Лукашэнку!) Прытым падкрэсьліваецца (Латушка і інш.), што выбары мусяць адбывацца па існуючым лукашысцкім заканадаўстве. А гэта значыць, што яны хочуць прапанаваць народу выбіраць новага дыктатара -- прэзыдэнта з дыктатарскімі паўнамоцтвамі. На такіх выбарах Масква мяркуе правесьці сваю асобу ў прэзыдэнты Беларусі, і ўжо выбраная асоба навядзе патрэбны для Масквы парадак.
У стратэгічным плане пуцінскі варыянт (варыянт з Бабарыкам і Цапкалам) можа аказацца фатальным для будучыні Беларусі, бо прадугледжвае захоп беларускай маёмасьці расейскім капіталам, адзіную (расейскую) валюту, працяг агрэсіі інтэграцыі і русіфікацыі.
Потым Масква хацела б пры дапамозе свайго новага стаўленьніка стварыць у Беларусі мінімум дзьве прарасейскія партыі, і тады аб'явіць выбары ў парлямант па новым прапарцыйным выбарчым законе, які яны намерваюцца стварыць (гэта значыць выбіраць па партыйных сьпісах). Тое будзе абазначаць, што, практычна, ніхто зь беларусаў у парлямант увогуле ня трапіць, бо беларускія партыі Лукашэнкам ужо амаль зьнішчаныя, а новым прарасейскім адчыніцца дарога.
Гэта ёсьць план захопу беларускага парляманта. Яны пра гэта часам нават адкрыта кажуць, відаць, спадзеючыся на наіўнасьць некаторых беларусаў.
Наступны ідэалягічна найважнейшы крок у палітыцы Масквы, пра які ўпарта, нібы нічога і нікога ня чуючы, паўтараюць адэпты групы Газпрам-ФСБ і створанай імі так зв. «каарданацыйнай рады», -- гэта пераробка Канстытуцыі 1994 года. Маскву цікавіць там рэальна толькі адно пытаньне -- падвысіць статус расейскай мовы як мовы міжнацыянальных зносінаў (што запісана ў Канстытуцыі) да ўзроўню дзяржаўнай мовы. Гэта значыць зрабіць так, як было пры Лукашэнку і канчаткова ўгробіць беларускую мову.
(Зьнішчэньне мовы зрабіла б Беларусь таксама нацыянальна безабароннай перад агрэсіўнай палітыкай з боку Расеі, аслабіла б абарону суверэнітэту.)
* * *
Нашая пазыцыя Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту -- Вольная Беларусь -- грунтуецца на інтарэсах народа і Айчыны.
Першым чынам павінна быць ліквідавана ўлада Лукашэнкі і яго прысутнасьць ва ўладзе.
Народ і Айчына, пакуль кіруе вар'ят, знаходзяцца ў небясьпецы. Законы ня дзейнічаюць. Законнай магчымасьці ў народа зьмяніць уладу -- няма. У такім разе народ, абараняючы свае жыцьцёвыя інтарэсы, сваю дзяржаву і сваё існаваньне, мае канстытуцыйнае права на рэвалюцыю і на ліквідацыю ўзурпатара любым спосабам: ад масавых пратэстаў да ажыцьцяўленьня выраку Народнага Трыбуналу. Задача стварэньня Народнага Трыбуналу ўжо пастаўлена.
Пасьля адхіленьня Лукашэнкі ад улады альбо Канстытуцыйным Судом, альбо Саветам Міністраў, альбо скліканым Сходам народных прадстаўнікоў, альбо Народным Трыбуналам -- у залежнасьці ад абставінаў -- асуджаюцца і адмяняюцца ўсе рашэньні, якія былі прынятыя ў выніку лістападаўскага дзяржаўнага пераварота 1996 года (калі Лукашэнка груба і незаконна паламаў дзеючую Канстытуцыю). Вяртаецца ў дзеяньне (натуральна і аўтаматычна) законная Канстытуцыя 1994 года і ўсё заканадаўства, зьвязанае з законнай Канстытуцыяй. Дэкрэты, указы, дамовы ўзурпатара адмяняюцца. Заканадаўства прыводзіцца ў норму паводле выпрацаваных правілаў.
Вызваляюцца з турмаў усе арыштаваныя і асуджаныя па палітычных матывах. Пераглядаюцца справы асуджаных за эканамічныя парушэньні. Праводзіца люстрацыя і сьледзтва па дзейнасьці суддзяў. Суддзі, якія груба і сьведама парушалі заканадаўства і судзілі нявінных людзей па палітычных замовах, пойдуць пад суд.
Будуць арыштаваныя ўсе члены Цэнтральнай Выбарчай Камісіі начале зь Ярмошынай і пачынаецца сьледзтва аб фальсіфікацыі выбараў.
Прызначаецца новы склад ЦВК Сходам прадстаўнікоў альбо іншым народным рэвалюцыйным ворганам.
Наступны этап. Аб'яўляюцца і праводзяцца выбары ў парлямант краіны па мажарытарным законе (гэта значыць выбары па акругах), прынятым згодна Канстытуцыі 1994 года. Выбіраецца аднапалатны парлямант з 260 дэпутатаў. Парлямант выбірае ўрад (Савет Міністраў), разглядае пытаньне аб статусе прэзыдэнта, уносіць папраўкі ў Канстытуцыю і Закон Аб прэзыдэнце.
Пасьля канстытуцыйнага абмежаваньня паўнамоцтваў прэзыдэнта парлямант прызначае выбары прэзыдэнта.
Адначасна адбываецца перафарматаваньне на дэмакратычны лад усёй сістэмы ўлады -- судоў, пракуратуры, ворганаў адміністрацыйнага кіраваньня, ліквідуецца дыктатарская вертыкаль, кіраўнікі выканаўчай улады ў вызначаных гарадах абіраюцца народам і г. д. Усё падрабязна расьпісана ў праграме "Вольная Беларусь" (якая была падрыхтавана ў 2017 годзе палітыкамі і заканадаўцамі Беларускага Адраджэньня і абмеркавана грамадзтвам).
У гэты ж час, пасьля навядзеньня парадку ў пракуратуры і судах, узбуджаецца справа аб злачынстве супраць народа, якое было зроблена кіраўніцтвам і выканаўцамі міліцэйскай структуры ОМОН.
Узбуджаецца справа аб здрадзе дзяржаве і народу і аб злачынстве супраць народу Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча (калі ён да гэтага часу застанецца яшчэ жывым).
* * *
Што даюць такія першыя зьмены ва ўладзе для Беларусі.
Найперш ліквідуецца аўтарытарнае самаўладдзе і робіцца немагчымай дыктатура ў краіне. Павялічваецца роля парляманту. Выбары па мажарытарнаму закону дадуць магчымасьць выбраць у парлямант прадстаўнікоў беларускага народа і абмяжуюць выбарчыя спадзяваньні маскоўскай агентуры, нават калі б яна пры дапамозе Крамля стварыла б тут прамаскоўскія партыі.
Узмацненьне заканадаўчага воргана і абмежаваньне паўнамоцтваў прэзыдэнта паспрыяе збалансаванаму падзелу паміж заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладамі. Вернецца справядлівасьць у беларускае грамадзтва.
Немалаважна і тое, што парляманцкая сістэма паспрыяе ўмацаваньню суверэнітэту краіны, бо на прэзыдэнта-дыктатара Масква была ў стане праштурхнуць свайго стаўленьніка, але 260 дэпутатаў парляманту ёй купіць ня ўдасца.
* * *
У цяперашнім становішчы трэба ствараць структуры і суполкі руху Вольная Беларусь (пакуль што схавана). Няхай яны множацца і разрастаюцца гарызантальна. Адначасна трэба ствараць абарону структураў (дружыну). У пэўным часе, калі рух пашырыцца, тады можа быць створаны выбраны Сойм руху, які прызначыць выканаўчы ворган Сойму і возьме на сябе рэальнае палітычнае прадстаўніцтва Беларусі.
Нельга цярпець каб групы прафанаў, агентуры і непрыхільнікаў Беларускай нацыі стваралі падстаўныя каардынацыйныя структуры і выступалі прадстаўнікамі беларускай народнай рэвалюцыі.
* * *
Першасныя палітычныя задачы Вольнай Беларусі на пачатку мусілі б выглядаць так:
-- адхіленьне Лукашэнкі ад улады;
-- вызваленьне палітвязьняў;
-- вяртаньне законнай Канстытуцыі і заканадаўства 1994 года;
-- выбары ў парлямант.
Штодзённая дзейнасьць суполак Вольнай Беларусі можа быць разнастайнай. Але палітычныя задачы акрэсьленыя. Заўсёды трэба памятаць аб нацыянальнай салідарнасьці, падтрымліваць адзін аднаго і ўвесь народ, дбаць пра беларускую культуру, мову, песьні, традыцыі, гісторыю, шанаваць нацыянальныя сімвалы -- Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.
Трэба змагацца супраць сілаў цемры за сьветлую дэмакратычную Беларусь, прыхільную для людзей. І таму ўсе, хто з намі, -- украінцы, расейцы, габрэі -- дапамагайце беларусам. Ад вольнай Беларусі будзе шмат што залежыць і ва Украіне, і асабліва ў Расеі. Адчувайце сябе ваярамі сьвятла, бо і сапраўды, тут бітва йдзе паміж сьвятлом і цемрай, паміж свабодай і рабствам, паміж праўдай і хлусьнёй. Але праўда пераможа.
Слава Айчыне!
Жыве Беларусь!
22 кастрычнік 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК