ПАЛОХАЮЦЬ І ПРАВАКУЮЦЬ

Учора і пазаўчора (12-13-кастрычніка) адбылася сэрыя выступаў рэжымных начальнікаў, расейскіх журналістаў і агентуры з пагрозамі беларусам аб тым, што для ліквідацыі мірных дэманстрацыяў будуць выстаўляць войска і ўжываць баявую зброю. З такімі пагрозамі выступілі намесьнік міністра ўнутраных справаў, пракурор г. Менска, загадчык аддзела сацыялогіі Акадэміі Навук нехта Шчэкін (гэта надзвычайнае дно), рэжымнае тэлебачаньне і расейскія журналісты-прапагандысты, якія адначасна сталі хлусіць, што дэманстранты зьбіваюць АМОН. І што характэрна,-- тут жа зьявіўся правакацыйны ўльтыматум, адрасаваны Лукашэнку пад імем Ціханоўскай.

Ініцыятыва "ультыматума" належыць спадару Цапкалу, які спэцыяльна прыехаў у Вільню працаваць з "дарадцамі". Ультыматума спадару Цапкалу здалося мала і сёньня (14-Х-2020) гэты аматар Пуціна выдаў свой тэкст, дзе заклікае менскіх рабочых біць АМОН дубінамі па галовах. Вось табе й на: быццам бы дыплямат, а ўсю дыпляматыю сапсаваў.

Усё гэта (асабліва выверт з "ультыматумам") кажа аб тым, што рэжым адчайна шукае спосабу спыніць беларускі масавы рух. Ідзе псіхічнае нападзеньне і палоханьне грамадзтва. Але ня трэба палохацца. Паўтараю: мірная масавая няспынная дэманстрацыя цяпер, на гэтым этапе, ёсьць зброя беларусаў. Людзям неабходна захоўваць моц духа і спакой розуму, супакоіць неўраўнаважаных і не дапусьціць правакацыяў (паленьне пакрышак і т. п.). Час працуе на народ.

14 касрычнік 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК