“БЕЗ КАНСТЫТУЦЫІ 1994 ГОДА НЕМАГЧЫМА ЎВАЙСЦІ Ў ЛЕГІТЫМНАЕ ПРАВАВОЕ ПОЛЕ.”

Дакладна і коратка сфармуляваў юрыст Барыс Хамайда: "Без Канстытуцыі 1994 года немагчыма ўвайсці ў легітымнае прававое поле." Гэта трэба зразумець тым, хто не разумее.

Тыя хто ня хочуць гэтага разумець, і спадзяюцца навязаць беларусам свае законы, тыя пачынаюць прыдумваць "рэформы" лукашысцкай незаконнай канстытуцыі і нават "канстытуцыйныя рэфэрэндумы."

Тут адзначылася група Газпрама-ФСБ (так зв. "каардынацыйная рада" і інш.) і найперш Лукашэнка. Для ўзурпатара "канстытуцыйны працэс", які можа доўжыцца працяглы час, таксама мэтад, што можа трымаць яго на паверхні ўлады.

Зразумела што тут ёсьць галоўная маніпулятыўная задача ўзурпатара. Першы тактычны ход -- аб'яднаць свае "канстытуцыйныя" намеры з намерамі групы "Газпрама-ФСБ". Лукашэнка садзіць сп. Лябедзьку, якому апанэнты даручылі рэфармаваць канстытуцыю, за краты (каб ня блытаўся пад нагамі) і едзе ў турму КГБ па сяброўску паразмаўляць аб сумеснай рэформе канстытуцыі з арыштаванымі сядзельцамі Газпрам-банка.

Прымушэньне да супрацоўніцтва, відаць, скончылася шматабяцаюча (адно тое, што сядзельцы пагадзіліся зь ім на размову пра "канстытуцыйную рэформу" ў турме, а не на свабодзе, у становішчы залежных ад яго вязьняў, а не вольных грамадзян, гаворыць пра іх адносіны да абсурднай падзеі).

Дзьве асобы, якія адразу пагадзіліся на супрацоўніцтва, былі тут жа выпушчаныя з турмы. Астатнія чакаюць сваёй чаргі, думаючы, што лепш, ці паступіцца годнасьцю і падтрымаць рэформу рэжымнай канстытуцыі, працуючы пад Лукашэнкам, ці адматываць тэрмін (і не малы) у лукашысцкай турме.

Тут тыповы камуністычна-гэбоўскі шантаж. Прытым шмат хто ў такіх выпадках не разумее, што адмова ад годнасьці не вызваляе іх ад турмы, што яны аддаюць сябе ў рукі пачвары. Іх натхняе, відаць, адна з Лукашэнкам прарасейская масьць. Пуцін жа "мудры", калі што дапаможа.

Цалкам верагодна, што з Лукашэнкам захочуць супрацоўнічаць яшчэ іншыя асобы з "Амэрыканкі". Магчыма нават усе. І нічога страшнага не адбудзецца, бо ў гэтай публікі няма ні прынцыпаў, ні палітычнага сумленьня. Усё будзе каціцца па дарожцы вялікай і маленькай хлусьні. Будуць бавіцца ў "апазыцыю", разыгрываць авантуру з Ціханоўскай, засвойваць сродкі Эўразьвязу, прыдумваць фантомныя кангрэсы ды ініцыятывы etc.

Беларусь ратуе пакуль што толькі сам Беларускі народ. Рэвалюцыя ратуе. Толькі хутчэй, вельмі хутка трэба, каб змаглі арганізавацца ў беларускую палітычную сілу. Спадзяюся тое будзе, нягледзячы на раша-фашызм і фактычную акупацыю нашай зямлі. Жыве Беларусь! Слава Айчыне!

12-10-2020. Зянон Пазьняк