ВЫТРЫМКА — КАБ СТАЦЬ БЕЛАРУСКАЙ ПАЛІТЫЧНАЙ СІЛАЙ

Ліст сябрам народнай партыі (КХП -- БНФ)

На 27 верасень рыхтуецца пратэстная акцыя. Яна мусіць быць маштабнай і мірнай. Тут вельмі важна, каб была вытрымка і не паддавацца на правакацыі.

Кожная дваровая і раённая група мусіць стварыць дружыну самаабароны і вызваленьня. Задача -- бараніць людзей і не даваць іх схапіць (асабліва там, дзе карнікаў ня шмат і калі яны агрэсіўныя).

Мірныя акцыі дапамагаюць нацыянальна скансалідаваць грамадзтва, запачаткаваць працэсы самаарганізацыі і структурызацыі супольнасьці. Толькі тады можа пачацца іншы дынамічны і практычны этап змаганьня.

На сёньняшні дзень грамадзтва яшчэ не гатовае супроцьставіцца ўзброенай сіле рэжыму. Тым больш, калі будзе справакавана інтэрвенцыя з усходу.

Беларусам трэба хутчэй арганізоўвацца і дзеля гэтага трымаць мірную пазыцыю пратэстаў.

У такой сітуацыі робяць шкоду засланыя правакатары і часам, на жаль, блытаюцца свае людзі, якія ня ўмеюць добра думаць і кіраваць галавой сваімі пачуцьцямі. Часам чуваць крыкі ў паветра, што трэба граміць, браць уладу і т. п.

(Уладу, дарэчы, браць яшчэ няма каму, прытым лепш падрыхтаваная якраз прамаскоўская газпрамаўска-эфэсбоўская група, якая стварыла нават свае структуры і выйшла на міжнародны ўзровень. Складваецца ўражаньне, што абуджанае грамадзтва яшчэ не здагадваецца, што тут схаваная чарговая параза Беларусі, якую беларусаў могуць зноў прымусіць зрабіць сваімі рукамі).

Мірны пратэст трэба скарыстаць, перш за ўсё, дзеля стварэньня арганізаванага нацыянальна-вызвольнага руху і дзеля структурнай кансалідацыі беларускай нацыянальна-адраджэнскай сілы. Толькі тады пытаньне будучыні Беларусі набудзе нацыянальны прадметны сэнс. Рух Вольная Беларусь наперадзе. Трэба ўлічваць акупацыйныя ўмовы. Значэньне будзе мець таксама ўсеагульны страйк.

Усе -- на дэманстрацыю Народнай Салідарнасьці за адхіленьне ўзурпатара ад улады, за вяртаньне Канстытуцыі 1994 года і за новыя вольныя выбары парляманта і прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

25 верасень 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК