“КАМІТЭТ ПОЛЬШЧА-БЕЛАРУСЬ ІМЯ ГЕНЭРАЛА СТАНІСЛАВА БУЛАК-БАЛАХОВІЧА”

Кантакты Беларускага Народнага Фронту (БНФ) з польскімі дэмакратычнымі арганізацыямі, што ўтварыліся на базе «Салідарнасьці» пачасьціліся з 1993 года. Гэта было зьвязана найперш з нашай палітычнай ідэяй стварыць у будучыні Балта-Чарнаморскую супольнасьць дзяржаў (Беларусь, Украіна, Летува, Латвія). Палякі прапаноўвалі пашырыць ідэю да канцэпцыі «міжмор'я», куды ўвайшла б Польшча (і магчыма потым Венгрыя, Славакія, Румынія, Баўгарыя).

У 1996 годзе я апынуўся ў эміграцыі (ЗША, Польшча). У Кракаве я пазнаёміўся з Карнэлем Маравецкім – кіраўніком «Солідарносьці вальчонцэй». У нас было супадзеньне поглядаў на каунізм і неабходнасьць працягваць змаганьне, бо камунізм-сацыялізм – найвялікшае зло. У 1999 годзе мне патэлефанаваў Пётра Глябовіч адзін з арганізуючых дзеячоў «Солідарносьці вальчонцэй» і прапанаваў супрацоўніцтва. У гэты ж час я пазнаёміўся з Ядвігай Хмялёўскай, кіруючай дзяячкай «Солідарносьці вальчонцэй». Потым – з Робэртам Боднэрам, Бацяном і іншымі дзеячамі. Узьнікла ідэя, якую выказаў Пётра Глябовіч, стварыць Польска-Беларускую арганізацыю ў Польшчы, паколькі ідэалёгія Беларускага Народнага Фронту і «Солідарносьці вальчонцэй» былі блізкімі, падтрымлівалі традыцыйныя каштоўнасьці і грунтаваліся на барацьбе з камунізмам.

Гэтую ідэю падтрымліваў таксама «Рух Одродзэня Польскі» (прэм'ера Альшэўскага). 21 студзеня 2000 года была ўтворана сумесная беларуска-польская арганізацыя «Камітэт Польшча-Беларусь імя генэрала Станіслава Булак-Балаховіча». Мэты «Камітэту – інфармаваньне польскага грамадзтва аб сітуацыі ў Беларусі і супрацоўніцтва польскіх дзеячоў і палітыкаў зь незалежніцкім беларускім рухам. Старшынёй Рады Камітэту па чарзе мусілі быць прадстаўнік Польшчы і Беларусі. Першым старшынёй быў Пётра Глябовіч. З 2-га чэрвеня 2001 года – Зянон Пазьняк. Сакратаром «Камітэту» стаў – Робэрт Боднэр, намесьнікам старшыні – Лешэк Беднарчук. Зь беларускага боку – Зянон Пазьняк, Сяргей Папкоў, Валеры Буйвал і інш. Аб стварэньні «Камітэту» было аб'яўлена ў Кракаве на прэс-канфэрэнцыі для журналістаў.

21-29 студзеня ўдзельнікі кіруючай групы «Камітэту» аб'ехалі шэраг польскіх гарадоў (Варшава, Познань, Кракаў, Сасновец, Катавіцы, Люблін), дзе выступалі перад жыхарамі, сустракаліся з парлямантарамі, праводзілі прэсавыя канфэрэнцыі. У Кракаве падрыхтавалі ўрачыстую імпрэзу, пасьвечаную пачатку паўстаньня 1863-64 гг. 23-га студзеня арганізавалі пратэстную дэманстрацыю перад будынкам консульства Расейскай Фэдэрацыі ў Кракаве. Удзельнікі трымалі польскія, беларускія і чачэнскія сьцягі і плякаты: «Сёньня Грозны – заўтра Менск, пасьлязаўтра – Варшава». Пратэставалі супраць агрэсіўнай руска-імпэрскай палітыкі людабойства ў Чачэніі. Зь беларускага боку выступалі Зянон Пазьняк і Валеры Буйвал.

24 студзеня дэлегацыя «Камітэту» наведала Люблін. Адбыліся спатканьні з жыхарамі, студэнтамі унівэрсітэту, парлямантарыстамі. Абмяркоўвалася праграма беларуска-польскага супрацоўніцтва. Праведзена прэс-канфэрэнцыя для журналістаў.

25-га студзеня дэлегацыя «Камітэту» працавала ў Варшаве. У Сэйме Польшчы адбылася прэсавая канфэрэнцыя, дзе старшыня БНФ Зянон Пазьняк падкрэсьліў, што ў Расеі дайшоў да ўлады савецкі КГБ. Мэтадамі яго ўлады зьяўляецца ваенная агрэсія, брутальная прапаганда і дэзінфармацыя. Падкрэсьлена, што калі пуцінская Расея пераможа ў Чачэніі, то наступнымі мэтамі Расейскай агрэсіі будуць Украіна, Беларусь, Летува, пагроза ўзьнікне таксама для Польшчы і ўсёй Эўропы. Польскія парлямантарысты тады яшчэ не вельмі ўяўлялі сабе такое разьвіцьцё падзеяў, але выступы сяброў БНФ і Камітэту «Польшча-Беларусь» былі не дарэмнымі. Тое, што рыхтавалі расейскія агрэсіўныя колы сталася праз 15 гадоў.

З такой жа праграмай польска-беларуская дэлегацыя выступала ў Сасноўцу, Катавіцах і Познані.

Палітычная сутнасьць працы Камітэту «Польшча-Беларусь імя генэрала Станіслава Булак-Балаховіча» была выразна адлюстравана на Першым кангрэсе Камітэту, які адбыўся 11-га сакавіка 2000 года ў Кракаве. У склад кіраўніцтва Камітэту заснавальнікаў тады ўвайшлі яшчэ Яніна-Ядвіга Хмялёўска і Гэнрык Бенкевіч. Кангрэс прыняў шэраг ухвалаў, дзе былі адлюстраваныя канкрэтныя мэты і задачы арганізацыі. Было падкрэсьлена, што «Кангрэс Камітэту Польшча-Беларусь імя генэрала Станіслава Булак-Балаховіча выказвае волю да цеснага супрацоўніцтва зь незалежніцкім беларускім рухам, прадстаўніком якога ёсьць Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне» Зянона Пазьняка.

Акрамя таго Камітэт прымае захады, каб навязаць супрацоўніцтва з волязмагарнымі арганізацыямі Татарстану, Башкатарстану, з Мэджлісам Крымскіх Татараў, атаксама згуртаваньнямі з краінаў Каўказу і Закаўказьзя.

У Польшчы за сваіх натуральных саюзьнікаў Камітэт прызнае: Рух Адбудовы Польшчы, Канфэдэрацыю Незалежнай Польшчы, Пагадненьне Цэнтра, Канфэдэрацыю Незалежнай Польшчы – Бацькаўшчына, а таксама Партыю Вернасьці Рэчы Паспалітай і Чачэнскі Інфармацыйны Асяродак.

Мэтай гэтакім чынам арганізаванага супрацоўніцтва будзе разьвіцьцё і прапаганда канцэпцыі Міжмор'я і Ідэль-Урал.»

Адзін з пяці пунктаў Ухвалы гучэў так: «Камітэт Польшча-Беларусь імя генэрала Станіслава Булак-Балаховіча выказвае рашучы пратэст супраць імпэрскай палітыкі Расеі, якую яна праводзіць супраць Беларусі і Чэчэнскай Рэспублікі Ічкерыя. Адносна Беларусі праводзіцца палітыка ўмяшальніцтва ў яе ўнутранныя справы, абмежаваньне суверэнітэту (праявай чаго зьяўляецца арганізацыя «Саюзу» Беларусі і Расеі) і паступовае пазбаўленьне атрыбутаў незалежнай дзяржавы. Мэтай такіх дзеяньняў зьяўляецца «мірны» захоп Беларусі і паўторнае ўключэньне яе ў склад расейскай імпэрыі.

Асабліва звыродлівыя формы набывае палітыка Масквы адносна незалежніцкіх імкненьняў народаў Каўказу. Масавае вынішчэньне, людабойства, гвалт, стварэньне канцэнтрацыйных лягераў, прапаганда хлусьні – вось прыклады бандыцкай «цывілізацыйнай місіі» Расеі ў дачыненьні да чачэнцаў. Расейская агрэсія супраць суверэннай Чачэніі павінна быць паўсюдна асуджана і неадкладна спынена міжнароднай супольнасьцю».

Кангрэс прыняў шэраг канкрэтных прапановаў па стварэньні Беларускага інфармацыйнага цэнтру, па уганараваньні памяці гэнэрала Булак-Балаховіча, па стварэньні помніка герою-генэралу і інш.

16-га лістапада 2000 года ў Кракаве на Ракавецкіх могілках ля магілы Аляксандра Прушынскага (Алеся Гаруна – паэта і Міністра вайсковых справаў Беларусі ў 1919 годзе) і перад помнікам украінскім жаўнерам атамана Пятлюры была адзначана 80-я гадавіна ўтварэньня Нацыянальнага ўраду БНР пад кіраўніцтвам Вячаслава Адамовіча (16.ХІ.1920). Урачыстасьць арганізавалі прадстаўнікі Камітэту Польшча-Беларусь імя генэрала Станіслава Булак-Балаховіча, Агульнапольскага Камітэту Нацыянальнай Памяці, Камісіі па Супрацоўніцтву Руху Адбудовы Польшчы і Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» Зянона Пазьняка.

У гэты ж дзень прадстаўнікі Беларусі і Камітэту Польшча-Беларусь Зянон Пазьняк і Валеры Буйвал мелі спатканьне з грамадзкасьцю Кракава. Была прынятая заява і рашэньне аб правядзеньні 23-га лютага 2001 года ў краінах Эўропы і Амэрыкі сумесных беларуска-польска-чачэнскіх акцыяў пад лёзунгам: «Незалежнасьць Чачэніі, свабоду Беларусі!» «За нашу і вашу свабоду».

Пад такім дэвізам і пад лёзунгамі «Свабоду Чачэніі – абаронім незалежнасьць Беларусі!» ды «Спыніць разгул расейскага імпэрыялізму!» прайшла міжнародная акцыя салідарнасьці з чачэнскім і беларускім народамі, якія супроцьстаяць агрэсіі расейскай імпэрыі. Пікеты і дэманстрацыі адбыліся ў Беларусі, Татарстане, Грузіі, шэрагу гарадоў Польшчы, у Злучаных Штатах Амэрыкі. У Вільні дэманстрацыю наладзіла Таварыства Беларускай Культуры. Галоўным ініцыятарам міжнароднай акцыі выступіў «Камітэт Польшча-Беларусь імя генэрала Станіслава Булак-Балаховіча.»

Дата акцыі выбрана невыпадкова 23 лютага 1944 года расейскі НКВД па загаду Крамля зьдзейсьніў адно з найвялікшых злачынстваў Другой Сусьветнай вайны. Былі гвалтоўна выселеныя з роднай зямлі і вывезеныя ў Сярэднюю Азію і Запаляр'е цэлыя народы: чачэнцы, інгушы, аварцы, калмыкі.

Цяперашняя расейская імпэрыя працягвае зьнішчальную каляніяльную палітыку на Каўказе, а Беларусь абраная ахвярай расейскай экспансіі на заходнім кірунку. Усюды былі прынятыя пэтыцыі заявы і звароты, дзе гаварылася аб злачанствах супраць чалавецтва, зробленых расейскай ваеншчынай у Чачэніі, сцьвярджалася права чачэнскага народа вырашаць свой лёс самастойна.

У аснове «Камітэту Польшча-Беларусь імя генэрала Станіслава Булак-Балаховіча» стаяў Усходні Аддзел «Солідарносьці вальчонцэй» і Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне» Зянона Пазьняка (Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ). Штаб-кватэра Камітэту знаходзілася ў Кракаве. Там жа рэгулярна адбываліся мэмарыяльныя мерапрыемствы над магіламі гэрояў сумеснага змаганьня за незалежнасьць і свабоду. Напрыклад, 2-га чэрвеня 2001 году пасьля статутнага сходу Камітэту ўдзельнікі ішлі на Ракавецкія могілкі і ўскладалі кветкі да магілы Алеся Гаруна а таксама на курган у гонар украінскіх ваяроў Сымона Пятлюры.

Камітэт актыўна дзейнічаў у 2000-2002 гадах. Паступова са зьменай палітычных абставінаў (заняпадам Руху Адраджэньня Польшчы, сьмерцю маладога Робэрта Боднэра, частымі выездамі Зянона Пазьняка ў ЗША) актыўнасьць Камітэта зьмяншаецца і спарадычна праяўляецца толькі ў ініцыятывах Усходняга аддзелу «Солідарносьці вальчонцэй» (Пётра Глябовіч, Ядзьвіга Хмелёўска).

Дзейнасьць сумеснага «Камітэту Польшча-Беларусь імя генэрала Станіслава Булак-Балаховіча» адбывалася ў вельмі патрэбны момант, калі да ўлады ў Расеі прыйшоў КГБ. Ні ў ЗША, ні ў Эўропе, ні ў значнай часткі польскіх палітыкаў не было разуменьня небясьпекі, якая зьявілася над Эўропай. Мы тое разумелі і наша задача была засьведчыць небясьпеку перад вольным сьветам. Часткова нам удалося гэта зрабіць на асабовым і грамадзкім ўзроўні. Але поўнасьцю Польшча і аб'яднаная Эўропа расплюшчыла вочы, калі ўдарыў гром: калі Расея ў 2008 г. напала на Грузію і ў 2014 – на Ўкраіну. Пра ўсё гэта мы папярэджвалі і казалі людзям, пачынаючы з 2000 года. Мяркую, што наша палітычная і асьветніцкая праца была тады не дарэмнай.

Не ўдалося ажыцьцявіць ў асноўным канкрэтныя задачы (устаноўка памніка Станіславу Булак-Балаховічу, стварэньне Беларускага Інфармацыйнага цэнтра і т.п.) , словам таго, што патрабавала значных сродкаў і ўдзелу дзяржавы, палітычных прыхільнасьцяў і г.д. Палітычная палітра Польшчы ў тым часе была моцна раздроблена з перавагай левых сілаў і настроенасьцю на вырашэньне вузка палітычных пытаньняў улады.

Фактам ёсьць тое, што тыя палітычныя ідэі і задачы, якія ў пачатку 21 стагоддзя паставілі перад сабой Усходні Аддзел «Солідарносьці вальчонцэй» і Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне» Зянона Пазьняка, стварыўшы «Камітэт Польшча-Беларусь імя генэрала Станіслава Булак-Балаховіча», цяпер сталі палітычнай рэальнасьцю і чыньнікам дзяржаўнай палітыкі Польшчы, краінаў Прыбалтыкі, Украіны і Эўропы. Галоўнай небясьпекай для сьвету зьяўляецца рускі імпэрыялізм і агрэсіўная Расея Пуціна.

12 чэрвень 2020 г.

Зянон Пазьняк старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ (Народнай Партыі)

Крыніцы: «Беларускія Ведамасьці», № 1(24), 2000 г.; №2(25), 2000 г.; № 1(31), 2001 г.; № 2(32), 2001 г.; № 6(36) 2001 г.