БЕЛАРУСЬ — ГЭТА Я

Сёньня беларусы ва ўсім сьвеце востра перажываюць за нашых родных людзей, якія пакутуюць ад лукашызму-пуцінізму. Кожны забіты, скалечаны беларус, зьбіты да беспрытомнасьці -- у нашых сэрцах, якое баліць. Тыя, хто знаходзіцца за межамі Бацькаўшчыны, стараюцца ва ўсім сьвеце падтрымаць сваіх суайчыньнікаў мітынгамі пратэсту, зьбіраюць грошы на дапамогу рэпрэсаваным нашым людзям, зьвяртаюцца ў міжнародныя арганізацыі за падтрымкай і за адпаведнымі міжнароднымі дзеяньнямі-санкцыямі супраць фашыстоўскага рэжыму Лукашэнкі. Гэтая падтрымка патрэбная рэвалюцыйнай Беларусі, бо ўсе разам мы адолеем гэтую пачварную ўладу, якая прыйшла да нас з усходу.

20 верасьня каля будынка ААН у Нью-Ёрку ўжо ў каторы раз сабралася беларуская грамада, бо 21 верасьня пачынаецца Асамблея ААН з нагоды 75-годдзя арганізацыі. На мітынгу была прынята рэзалюцыя, у якой мы, беларусы, дзякуем за маральную падтрымку і зьвяртаемся да сяброў ААН па дапамогу.

Было шмат сьцягоў, плякатаў, шчырых выступаў, сьпявалі нашы песьні-гімны. Раптам я заўважыла сярод нашых Бел-Чырвона-Белых штандараў адзін сьцяг Расеі. Некалькі чалавек стаялі збоку, і прысутныя, якія слухалі выступоўцаў, іх, відаць, ня бачылі. Я падыйшла да гэтых людзей, спытала, ці ведаюць яны, зь якой нагоды тут сабралася грамада.

-- Да, конечно, мы русские, мы за вас. Не думайте, что все руские – это Кремль и путинское окружение. Мы хотим быть вместе с вами, потому что восхищаемся белорусами и пришли вам это сказать”, -- патлумачыла адна з рускай кампаніі.

-- А для чаго вы прыйшлі з імпэрскім сьцягам? – пытаюся.

-- Чтобы вы знали, што мы, русские, за вас.

-- Дык калі вы за нас – схавайце імпэрскі сьцяг, пад якім Расея гвалціць Грузію, Украіну, Беларусь, іншыя краіны, народы. Сёньня гэта імпэрскі сьцяг, пад ім агрэсія, пагроза Беларусі. Навошта вы яго дэманструеце? Станавіцеся пад наш рэвалюцыйны сьцяг.

-- А пошла ты ...

Тут я пачула ў адказ расейскую мову ва ўсёй вулічнай красе.

-- Вось таму вас і ня любяць, за варварства і бескультур'е. Такая ваша падтрымка непатрэбная, ідзіце, адкуль прышлі, -- адказала ім я.

Але яны не пайшлі, засталіся стаяць за намі, размахваючыся сваім імпэрскім сымвалам. А потым наша вядучая (яна ня чула гэтай гаворкі) нават дала спадарыні, што была зь імі мікрафон, і тая казала пра свой “восторг” беларусамі, пра сваё шкадаваньне, што 40 адсоткаў рускіх падтрымліваюць Лукашэнку. “Но мы с вами, путинская политика – это не весь русский народ” -- скончыла яна сваю пафасную прамову. Адзін з групы падыйшоў да мяне і папрасіў прабачэньня за свайго групніка.

-- Прабачэньне павінен быў прасіць той, хто брыдка сябе паводзіў. А так -- вы застаецеся разам з хамствам, і вашыя словы пра падтрымку няшчырыя. Вы да нас са сваім матам болей лепш не прыходзце, -- адказала я.

У 80-90-я гады, калі мы, беларусы, змагаліся супраць камунізму і за незалежнасьць, у Беларускім Народным Фронце было нямала і рускіх людзей. Але яны, як і мы, зьбіраліся пад нашым Сьцягам і Пагоняй (якія і тады былі пад камуністычнымі рэпрэсіямі), разносілі нашыя лістоўкі па кватэрах (тады не было Інтэрнэту), змагаліся за фронтаўскіх кандыдатаў у Вярхоўны Савет і ў мясцовыя саветы, ладзілі разам з намі мітынгі – былі з намі. Мы ім ня проста верылі. Яны былі нашыя, бо прынялі на сябе наш боль, і нават стараліся гаварыць па-беларуску. Яны казалі: «Мы жывем з вамі і бачым, што вы церпіце ад нашых суродзічаў, і мы – з вамі і за вас, і мы любім вашу-нашую Беларускую мову.»

І зараз я думаю, што калі б антынародная ўлада маёй радзімы (ня дай Божа) напала б на якую іншую краіну і пралівалася б кроў, моцна цярпелі б людзі, я б хадзіла з апушчанай галавой ад сораму, бо Беларусь – гэта я, і я адчуваю адказнасьць за сваю Айчыну (што, відаць, адсутнічае ў расейцаў). Якія тут былі б сьцягі!

А іхны імпэрскі сьцяг нам і так дастаткова намазоліў вочы. Хочаш нам выказаць салідарнасьць – станавіся разам з намі пад наш штандар, а не навязвай свой крывавы ў крыві народаў сьцяг.

Што тычыцца мовы. Калісьці студэнткай філфака я прачытала пераклад Аркадзя Куляшова паэмы Пушкіна “Цыганы”. Гэта было ашаламляльна для мяне, бо пераклад гучэў настолькі прыгожа і раскрываў сэнс драматычных падзеяў (у параўнаньні з пушкінскім варыянтам) магутна і глыбока.

Пад час працы ў Навукова-дасьледчым інстытуце педагогікі як спэцыяліст і дасьледчык рускай і беларускай моваў займалася праблемамі рускай і беларускай літаратураў, выдала кнігу “Дыдактычны матэрыял па рускай літаратуры для вучняў 8 класа” і некаторыя іншыя навуковыя працы. Давялося мне таксама параўнаць пераклады “Новай Зямлі” Якуба Коласа на польскую мову і на расейскую. Мушу сказаць: па-расейску нашы творы не гучаць. Па-польску – гучаць, а па-расейску – не. І тлумачыцца гэта тым, што рэсурсы рускай мовы слабейшыя за беларускую. Калі мы думаем, што гэта ня так, мы проста мала чыталі нашую класіку. Пачытайце, параўнайце – і вы пераканаецеся, што гэта праўда.

Зьнішчаючы нашу мову, расейскія акупанты, іхняя псэўданавука і прапаганда ўбівалі беларусам ў галаву (праз рускую школу, газэты, унівэрсітэты), што наша мова быццам бы ніжэйшая, горшая і некаторыя (ня ўсе, зразумела) – Відаць, паверылі. А вось пачытайце Купалу, Багдановіча, Коласа... Параўнайце, скажам, з Блокам, Маякоўскім, Лермантавым, Пушкіным – і вы ўбачыце імпэскія вушы гэтай паэзіі і нацяжкі расейскай прапагандысцкай навукі ў яе ацэнцы..

Некалькі год таму Сяржук Сокалаў-Воюш надрукаваў у альманаху “Беларус” свае пераклады папулярных рускіх песень (дзе “речка движется и не движется”). Ну, у Сяржука выглядае дакладна лепей за арыгінал, бо нашая мова дае вялікія магчымасьці паэту перадаць багацьце чалавечых думак і пачуцьцяў. Пацікаўцеся – па-беларуску гэта гучыць па-сапраўднаму выдатна.

Усё, што створана і гучыць на нашай Беларускай мове – гэта здабытак НАШАЙ Беларускай культуры, глыбокай, вялікай і найпрыгажэйшай.

Жыве Беларусь! Жыве нашая вялікая Беларуская Мова! Жыве вечна!

20 верасень 2020 г. Галіна Пазьняк