ПРАЯЎЛЕНЬНЕ ВАРОЖАСЬЦІ

Я атрымаў інфармацыю зь Вільні ад Старшыні Таварыства Беларускай Культуры. Вось што ён напісаў.

"На афіцыйным сьвяткаваньні чарговых угодкаў Бітвы пад Воршай 8 верасьня ў Вільні многія маглі заўважыць, што на сьвяце, за выключэньнем аздобленай сцэны, адсутнічалі Бел-Чырвона- Белыя сьцягі. У многіх узьнікае пытаньне, чаму? Бо беларусаў тут шмат, яны, звычайна, шануюць такія даты.

На жаль, гэтаму паспрыялі незразумелыя дзеяньні паліцыі.

Сьвяткаваньні распачаліся ганаровым шэсьцем аркестра літоўскай арміі ад Вострай Брамы да катэдральнага пляцу Вільні. Беларусы дамовіліся з арганізатарамі і прынялі рашэньне далучыцца да ганаровага шэсьця і прайсьціся пад Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі побач з аркестрам, каб засьведчыць аб беларускай гістарычнай перамозе ў гэтай бітве, і аб тым, што гэтая дата ганарова шауецца беларусамі.

Але падчас шэсьця, ужо на палове шляху, да беларусаў падыйшлі літоўскія паліцэйскія і пачалі выпіхваць, кажучы -- ідзіце са сваімі сьцягамі пад беларускую амбасаду і там дэманструйце, а тут вам ня месца. Прытым ніхто з афіцыйнай калёны гэтай выхадцы паліцыі не запярэчыў і не абурыўся.

Зразумела, прымаць удзел у далейшым сьвяткаваньні ня мела сэнсу. Беларусы завярнуліся і пакінулі афіцыйную калёну".

Як стала вядома, беларусы будуць зьвяртацца да афіцыйных уладаў і патрабаваць тлумачэньняў адносна грубых, непрыхільных паводзінаў віленскіх паліцыянтаў. Тут шмат абсурду. Нават у афіцыйным сьвяткаваньні ёсьць доля гэтага абсурду. У войску гетмана Астрожскага акрамя беларускіх харугваў і гуфаў удзельнічалі яшчэ польскія і швайцарскія жаўнеры. Продкаў цяперашніх летувісаў там не было.

9 верасень 2020. Зянон Пазьняк