ПАГРОМ БЕЛАРУСІ

Пачаўся заключны пагром Беларусі. Вар'ят помсьціць беларускаму народу. З гэтага ён пачынаў у 94-м, дарваўшыся да ўлады. Гэтым ён і заканчвае ў 2020-м.

Сотні тысячаў беларусаў, якія ў жніўні выйшлі з пратэстамі супраць фальшывых выбараў і супраць яго ўлады, Лукашэнка абазваў "хуліганамі", "адмарозкамі", "прастытуткамі", "наркаманамі" і загадаў ужыць сілу. Забілі 6 чалавек, сотні пакалечылі, рабілі дзікія, нечуваныя катаваньні, схапілі і замкнулі за краты больш сямі тысячаў беларусаў.

Рэжым не ўзбудзіў ніводнай крымінальнай справы па факту забойстваў, не вядзецца сьледзтва. Усё гэта сьведчыць пра рэжым акупацыі, які вядзе ваенныя дзеяньні супраць народа, дзе ня дзейнічаюць законы, акрамя патрэбаў вайны.

Лукашэнка, з прычыны сваёй псіхічнай хваробы і падлеткавага ўзроўню мэнтальнасьці, верыць у тое, пра што хлусіць і ў тое, што стварае яму яго збочанае ўяўленьне. Ён ходзіць з аўтаматам каля палацу ў поўнай баявой экіпіроўцы і не сумняваецца, што на вуліцы за плотам "урагі", якія хочуць яго забіць і разбурыць ягоны палац. Ён перакананы, што вясёлыя людзі за плотам, на вуліцах, праспэктах і плошчах -- арганізаваныя і праплочаныя зьнешнімі сіламі, краінамі НАТО, якія рыхтуюцца напасьці на Беларусь. (Псіхапаты, шызафрэнікі і параноікі непарушна вераць у свае хворыя фантазіі і трывогі.)

Лукашэнка перакідвае вялікія збройныя сілы з усходу Беларусі да заходняй мяжы (матэрызаваныя часткі, артылерыю, віцебскую паветрана-дысантную дывізію і інш.). Дыслакаваўшы войскі на захадзе Беларусі (каб адбіць удар НАТО), Лукашэнка ўводзіць стан поўнай баявой гатовасьці ва ўзброеных сілах (ён жа, не забывайма,

"галоўнакамандуючы").

Мы, Дэпутаты Незалежнасьці, добра ведаем псіхічныя паводзіны Лукашэнкі і прычыны гэтых паводзінаў. Ён сапраўды верыць, што сілы НАТО з захаду гатовыя напасьці на Беларусь і таму ўводзіць стан баявой гатовасьці.

Гэта небясьпечна для грамадзтва. Вар'ят думае, што ён ваюе. Ён уяўляе сябе на вайне. Маскоўская кантора ўплыву ў такім ягоным стане цалкам пануе над яго ўчынкамі. А як дзейнічае Масква, мы добра ведаем. Можна агучыць адзін шмат разоў паўтораны маскоўскі прыём.

Пасьля стану поўнай баявой гатовасьці, зразумела, Лукашэнку можа захацецца пастраляць. Тут усё залежыць ад Масквы. Калі Масква рашыцца скарыстаць вар'ята, то яна яго скарыстае. Адразу ж запрацуе руская прапаганда аб правакацыі НАТО супраць "братняй" Беларусі. І тут жа рускія войскі ўвойдуць у Беларусь дапамагаць "брацкаму" народу. У выніку будзе моцна заклапочаны Эўразьвяз, пачнецца доўгі пэрыяд перамоваў (якія будуць расьцягваць да бясконцасьці) аб спыненьні канфлікту. Але рускае войска ўжо будзе стаяць уздоўж Буга.

Адзінае, чаго можна было б пажадаць -- гэта каб ні з боку Польшчы, ні з боку Летувы не было адказу на правакацыі. Інакш руская прапаганда ўсё перакруціць.

Найбольш злавесныя разбурэньні з пагрому Беларусі, які пачаўся, -- гэта забойствы людзей на мірных дэманстрацыях пратэсту, катаваньні беларусаў і масавы хапун людзей. Наступнае -- разгром і ліквідацыя трупы легендарнага тэатра імя Янкі Купалы, аб'екта нумар 1 у беларускай нацыянальнай культуры. Наступнае -- пачатак зьнішчэньня каталіцкай канфэсіі ў Беларусі, пачатак ліквідацыі касьцёла Сымона і Алены ў Менску, перасьлед беларускіх ксяндзоў, забарона пераезду праз мяжу і вяртаньня з Польшчы ў Беларусь грамадзяніна краіны арцыбіскупа Кандрусевіча. Касьцёл у Беларусі – свой касьцёл, прыхільны народу Беларусі. Таму вар'ят, які паламаў крыжы ў Курапатах, прыступіў да зьнішчэньня Касьцёла. Наступнае пагромнае разбурэньне -- загад аб выгнаньні са школы настаўнікаў, якія не падтрымліваюць рэжымную ідэалогію ("належаць да іншага лагеру"), наступнае -- перасьлед грамадзкіх актывістаў па ўсёй Беларусі (нават крамы, дзе прадавалі беларускія майкі і сувеніры, ужо разгромлены АМОНам).

Магчымы разгром унівэрсітэтаў і цэлых галінаў эканомікі (ІТ, транзіт праз Летуву, выгнаньне інтэлектуалаў за мяжу і г. д.).

Факт, засьведчаны доўгай ганебнай практыкай, -- пагром нацыі, мовы і культуры -- працягвае і робіць адзін неадэкватны суб'ект -- Лукашэнка.

Назіраючы пачварнае дзікунства, паўстае пытаньне: што рабіць? Цяжкасьць пытаньня ў тым, што рабіць трэба хутка, амаль што неадкладна. Грамадзтва, якое патрабуе і пратэстуе, імкнецца зьмяніць абставіны.

Найлепшым варыянтам быў бы арышт і суд над злачынцам. Над гэтым варта было б задумацца ўсім, каб не застацца на абломках культуры.

Тым часам існуе агульная небясьпека, якая вынікае з пагрому краіны і стаіць над пагромам – гэта гатовасьць вар'ята здаць Беларусь пад Расею за магчымасьць застацца пры ўладзе і пры накрадзеных мільярдах. Крэмль імкнецца хутчэй пакарыстацца сітуацыяй, няўклюдна зьлівае нават свае крэатуры Бабарыку з Калесьнікавай, цісьне на правядзеньне канстытуцыйнай рэформы (з прыцэлам на легалізацыю аншлюсу) і т. п. Зразумела, што тут поўнае бясрпаўе і беззаконьне, але законнасьць цяпер для Крамля і Драздоў ня надта і патрэбная, бо рэалізуецца якраз сілавы сцэнар і бяспраўе. На фоне нацыянальнай рэвалюцыі супраць ўзурпацыі ўлады, здраднікі гатовыя спляжыць краіну. Арышт вар'ята да 14-га верасьня мог бы зьмяніць хаду здрады. Але й так ён падпіша сабе ў Маскве прыгавор.

2 верасень 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК