СТВАРАЮ — ТАДЫ ІСНУЮ
26 гадоў чуецца сіплы голас хамства, хлусьні і нянавісьці, нішчыцца ўсё беларускае, ахайваецца наша мова, наш сьцяг, нашыя ахвяры, палеглыя ў Курапатах, антычалавечая ўлада ламае крыжы на магілах генацыду, зьнішчана беларуская школа і адукацыя, здрада стала дзяржаўнай палітыкай. Там, дзе зьяўляецца беларуская ініцыятыва, яе тут жа ліквідуюць, замяняюць расейшчынай. Там, дзе зьяўляецца беларускі талент, яму зачыняюць дарогу. Там, дзе ўзьнікае беларуская справядлівасьць, -- яе ў турму.
Але шмат якія даверлівыя беларусы, як быццам не заўважалі, якім чынам адбываецца ўнутраная акупацыя краіны і вынішчэньне нацыянальнай супольнасьці.
Цяпер доўжацца мірныя пратэсты і дэманстрацыі. З боку рэжыма -- пацыфікацыя і людабойства. Лукашэнка трасе аўтаматам і пагражае "разабрацца" з народам. Інтэлігенцыя і творчыя асобы абураныя і ў знак пратэсту сталі масава звальняцца з творчай працы. Звольніўся калектыў радыё "Сталіца" начале з дырэктарам. Звольніліся журналісты беларускага тэлебачаньня. У год 100-гадовага юбілею звольнілася, практычна, уся трупа жамчужыны беларускай культуры -- акторы тэатра імя Янкі Купалы. Плынь творчага самагубства пашыраецца па краіне. Гэта жахліва. Антыбеларускі рэжым метадычна разбурае беларускія арганізацыі ва ўсіх галінах культуры. Ліквідаваны Дом Літаратара, пакрамсаны саюз пісьменьнікаў. Зачыненыя беларускія выдавецтвы, пагром акадэмічных інстытутаў, пагром беларускага друку, грамадзка-палітычных арганізацый, ліквідаваны Беларускі ліцэй імя Якуба Коласа, нават крамы, дзе беларускія майкі прадавалі разгромлены. Варвары ня ведалі як падступіцца да ліквідацыі нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы. Надта ж высокая велічыня. І вось ён... сам сябе зачыніў. Гэта жахліва. Бо кожны ведае, што «тэатр – гэта нацыя».
У дэмакратычнай сістэме бунт культуры, магчыма, меў бы значэньне для існаваньня ўлады. Пры антынацыянальным рэжыме і адсутнасьці дэмакратыі яно спрацоўвае якраз на карысьць рэжыму. Варвары ва ўладзе паціраюць рукі. Групу тэлебачаньня тут жа замянілі рускімі прапагандыстамі з Расеі. На радыё "Сталіца" неўзабаве прывязуць рускіх ашкамёткаў з Масквы. Яны будуць вяшчаць кожны дзень, што беларуская нацыя "не сушчэствует", што "беларускі язык" прыдумалі палякі, што такога "языка нет" і страны такой, как Беларусь, "тоже нет", і "народа нет".
У будынак тэатра Янкі Купалы ўжо ўвялі міліцыю і нікога не пускаюць. Неўзабаве сюды завязуць у поўным складзе трупу з Цьмутаракані і з сакральнай сцэны купалаўцаў зашыпіць цьмутараканьскі «язык» ды пакажуць у залю зады.
Творчыя людзі маюць зброю, якой баіцца ўся антынародная намэнклятура. Гэтая зброя -- іхны талент, мастацтва і ўменьне. Вось што можна калектыўна скарыстаць у барацьбе за праўду, культуру і справядлівасьць. Дэманстрацыя адмаўленьня ад творчай працы толькі на карысьць антыбеларускаму рэжыму. Тут яму ня трэба і нішчыць, самы ліквідаваліся. Варварам не патрэбна культура.
Мая пазыцыя зразумелая. Ва ўмовах антынацыянальнай палітыкі і несвабоды старацца тварыць і мастацтвам змагацца супраць цемры і вынішчэньня.
Гэтая мая пазыцыя падважваецца аргумэнтам, які ёсьць аксіёмай. Дзеля творчасьці мусіць быць свабода. А свабоды няма.
Гэта праўда. Свабоды няма і трэба мастацтвам ствараць ідэалы свабоды.
Калі ёсьць пляцоўка для творчасьці, то і пры цяжкіх умовах нешта можна рабіць для Айчыны і праўды. Калі ж месца няма і зброя выпала з рук -- тады цяжка. Тады месца вашае зоймуць ворагі чалавецтва і будуць вяшчаць сваю цемру, рагочучы з нашых пратэстаў.
Тым ня менш, прымаем тое, што ёсьць. Прымаем адчайны, ахвярны, мужны пратэст нашых творцаў, бо разумеем іхны парыў.
Мяркую, што беларусам у сьвеце трэба падтрымаць нашых таленавітых людзей. Добра было б, каб стварыўся фонд беларускай творчасьці. Культура і мастацтва пабудаваныя так, што вымагаюць падтрымкі людзей, дзяржавы і грамадзтва.
Недалёкі час, калі маскоўскі мур пад ударамі жыцьця абваліцца разам са сваімі сатрапамі -- і Беларусь адродзіцца.
28 жнівень 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК