25-Ы ЖНІВЕНЬ

Набліжаецца вялікае нацыянальнае сьвята -- Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

29 гадоў таму 25-га Жніўня 1991 года адбылася гістарычная падзея і палітычны цуд, які перавярнуў сьведамасьць беларусаў, вызначыў новае гістарычнае існаваньне Беларусі. Дэклярацыя аб суверэнітэце БССР была зацьверджана сэсіяй Вярхоўнага Савета ў якасьці Канстытуцыйнага закона і аб'яўлена Незалежнасьць Беларусі.

Цуд жа заключаўся ў тым, што генератарам і вырашальнай сілай гэтых гістарычных падзей былі дэпутаты фракцыі Беларускага Народнага Фронту (Апазыцыя БНФ), якія складалі значную меншасьць (10%) у камуністычным Вярхоўным Савеце, але пры падтрымцы іншых дэмакратычных дэпутатаў і тысячаў людзей за сьценамі парляманту здолелі пераламаць супраціў камуністаў, і парлямант аднагалосна прагаласаваў за незалежнасьць Беларусі.

А ў канцы дэпутаты Фронта і дэмакратычныя прыхільнікі БНФ здолелі яшчэ спыніць дзеяньне КПСС і камсамола ў Беларусі і зрабілі гэтую фантастычную палітычную перамогу галасамі большасьці самых камуністаў, якія здаліся перад абставінамі cвабоды.

Наша воля цудоўная. Наша незалежнасьць магутная. Шануйма нашу волю і незалежнасьць Беларусі. Шануйма 25-ы Жнівень 1991 года. Гэта вялікі Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

Наша гісторыя вялікая і багатая. 25-га Сакавіка 1918 года, пасьля больш чым ста гадоў расейска-царскай акупацыі, была аб'яўлена незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Новая беларуская нацыя, якая вырасла зь Вялікага Княства Літоўскага, аб'явіла аб сваёй незалежнай дзяржаве. Беларуская нацыянальная ідэя ажыцьцявілася. Потым была зноў акупацыя і страшная ноч маскоўскага камунізму, калі Беларусь страціла свабоду, тэрыторыю і гарады, і амаль два мільёны людзей, якіх забілі і замучылі акупанты.

І вось 25-ы Жнівень 1991 год -- Беларусь паўстала, уваскрэсла тады, калі ўжо ворагі яе амаль пахавалі.

Жыве Беларусь! Слава Айчыне!

25-га Жніўня -- нацыянальнае сьвята Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь трэба адзначыць на плошчах у Менску і ва ўсіх гарадах Беларусі. Хай гучыць зноў наша вялікая Беларуская Мова ў песьнях і клічах "Жыве Беларусь!"! Хай веецца наш сьвяты, паліты крывёй беларусаў, дзяржаўны Бела-Чырвона-Белы Сьцяг! Хай узносіцца старажытная наша Пагоня і гучыць наш гістарычны беларускі гімн БНР, зьмест якога ўвабраў нашу гісторыю і сёньняшні дзень.

Віншую ўсіх беларусаў з Днём Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь! 25 жніўня 2020 года аб 19.00 -- усе на плошчу Незалежнасьці.

Г І М Н

Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны свой прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор!
Дамо адпор!

Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух.
Вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух.

На бой! За шчасьце і за волю
Народу слаўнага свайго!
Браты, цярпелі мы даволі,
На бой — усе да аднаго!
Да аднаго!

Імя і сілу беларуса
Няхай пачуе й убачыць той,
Убачыць той,
Хто сьмее нам нясьці прымусы
І першы выкліча на бой.

Браты, да шчасьця мы падходзім:
Хай гром грыміць яшчэ мацней!
У крывавых муках мы народзім
Жыцьцё Рэспублікі сваей!

Вельмі актуальна гучыць цяпер наш гімн. Нібы пра сёньняшнія дні напісаны.

23 жнівень 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК