АДНАБОКАЯ ВАЙНА

Зьвярніце ўвагу, што адбываецца. На працягу трох дзён (9, 10, 11 жніўня) АМАП біў, зьбіваў, калечыў, страляў, закідваў гранатамі і забіваў мірных людзей, хапаў іх на вуліцах, каля крамаў, на лавачках ля пад'ездаў... Нахапалі і ўкінулі ў камэры 7 тысяч беларусаў. 5 чалавек забілі на сьмерць, дзясяткі прапалі бяз вестак. Перапоўненыя шпіталі і турмы.

Па сёньняшні дзень (19 жніўня) ворганамі рэжымнай пракуратуры і сьледзтва не ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы аб забойствах, калецтвах і зьбіцьці людзей АМАПам, аб неадэкватным і нематываваным ужываньні збройнай сімлы супраць мірных людзей.

Па сёньняшні дзень у турмах трымаюць больш за 5 тысячаў схопленых і не асуджаных судом людзей, супраць якіх ужываецца нечуваны гвалт, бесперапыннае пабіцьцё і катаваньні. Пры гэтым няма ніякіх дзеяньняў пракуратуры ў выглядзе надзору за пенітэнцыярнымі ўстановамі. Нуль рэакцыі. Такія зьверскія катаваньні якія чыняць "амоны" над схопленымі беларусамі ў лукашысцкіх турмах, чынілі над людзьмі толькі ворагі чалавецтва -- рускія бальшавікі.

У давяршэньне да ўсяго Лукашэнка выдае ўказ аб узнагародзе забойцаў АМАПу і ўнутраных войскаў за ўзорнае выкананьне службовай дзейнасьці. Усе яны былі яшчэ падтрыманыя матэрыяльна грашыма. Усе загады і ўсе патрабаваньні дзікунскіх паводзінаў зыходзіць ад адной асобы -- ад Лукашэнкі.

Пытаньне: што гэта такое ёсьць у Беларусі?

На гэтае пытаньне быў дадзены адказ яшчэ 25 гадоў таму. Гэта ўнутраная акупацыя краіны антыбеларускімі прамаскоўскімі сіламі пад зьнешнім уплывам Масквы, усталяваньне антынацыянальнага русіфікатарскага рэжыму ў інтарэсах чужой дзяржавы, рэжыму, які адносіцца да беларускага народа як да акупацыйнага насельніцтва ў час вайны.

А калі коратка: гэта ёсьць бесперапынная вайна супраць беларускай нацыі, спланаваная Масквой. Вайна псіхічна нездаровага, перапоўненага нянавісьцю забойцы, які апынуўся на вяршыні крымінальнай улады ў Рэспубліцы Беларусь. Аднабокая вайна.

19 жнівень 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК